wd wp Пошук:

Брылі (Магілёўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Брылі. Брылі́[1] (трансліт.: Bryli, руск.: Брыли) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Кадзінскага сельсавета. Размешчана за 10 км на ўсход ад Магілёва і чыгуначнай станцыі Лупалава на лініі МагілёўКрычаў, за 2 км ад аўтамабільнай дарогі Р96[2]. Рэльеф раўнінны. На поўдні цячэ р. Рудзея (прыток р. Раста). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Каменка і далей па шашы Санкт-ПецярбургАдэса.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з XVI ст. У 1560 годзе сяло (45 дымоў) у Магілёўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць. У 1580 годзе аддадзена ў пажыццёвае валоданне памешчыку. У 1592 годзе цэнтр войтаўства Магілёўскай воласці Аршанскага павета. У 1635 годзе 48 двароў, меўся млын.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе ў складзе маёнтка Любуж Магілёўскага павета, уласнасць памешчыка, які меў у 1866 годзе ў вёсках Брылі і Любуж 2765 дзес. зямлі, 2 млыны, заезны дом. Частка вяскоўцаў займалася сталярным промыслам. Паводле перапісу 1897 года сяло (школа граматы, піцейны дом) і фальварак у Палыкавіцкай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні. У 1909 годзе працавала школа (народнае вучылішча), на хутары дзейнічала смалакурня. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа І-й ступені.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Магілёўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1926 годзе хутары і вёска.

У верасні 1928 года ў былой памешчыцкай сядзібе 7 беднякоў заснавалі калектыўную гаспадарку. Дзяржава выдзеліла ім у крэдыт 300 пудоў жыта. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Змагар». У пачатку 1930-х гадоў 4-гадовая школа ператворана ў 7-гадовую, у якой у 1936 годзе было 273 вучні з вёсак Старыя Брылі, Качурына, Каменка і хутара Мілееўка.

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баях за вызваленне вёскі загінулі больш за 30 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле каля будынка школы. У памяць аб земляках, што загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе, у 1976 годзе пастаўлена стэла. У 1990 годзе цэнтр калгаса імя Ільіча. У вёсцы размяшчаліся цэх механізацыі, рамонтныя майстэрні, сталовая, фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, працавалі магазін, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, стацыянарная кінаўстаноўка, бібліятэка, 8-гадовая школа, дзіцячыя яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт.

З 9 снежня 1975 па 23 снежня 2009[3] года цэнтр Брылеўскага сельсавета.

У 2007 годзе цэнтр дапаможнай гаспадаркі Магілёўскага лясгаса. Дзейнічалі комплекс дзіцячы сад-пачатковая школа, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт.

Планіроўка

Праект планіроўкі і забудовы вёскі распрацаваны Магілёўскім філіялам інстытута «Белкалгаспраект». Планіровачна складаецца з 4 прамалінейных вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, злучаных завулкамі. На поўнач асобна праходзіць кароткая прамалінейная вуліца шыротнай арыентацыі. Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскія будынкі размешчаны на плошчы ў цэнтры вёскі. На поўдні і поўначы — гаспадарчы сектар. Праектаванне і забудова вёскі адзначана 13 снежня 1982 года Дыпломам III ступені ВДНГ СССР.

Насельніцтва

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  2. Республика Беларусь. Могилёвская область. Могилёвский район: карта. Могилёв: план города / Ред. Г. Г. Науменко, Г. А. Мациевская. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — 5 000 экз.
  3. «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16 (руск.)
  4. БелЭн, 1996

Літаратура

  • Брылі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / У. Д. Будзько і інш. — Мн.: БелЭн, 2009. — 591 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 275. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.
  • Республика Беларусь. Могилёвская область. Могилёвский район: карта. Могилёв: план города / Ред. Г. Г. Науменко, Г. А. Мациевская. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — 5 000 экз. (руск.)
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 19. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)
  • Ліст карты N-36-74. Выданне 1982 г. Стан мясцовасці на 1974 г. (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be