wd wp Пошук:

Бортнікаўскі сельсавет

Бо́ртнікаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 года вёска) Вялікія Бортнікі.

Структура

Бортнікаўскі сельскі выканаўчы камітэт з’яўляецца выканаўчым і распарадчым органам на тэрыторыі Бортнікаўскага сельсавета і дзейнічае на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь ад 04 студзеня 2010 года № 108-3 «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», іншых заканадаўчых актах.

У сельскім выканкаме працуюць 4 чалавекі: старшыня, кіраўнік справамі, спецыяліст 1-й катэгорыі і тэхнічны работнік. Дэпутацкі корпус Бортнікаўскага сельскага Савета дэпутатаў — 15 чалавек, якія праводзяць дэпутацкую дзейнасць у сваіх выбарчых акругах.

Геаграфія

Тэрыторыя Бортнікаўскага сельскага савета заходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Бабруйскага раёна і займае плошчу 160,4 км², што складае каля 10 % ад агульнай плошчы раёна. Адлегласць ад аграгарадка Вялікія Бортнікі да Бабруйска складае 25 км, да чыгуначнай станцыі Цялуша на лініі Бабруйск — Жлобін — 12 км. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца значныя населеныя пункты — аграгарадкі Міхалёва 1, Іванаўка, вёска Малыя Бортнікі.

Праз землі сельсавета праходзяць аўтамабільныя дарогі:

У цэнтры аграгарадка Міхалёва-1

Ландшафт мясцовасці ўзгорыста-хвалісты, у паўднёва-заходняй частцы хвалісты з нязначнымі шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Аршанскі артэзіянскі басейн. Рака Ала (левы прыток ракі Бярэзіны, басейн Дняпра) падзяляе тэрыторыю на 2 няроўныя часткі. На ўчастку прыкладна ў 15 км у межах тэрыторыі сельсавета рака каналізавана. Шматлікія дробныя рэчкі і ручаі каналізаваны (былыя рэчкі Рынейка, Такарня, Баршчоўка і іншыя).

Гісторыя

Гісторыя мясцовага самакіравання пачынаецца ў 60-ыя гады XIX стагоддзя. Пасля сялянскай рэформы 1861 года ў Бабруйскім павеце створана Бортнікаўская воласць. У склад валаснога сходу ўваходзілі сельскія і валасныя службовыя асобы, а таксама так званыя «дзясяцідворнікі» — выбраныя ад кожных дзесяці двароў. Валасны сход выбіраў валаснога старшыню, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (абˈяўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).

Валасное кіраўніцтва засядала ў спецыяльным будынку — валасной управе. Яна адрознівалася ад звычайнай хаты большымі памерамі, шырокім ганкам, высокай страхой, вялікімі вокнамі, мела шырокі двор, на якім стаялі брычкі і павозкі, а ўнутры быў доўгі калідор з пакоямі на два бакі — кабінетамі чыноўнікаў.

У 1877 годзе ў склад Бортнікаўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні ўваходзілі 6 сельскіх абшчын — 26 вёсак, 2383 сялян. У розныя гады старшынямі воласці былі Павел Мазуронак, Іван Манько, Сцяпан Манько, Рыгор Каралёў.

З 1918 года ў Бортніках працаваў валасны рэвалюцыйны камітэт. З 29.08.1919 года да 10.08.1920 года ў Гомельскай губерні. Бортнікаўскі сельсавет утвораны 21 жніўня 1925 года ў складзе Бабруйскага 1-га раёна Бабруйскай акругі БССР. З 4 жніўня 1927 года ў складзе Бабруйскага раёна Бабруйскай акругі БССР. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Магілёўскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Міхалёўскага сельсавета[1].

Склад

На тэрыторыі Бортнікаўскага сельсавета знаходзяцца 25 населеных пунктаў, 1277 дамашніх гаспадарак. Колькасць насельніцтва складае 2847 чалавек.

Спіс населеных пунктаў Бортнікаўскага сельсавета (у дужках пазначана колькасць жыхароў станам на 2014 год)

Спіс былых населеных пунктаў

  • Азёрышча (далучана да Вялікіх Бортнікаў)
  • Баранка (не існуе)
  • Баршчова (не існуе)
  • Будзішча (не існуе)
  • Зялёны Гай (не існуе)
  • Кальцо (не існуе)
  • Культура (далучаны да Іванаўкі)
  • Курыны Стан (не існуе)
  • Кухенька (далучана да Бірчы)
  • Лёдкаўка (не існуе)
  • Моклішча (не існуе)
  • Найледбін (далучаны да Іванаўкі)
  • Селянін (далучаны да Іванаўкі)
  • Сеяны Хвойнік (не існуе)
  • Юрздыка, ён жа Новы Гарадок (далучана да Міхалёва 1)
  • 10-ы Акцябр (далучаны да Іванаўкі)

Насельніцтва

Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 2954 чалавекі[2], з іх 95,1 % — беларусы, 3,6 % — рускія, 0,8 % — украінцы[3].

Сацыяльна-гаспадарчая сфера

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць СВК «Гігант» (цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Вялікія Бортнікі), СВК “Калгас імя Дзяржынскага (цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Міхалёва 1), фермерскія гаспадаркі «Міхалёва», «Белая Русь», «Малочная даліна».

Установы адукацыі

  • Міхалёўскі УПК дзіцячы сад-сярэдняя школа
  • Бортнікаўскі дзіцячы сад
  • Бортнікаўская сярэдняя школа
  • Сацыяльны педагагічны цэнтр Бабруйскага раёна

Установы аховы здароўя

  • Бортнікаўская амбулаторыя урача агульнай практыкі
  • Міхалёўская участковая бальніца
  • Іванаўскі фельчарска-акушэрскі пункт

Установы культуры

  • Бортнікаўскі СДК
  • Міхалёўскі СДК
  • Іванаўскі СДК
  • Бібліятэкі у аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка, вёсцы Малыя Бортнікі

На тэрыторыі сельсавета таксама знаходзяцца:

  • Аддзяленні паштовай сувязі «Вялікія Бортнікі», «Міхалёва», «Іванаўка»
  • Аддзяленні АСБ «Беларусбанк» № 5 у Вялікіх Бортніках, № 16 ў Міхалёве 1
  • Комплексна-прыёмныя пункты бытавога абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка
  • Магазіны ў аграгарадках Вялікія Бортнікі, Міхалёва 1, Іванаўка, у вёсках Малыя Бортнікі, Бірча, пасёлку Барак.

Зноскі

  1. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Могилевской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  2. Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2009 года
  3. Этнічны склад насельніцтва сельсаветаў Беларусі паводле перапісу 2009 года

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бабруйскага 1-га раёна Катэгорыя·Сельсаветы Бабруйскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1925 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be