Беражна
Бе́ражна[1] (трансліт.: Bieražna, руск.: Бережно) — вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Мірскага сельсавета.
Гісторыя
У пісьмовых крыніцах згадваецца з першай чвэрці XVI стагоддзя. Паводле мясцовага падання, першым жыхаром Беражна быў рыбак. У першай палове XVI стагоддзя належала маршалку дворнаму Юрыю Іванавічу Ільінічу. Уваходзіла ў склад маёнтка Мір. Існавалі прыстань на Нёмане, склады («спіхлеры») для тавараў. Беражна размяшчалася на гандлёвым шляху Менск—Мір. У 1526 годзе згадваецца як адзін з пунктаў на шляху аўстрыйскага пасла Сігізмунда Герберштэйна ў Маскву. У XVII—XVIII стагоддзях у складзе Мірскага графства Новагародскага ваяводства. У 1647 годзе ў Беражна 24 двары.
У 1793 годзе, у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, у інкарпаравана склад Расійскай імперыі, вёска Навагрудскага павета Мінскай губерні. Жыхары вескі займаліся земляробствам, сплавам лесу, лавілі рыбу. Мелі вядомасць мясцовыя лоцманы. У час Першай сусветнай вайны вёска з 1915 да снежня 1918 гадоў акупіравана германскімі войскамі і ўваходзіла ў склад Обер-Оста, рэгіён Беласток-Гродна. У снежні 1918 года раён вёскі заняты часткамі РСЧА. З 1 студзеня да 27 лютага 1919 года вёска ўваходзіла ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. З 27 лютага да красавіка 1919 года ў складзе Літоўска-Беларускай ССР.
У красавіку 1919 года вёска занята польскімі войскамі. З ліпеня 1919 года да верасня 1920 года вёска зноў пад кантролем савецкай улады, але ў выніку польскага наступлення ў вёсцы ўстаноўлена польская ўлада. Вёска ўвайшла ў склад новаўтворанага Баранавіцкага павета Брэсцкай акругі Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх земляў (ГУУЗ). З 12 снежня 1920 да 1939 гадоў вёска ўваходзіла ў Стаўбцоўскі павет Упраўлення прыфрантавых і этапных тэрыторый, а з 4 лютага 1921 года ў Навагрудскім ваяводстве. У 1928 годзе тут адкрыта сельскагаспадарчая школа па падрыхтоўцы хатніх гаспадынь, якая валодала 29 га зямлі. Маёнтак у Беражна належаў палкоўніку Тамялоўскаму.
У верасні 1939 года, у выніку польскага паходу РСЧА, вёска перайшла да СССР і ўвайшла ў склад Баранавіцкай вобласці Беларускай ССР.
У час Вялікай Айчынай вайны ў чэрвені 1941 года акупіравана нямецкімі войскамі. Вызвалена ў ліпені 1944 года часцямі РСЧА ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 года.
У савецкі час і ў канцы XX стагоддзя ў вёсцы працавала пачатковая школа.
Насельніцтва
- 51 двор, 460 жыхароў (1886)
- 139 дамоў, 247 жыхароў (1991)
Славутасці
- Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
- Царква Маці Божай Казанскай — помнік архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя.
Вядомыя асобы
- Уладзімір Цвірка (1928—1992) — дзеяч беларускай эміграцыі.
- Віталь Ільіч Крамко (1941—2009) — Герой Беларусі.
- Іван Ігнатавіч Крамко (1931—2019) — беларускі мовазнавец.
Галерэя
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беражна
Літаратура
- Odlanicki-Poczobutt, St. Województwo nowogródzkie / St. Odlanicki-Poczobutt. — Wilno: Wileńska Izba Rolnicza, 1936. — IV, [2], 496, [1] s., 5 k. tabl., 1 mapa. — S. 123—126.
- Syrokomla, Wł. Niemen od źródeł do ujścia / Władysław Syrokomla. — Wilno: A. Ass, 1861. — [4], 172 s. — S. 29.
- Шаблюк, В. У. Беражна / В. У. Шаблюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 15.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Карэліцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.