Агееўка
Аге́еўка[1] (трансліт.: Ahiejeŭka, руск.: Агеевка) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Мастоцкага сельсавета. Размешчана за 14 км на поўнач ад Магілёва, 20 км ад чыгуначнай станцыі Лупалава на лініі Магілёў — Крычаў. Рэльеф раўнінны, на ўсход мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па шашы Санкт-Пецярбург — Адэса, якая праходзіць каля вёскі.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з пачатку 17 ст. У 1604 годзе сяло (48 двароў) у Брылёўскім войтаўстве Магілёўскага староства-эканоміі Аршанскага павета Віцебскага ваяводства, дзяржаўная ўласнасць, меўся млын. У 1635 годзе сяло Агееўшчына налічвала 60 двароў, у 1742 годзе — 20 двароў, мелася карчма.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1777 годзе сяло ў Магілёўскім павеце.
У 1847 годзе ў складзе маёнтка Палыкавічы, уласнасць памешчыка. У 1909 годзе ў Палыкавіцкай воласці Магілёўскага павета.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня адышла разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 20 жніўня 1924 года ў Мастоцкім сельсавеце Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года Магілёўскага раёна, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1931 годзе арганізаваны калгас імя Молатава. Дзейнічала пачатковая школа.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1990 годзе ў складзе калгаса імя Заслонава (цэнтр — в. Масток). Размяшчаліся вытворчая брыгада, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, працаваў фельчарска-акушэрскі пункт. У 2007 годзе працаваў фельчарска-акушэрскі пункт.
Планіроўка
Планіровачна складаецца з 2 прамалінейных вуліц, арыентаваных з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і злучаных на поўдні кароткай прамалінейнай вуліцай. Забудавана двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе:
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2007 — 32 гаспадаркі, 58 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
Літаратура
- Агееўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.