wd wp Пошук:

Бешанковіцкі раён

Бешанко́віцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Бешанковічы.

Геаграфія

Бешанковіцкі раён знаходзіцца ў цэнтры Віцебскай вобласці. Мяжуе з Віцебскім, Шумілінскім, Ушацкім, Лепельскім, Чашніцкім і Сенненскім раёнамі.

Паўночная частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90 % паверхні ляжыць на вышыні да 150 метраў. Найвышэйшы пункт раёна 179,8 м знаходзіцца каля вёскі Пліса. Найбольш нізкі пункт (111,6 м) на паўночным захадзе, у даліне Заходняй Дзвіны.

Асноўныя рэкі: Заходняя Дзвіна і яе прытокі: Ула, Свячанка, Крывінка, Бярозка.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца 37[5] азёр агульнай плошчай каля 19,49 км². Сярод буйнейшых азёры Саро, Астроўна, Гародна, Белае, Бораўна, Гарнасвечча, Белае, Каранёва.

Гісторыя

Засяленне прасторы цяперашняй тэрыторыі Бешанковіцкага края пачалося ў старажытныя часы. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляюцца археалагічныя помнікі Прыдзвіння — стаянкі першабытнага чалавека каменнага веку, а таксама гарадзішчы, селішчы, курганы. У 2-й палавіне ІХ ст. тэрыторыя Віцебшчыны, а разам з ёй і Наддзвінне, увайшла ў склад Кіеўскай Русі. У Х ст. ўтварылася Полацкае княства, якое займала тэрыторыю сучасных Віцебскай, паўночнай часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей. Зручнае геаграфічнае становішча ў басейнах Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана садзейнічала развіццю самастойнай эканомікі і культуры Полацкай зямлі, устанаўленню яе шырокіх гандлёвых сувязей з шэрагам краін Захаду і Усходу і з Паўднёвай Руссю. Гэтаму ў многім спрыяла тое, што праз Полацкае княства, у тым ліку па тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, праходзіў водны шлях з «варагаў у грэкі», што спрыяла развіццю рамёстваў, гандлёвых сувязей.

У канцы XIII—XIV стст. пісьмовыя крыніцы ўпамінаюць афіцыйныя дагаворы паміж Рыгай, Полацкам і Віцебскам, пазней Улай і Бешанковічамі аб гандлі па Заходняй Дзвіне. Штогод на Наддзвінскіх прыстанях грузілі воск, мёд, пяньку, іншыя тавары. Зручнае геаграфічнае становішча садзейнічала росту і эканамічнаму развіццю наддзвінскіх паселішчаў, аднак прыродныя ўмовы: шмат лясоў азёр, балот, пераважнасць пясчаных глеб не спрыялі развіццю пашавага земляробства на бешанковіцкай зямлі. Таму гаспадарка тут мела больш прамысловы характар, была развіта эксплуатацыя лясоў: бортніцтва, паляванне, а таксама рыбалоўства і жывёлагадоўля. У пісьмовых крыніцах Бешанковічы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1447 г. (паводле А. П. Сапунова) або 1460 г. (паводле В. В. Турчыновіча).

З пачатку XIV ст. тэрыторыя раёна знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (з 1504 г. — у Полацкім ваяводстве), пасля Люблінскай уніі 1569 г. у складзе Рэчы Паспалітай. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) правабярэжная частка Бешанковіччыны была далучана да Расійскай імперыі, пасля другога падзелу (1793) — і левабярэжная (увайшла ў склад Лепельскага павета Полацкай, з 1802 г. — Віцебскай губерні).

Вялікае значэнне для эканамічнага развіцця Бешанковіч, Улы і іншых населеных пунктаў мела будаўніцтва ў 1797—1805 гг. і здача ў эксплуатацыю Бярэзінскай воднай сістэмы, каб транспартаваць лесаматэрыялы з Мінскай губерні ў Рыгу. На ўсю Віцебскую губерню Бешанковічы славіліся сваім Петрапаўлаўскім кірмашом, які ў ХVIII ст. з’яўляўся адным з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі.

