Бачэйкава
Бачэ́йкава[1] (трансліт.: Bačejkava, руск.: Бочейково) — аграгарадок, цэнтр Бачэйкаўскага сельсавета ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, на р. Ула. За 21 км на паўночны захад ад Бешанковіч, 75 км ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі, на скрыжаванні аўтадарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. Параз Бачэйкава праходзіць аўтамабільная дарога М3 (Мінск—Віцебск). Насельніцтва — 1817 чал. (2005).
Назва
Назва Бачэйкава, магчыма, паходзіць ад балцкага (літоўскага) антрапоніма Bakas або Bačeika (корань звязаны з літ. bakinti “тыкаць, тузаць” і памяншальны суфікс -eik-), як і назвы многіх паселішчаў паблізу, напрыклад, Бешанковічаў ад імя Bešys або Bešėnas, Люлюкоў ад Leliušаs, Тарантова ад Taranta (корань звязаны з літ. tarti «мовіць» і суфікс -nt-), колішніх Толміншчыны, Барэйчына і Рапшына ад Tolminas (двухасноўнае, tolі «далёка» і mintis «думка»), Bareika і Rapšys. Магчыма, да гэтай групы паселішчаў належаць Баяры (раней некалькі хутароў) і Ліцвякі.[2] З’яўленне такіх назваў можа быць звязана з наданнем зямель у гэтай мясцовасці баярам літоўскага паходжання. Паводле ж В. Жучкевіча, напрыклад, назва Бешанковічы паходзіць проста ад прозвішча Бешанковіч.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Згадваецца ў 1460 годзе як сяло, уласнасць князя Юшкі Ямантавіча, пазней належала яго пляменніку князю Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму (гл. Ямантавічы). Пасля смерці князя Сямёна, Бачэйкава разам з іншымі маёнткамі было прадметам судовых спрэчак паміж яго ўдавой Федкай і сястрой Юліяніяй. У 1542 годзе Юліянія адсудзіла Сямёнавы маёнткі, у т.л. Бачэйкава на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. У тыя часы маёнтак складаўся з “двара” ў Бачэйкаве, паселішча побач і воласці, куды ўваходзілі вёскі Плескунова, Стрыжава і іншыя. Пры падзеле ўладанняў паміж братамі, Бачэйкава дасталася Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэзскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану (пачынальніку шляхецкага роду Стрыжаўскіх). Частка Бачэйкава належала і А. Н. Цеханавецкаму, роднасныя адносіны якога з іншымі ўладальнікамі не высветленыя. Пасля смерці Рыгора Падбярэзскага (пасля 1585) Бачэйкава цалкам перайшло ва ўладанне А. Н. Цеханавецкага з сынам Станіславам і да пачатку 20 ст. заставалася ва ўласнасці Цеханавецкіх.
У час Лівонскай вайны (1563—1580) Бачэйкава было спустошана. У 1626 маёнтак складаўся з Бачэйкаўскага двара (умацаванага частаколам і ровам) і мястэчка пры ім (79 жыхароў мужчынскага полу), а таксама воласці з вёскамі Астраўляны, Высакагора (цяпер Высокая Гара), Жарнасекі (цяпер Жарнасекава), Забелле, Клешчыно. У 1626 годзе Станіслаў Цеханавецкі даў маёнтак у заставу (арэнду) князю Э. Кантакузену. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1654 годзе Бачэйкава спалена. У 1692 — 45 мяшчанскіх сем’яў і 13 прымакоў, да воласці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забелле-Баярскае, Клешчыно, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У 1769 годзе пабудаваны новы панскі дом і закладзены парк, у мястэчку жыло каля 50 мяшчанскіх сем’яў. У кан. 18 ст. дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, даховачны, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бачэйкава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці Лепельскага павета Полацкай, з 1802 Віцебскай губерні.
У 1852 да маёнтка Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданні Цеханавецкіх[3], належалі 136 душ мужчынскага полу і 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забелле, Клешчыно, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 у мястэчку было 250 жыхароў, 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны заводы, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год. Паводле перапісу 1897—722 жыхары.