У Айчынную вайну 1812 года каля вёсак Астроўна, Кукавячына, Дарагакупава адбыліся жорсткія баі рускіх войск з арміяй Напалеона. 11 ліпеня 1812 г. Бешанковічы былі заняты французскімі войскамі, якія размясцілі тут свой гарнізон. Некалькі дзён у Бешанковічах размяшчаўся штаб імператара.

У 1-й палавіне ХVIII ст. у Беларусі пачаліся працэсы распаду феадальна-прыгонніцкіх адносін. Павелічэнне паншчыны прывяло да рэзкага збяднення сялян. Нізкая агратэхніка была прычынай частых неўраджаяў, раслі нядоімкі сялян. Усё гэта выклікала шматлікія паўстанні, якія закранулі і Наддзвінне. Адным са значных сялянскіх выступленняў быў бунт у 1822 г. у мястэчку Бешанковічы, што належала графу Іахіму Храптовічу. Не вытрымаўшы прыгнёту з боку яго аканома і старасты, рамеснікі Бешанковіч і прылеглых вёсак падалі цару петыцыю, дзе скардзіліся на ўмовы жыцця і працы. Бунт местачкоўцаў з Бешанковіч, як і хваляванні сялян Наддзвінскага края супраць графа, быў задушаны. Але, нягледзячы на гэта, дружнае выступленне жыхароў Бешанковіч супраць панскага прыгнёту паказала сілу і згуртаванасць сялянства ў барацьбе за лепшую долю.

На момант скасавання Уніі (паводле звестак на 1837 г.) існаваў асобны грэка-каталіцкі Бешанковіцкі дэканат (адзін з пяцідзесяці) Беларускай епархіі ГКЦ у Лепельскім павеце Віцебскай губерні, у якім паводле рэканструкцыі даследчыка Уніі Марыяна Радвана было 11 парафій, 12 святароў і 10092 вернікі.

Апошнімі ўніяцкімі Бешанковіцкімі дэканамі былі а. Дзмітрый Яновіч (узрост невядомы) і а. Пій Перабіла (41 год). Перад самым скасаваннем Уніі ад а. Яновіча ўладам удалося выбіць распіску аб згодзе прыняць праваслаўе. Інфармацыі пра падобную пісьмовую згоду ад іншых 10 святароў дэканату няма — магчыма, такія распіскі ад іх выбіць так і не ўдалося. А манах-базыльянін а. Баніфаці Тарасевіч, 68 гадоў, адміністратар парафіі з Дабрыгораў, такую згоду не даў. Паводле падлікаў М. Радвана, нягледзячы на ўсе намаганні і запугванні епіскапа Іосіфа Сямашкі і обер-пракурора Скрыпіцына, толькі 18,6 % уніяцкага духавенства Беларускай епархіі выказала папярэднюю пісьмовую згоду на пераход у праваслаўе, а ў Віцебскай губерні — усяго 43 святары з 185.

Уніяцкія парафіі ў Бешанковіцкім дэканаце ў 1837 г. былі ў наступных мясцінах:

  1. Бешанковічы — Св. Іллі, 1644 вернікі, парафіі належыла 2 валокі і 6 моргаў зямлі, гадавы даход парафіі — 396 руб.

  2. Бешанковічы — Св. Пятра і Паўла, 1530 вернікаў, парафіі належыла 5 фундушовых душ, 1 валока і 9 моргаў зямлі, гадавы даход — 175 руб. Самы вядомы кірмаш у Бешанковічах быў менавіта Петрапаўлаўскі. Штогод на яго з’язджалася да 4-5 тыс. чалавек. На 1837 г. вядомы адміністратар адной з бешанковіцкіх парафій — а. Ян Лапа (Лапо/Lappo), меў 36 гадоў.

  3. Буй — Перамянення Гасподняга, 199 вернікаў, 1,25 валок зямлі, гадавы даход — 160 руб. Гэта была самая малая парафія дэканату, але з нядрэнным (адносна іншых) гадавым даходам. Адміністратар парафіі — а. Андрэй Гутаровіч, 38 меў гадоў.

  4. Дабрыгоры — Успення Прасвятой Багародзіцы, 1267 вернікаў, парафіі належыла 94 фундушовыя душы, 10 валок зямлі, гадавы даход — 858 руб. Гэта была ці не самая багатая парафія Бешанковіцкага дэканату. Адміністратар парафіі — а. Баніфаці Тарасевіч, OSBM, меў 68 гадоў.

  5. Казаноўка — Покрыва Прасвятой Багародзіцы, 1059 вернікаў, 5 фундушовых душ, 2 валокі і 6 моргаў зямлі, гадавы даход 175 руб. Была таксама філіяльная капліца ў Сяльцы. Парах парафіі — а. Якуб Галынец, 51 год.

  6. Стрыжава — Св. Мікалая, 969 вернікаў, 4 валокі зямлі, гадавы даход 186 руб. Адміністратар парафіі — а. Язэп Данілевіч, 36 гадоў.

  7. Шарыпін — Раства Прасвятой Багародзіцы, 410 вернікаў, 12 моргаў зямлі, 157 руб гадавога даходу. Адміністратар парафіі — а. Канстанцін Талоцкі, 38 гадоў.

  8. Свіцына — Св. Барыса і Глеба, 278 вернікаў, 2 валокі зямлі, 30 руб. гадавога даходу. Гэта была хіба самая бедная парафія дэканату. Парах парафіі быў а. Ян Тучкевіч, які меў 31 год.

  9. Вула — Перамянення Гасподняга, 1150 вернікаў, 3 валокі зямлі, 180 руб. гадавога даходу. Парах парафіі — а. Ельяшэвіч Рыгор, меў 50 гадоў.

  10. Вярхоўе — Святой Тройцы, 897 вернікаў, 10 фундшовых душ, 2 валокі і 16,5 моргаў зямлі, гадавы даход — невядомы. Была таксама філіяльная капліца ў Чаркасах. Адміністратар парафіі — а. Андрэй Нікановіч, меў 30 гадоў.

  11. Вяжышчы — Перамянення Гасподняга, 689 вернікаў, 2 валокі зямлі, усяго 40 руб. гадавога даходу. Закрыстыянін парафіі (свайго святара, магчыма, ужо не было ў парафіі) — Васіль Караткевіч, меў 37 гадоў.

Адразу пасля скасавання Уніі праваслаўнае духавенства намагалася былых уніятаў, якія пайшлі ў лацінскія касцёлы, вярнуць сабе і пісала адпаведныя скаргі. Паводле гэтых скаргаў у Бешанковічах праваслаўныя мелі 815 вернікаў. Удалося прымусіць вярнуцца ў праваслаўе 80 душ. Паводле звестак 1837 г. у двух уніяцкіх парафіях Бешанковічаў было разам 3174 вернікі. Выходзіць, праваслаўныя згубілі 2279 душ былых уніятаў.

У рэвалюцыю 1905—1907 гг. сялянскія выступленні на Бешанковіччыне набылі востры палітычны характар. Гэтаму садзейнічала агітацыя Віцебскай арганізацыі РСДРП (мела філіял у Бешанковічах), Полацкай арганізацыі РСДРП, Віцебскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда.