Найноўшы час
15 сакавіка 1918 г. нямецкія войскі знаходзіліся за 6 вёрст ад Бачэйкава, але неўзабаве акупіравалі населены пункт. 25 сакавіка 1918 г. згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1923—1924 — цэнтр Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. У 1924 г. Бачэйкава вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавета. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі. З 1930-х — цэнтр калгаса «Бачэйкава».
Перад вайной у вёсцы жыло 432 чалавек у 92 дварах[4].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў кастрычніку 1943 года гітлераўцамі было спалена 87 дамоў[4].
У 1970—918 жыхароў, 238 двароў. У 1992—1164 жыхароў. У 2005—1817 жыхароў, 853 двары; камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазіны.
У 1988 годзе Бачэйкава наведаў Анджэй Цеханавецкі, нашчадак колішніх уладальнікаў, які цяпер жыве ў Лондане.
- Мястэчка на старых здымках
- Палац да разбудовы
- Палац па разбудове, 1908
- Палац, інтэр’ер
- Дамок лоўчага
- Парк, 1928
- Палац, 1928
- Палац, 1928
- Палац, 1934
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XVIII стагоддзе: 1626 — 79 муж.
- XIX стагоддзе: 1838 — 323 чал. (157 муж. і 166 жан.), з іх духоўнага саслоўя каталіцкага 1 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 2 жан., мяшчан-іўдзеяў 52 муж. і 53 жан., сялян зямянскіх 95 муж. і 110 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 4 муж. і 1 жан.[5]; 1852 — 156 муж.; 1886 — 250 чал.; 1897 — 722 чал.
- XX стагоддзе: 1970 — 918 чал.; 1992 — 1164 чал.[6]; 1995 — 1160 чал.[7]; 1999 — 1049 чал.
- XXI стагоддзе: 2005 — 1817 чал.; 2010 — 865 чал.
Інфраструктура
У Бачэйкаве працуюць сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка.
Славутасці
- Сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Бачэйкаўскі парк (1769) — помнік садова-паркавага мастацтва, адзіны у Беларусі парк французскага тыпу з сіметрычна-асявой планіроўкай. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000146шыфр 213Г000146
- Яўрэйскія могілкі
- Курганны могільнік-1 (2 насыпы), на агародзе зямельнага ўчастка па вул. Краўчэнкі, д.3 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000908шыфр 213В000908
-
Курганны могільнік-2 (2 насыпы), на паўднёвы захад ад курганнага могільніка-1, на правым беразе р. Ула, за 0,5 км на поўдзень ад моста, на вясковых могілках, якія размешчаны справа ад дарогі ў в. Клешчына — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000909шыфр 213В000909
- Дамок лоўчага
- Стайня
- Дом для працоўных
- Сажалка
- Флігель
Страчаная спадчына
- Палац Цеханавецкіх (XVIII ст.)
- Царква Праабражэння Гасподняга (1675)
Вядомыя асобы
- Станіслаў Аляксандр Цеханавецкі (1853—1918) — дыпламат.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Адкуль Бешанковічы // Svajksta.by, 25.07.2021
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 271.
- 1 2 Бочейково (руск.)
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
- ↑ Насевіч В. Бачэйкава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 336.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. С. 364.
Літаратура
- Адамаў У. Бачэйкаўскі сад і палац // Віцебшчына. Т. 1. — Мн.: 1925;
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 2. — Мн., 1996;
- Бочейково // Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 2. — С. 481.
- Гарбадзей, А. Паданне пра Бачэйкава / А. Гарбадзей // «Зара». — 1998. — 23 чэрв.
- Кавалеўскі, С. Таямніцы бачэйкаўскіх скарбаў: (з гісторыі населеных пунктаў Бешанковіцкага раёна) / С. Кавалеўскі // «Народнае слова». — 2010. — 26 кастр.
- Крачкоўскі, А. З мінулага Бачэйкава / А. Крачкоўскі // «Зара». — 1989. — 5 кастр.
- Талстая, В. Мая вёсачка / В. Талстая // «Зара». − 1998. — 18 жн.
- Усава, М. Над Улаю палац… / М. Усава // «Краязнаўчая газета». — 2004.- № 18 (май).
- Шпакоўская, Г. Бачэйкава: (пра вёску Бешанковіцкага раёна) / Г. Шпакоўская // «Народнае слова». — 2009. — 12 сак. — С. 10.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бачэйкава
- Бачэйкава на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.