Бешанковіцкі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Бешанковічы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 13 сельсаветаў: Бачэйкаўскі, Бешанковіцкі, Бікложскі, Вярхоўскі, Ганкавіцкі, Каўлякоўскі, Макаравіцкі, Навікоўскі, Пажарышчанскі, Пяцігарскі, Свячанскі, Стрэлішчанскі, Чаркаскі. 12 кастрычніка 1929 года скасаваны Чэркаскі сельсавет. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 15 лютага 1931 года да раёна далучаны Астровенскі, Пліскі, Сініцкі сельсаветы скасаванага Віцебскага раёна; 8 ліпеня 1931 года — Ульскі і Хоцінскі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна, Бачэйкаўскі сельсавет перададзены Чашніцкаму раёну. 25 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Бачэйкаўскі і Сокараўскі сельсаветы Чашніцкага раёна і Усвейскі сельсавет Сіроцінскага раёна. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года мястэчкі Бешанковічы і Ула аднесены да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. 9 верасня 1946 года гарадскі пасёлак Ула, Сокараўскі, Ульскі, Усвейскі, Хоцінскі сельсаветы перададзены адноўленаму Ульскаму раёну. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Ганкавіцкі, Макаравіцкі, Пажарышчанскі, Пяцігарскі, Сініцкі і Стрэлішчанскі сельсаветы, утвораны Рубежскі і Соржыцкі сельсаветы. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Ула, Сокараўскі і Фролкавіцкі сельсаветы скасаванага Ульскага раёна. 16 верасня 1957 года скасаваны Фролкавіцкі сельсавет, 20 мая 1960 года — Навікоўскі і Соржыцкі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Чашнікі, Альшанскі, Вяжоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі, Чарэйскі сельсаветы скасаванага Чашніцкага раёна, Мікалаеўскі сельсавет скасаванага Шумілінскага раёна, Астровенскі і Пліскі сельсаветы перададзены ў склад Віцебскага раёна. 6 верасня 1963 года скасаваны Дварэцкі сельсавет. 6 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Чашнікі, Альшанскі, Вяжоўскі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Чашніцкага раёна. 12 лютага 1965 года да раёна далучаны Астровенскі і Пліскі сельсаветы Віцебскага раёна. 9 ліпеня 1965 года зноў утвораны Соржыцкі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года Мікалаеўскі сельсавет перададзены адноўленаму Шумілінскаму раёну. 7 жніўня 1979 года Бікложскі сельсавет перайменаваны ў Верхнякрывінскі, 13 студзеня 1984 года Бешанковіцкі сельсавет — у Драздоўскі. 18 ліпеня 1985 года Каўлякоўскі сельсавет перададзены ў склад Шумілінскага раёна. 20 кастрычніка 1995 года Бешанковіцкі раён і гарадскі пасёлак Бешанковічы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года Бешанковіцкі сельсавет утвораны зноў, гарадскі пасёлак Ула аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак), Ульскі пассавет рэарганізаваны ў Ульскі сельсавет, скасаваны Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі і Сокараўскі сельсаветы[6].

Насельніцтва

Насельніцтва — 24 700 (1996). У 2005 годзе ў раёне пражывала — 20 433 чалавекі, у 2006 годзе — 19 844 чалавекі, у тым ліку ў г. п. Бешанковічы — 7 733, у сельскай мясцовасці 12 111 чалавек. На тэрыторыі раёна налічвалася 243 сельскія населеныя пункты. У 2009-м годзе пражывала 18 265 чалавек. У 2011-м — 17 113, у тым ліку гарадскога 6 902, сельскага — 10 211.

На тэрыторыі раёна налічваецца 241 сельскі населены пункт. Найбуйнейшыя з іх — Астроўна, Бачэйкава, Ула.

Адміністрацыйны падзел

У склад раёна ўваходзяць г.п. Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў, раён падзяляецца на 10 сельсаветаў (1996): Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.

8 красавіка 2004 года былі скасаваны 5 сельсаветаў: Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Сокараўскі і Свячанскі; Ульскі пасялковы савет. Створаны Ульскі сельсавет. У 2012 годзе засталося 7 сельскіх саветаў: Ульскі, Астровенскі, Бачэйкаўскі, Бешанковіцкі, Соржыцкі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі.

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. http://beshenkovichi.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Озёра Бешенковичского района(руск.)
  6. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  7. http://www.warheroes.ru/hero/hero.asp?Hero_id=1047

Літаратура

  • Брэстнь, Г. Магдэбургскае права Бешанковіч / Г. Брэстнь // Зара (Бешанковічы). — 1999. — 23 сак.
  • Крачкоўскі, А. В. «…Біліся як ільвы» : да 190-годдзя бітвы ля Астроўна / А. В. Крачкоўскі. — Бешанковічы, 2002. — 47 с.
  • Крачкоўскі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. — Мн., 1990. — 80 с. : іл. — (Па родным краі).
  • Крачкоўскі, А. Соржыцкі бунт [у 1862 годзе] / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 8 чэрв.
  • Крачкоўскі, А. Фельдмаршал быў згодны з Меншыкавым… / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 20 ліп.
  • Крачкоўскі, А. Французы ў Бешанковічах / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). — 2007. — 20 ліп.
  • Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1991. — 423 с.
  • Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Roma-Lublin, Polski instytut kultury chrześcijavskiej, 2001. — 504 s.(польск.)
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бешанковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Віцебскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Чашніцкага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1963 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be