Варонічы (Полацкі раён)
У гэтага тапоніма ёсць і іншыя значэнні, гл. Варонічы.
Варо́нічы[1] (трансліт.: Varoničy, руск.: Вороничи) — вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Ушача. Адміністрацыйны цэнтр Вароніцкага сельсавета. Насельніцтва 543 чал. (1992). Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы захад ад Полацка, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына, каля возера Варонічы (Варонеч).
Варонеч — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Варонеч (сяло «Вороноч») датуецца 1552 годам. У гэты час тут было 48 дымоў сялян-дольнікаў, 2 путныя баярыны і 4 агароднікі. Большая частка сяла знаходзілася ва ўладанні царквы, рэшта належала полацкім мяшчанам, якія са свайго маёнтка выстаўлялі ў войска Вялікага Княства Літоўскага аднаго ўзброенага конніка.
У Інфлянцкую вайну (1558—1583), па захопе ў 1563 Полацку маскоўскімі войскамі Івана Грознага, Варонеч зрабіўся адным з фарпостаў абароны Літвы. Паселішча ўключылі ў склад дзяржаўных уладанняў, а ў 1566 полацкі гараднічы Ф. Жук распачаў тут будаванне замка. У 1579, па выгнанні захопнікаў з Полацкага ваяводства, Варонеч вярнулі царкве. Будаванне замка, значнае павелічэнне колькасці жыхароў спрыялі пераўтварэнню сяла ў мястэчка. Станам на 1601 г. у ім было 37 дымоў, царква Раства Багародзіцы, каля ракі Ушача, на гары стаяў замак.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Варонец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Лепельскага павета Віцебскай губерні. У XIX ст. у мястэчку існавалі пачатковая школа, бальніца, царква, касцёл. У пач. XX ст. — 57 двароў.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Варонічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 г. Варонічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1941 г. тут было 170 двароў, на 1970 — 163, на 1992 — 243.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1838 — 98 чал. (47 муж. і 51 жан.), з іх мяшчан-іўдзеяў 15 муж. і 11 жан., сялян памешчыцкіх 30 муж. і 40 жан., аднадворцаў 2 муж.[2]; 1838 — 134 чал.[3]
- XX стагоддзе: 1901 — 300 чал.; 1970 — 511 чал.; 1992 — 543 чал.[4]
Інфраструктура
У Варонічах працуюць сярэдняя школа, бальніца, клуб, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Замчышча
- Могілкі яўрэйскія
- Брацкая магіла (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000651шыфр 213Д000651
Страчаная спадчына
- Капліца (1880; каталіцкая)
- Касцёл (XVIII ст.)
- Сінагога
- Сядзіба Лісоўскіх (XVIII ст.)
- Царква Нараджэння Божай Маці (XVI ст.)
- Царква Святога Георгія (1863)
- Вітаўтавыя Талеркі — камень з шасцю адшліфаванымі паглыбленнямі, які яшчэ у канцы XIX ст. ляжаў каля вёскі[5].
- Вітаўтавы Відэльцы — камень з двума паглыбленнямі, якія формай нагадвалі відэльцы. размяшчаўся на беразе р. Ушачы. Паводле падання, на іх абедаў князь Вітаўт[5].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 415.
- ↑ Woroniecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 953.
- ↑ М. Спірыдонаў, М. Фамін. Варонічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 223.
- 1 2 Заикоўскі Эдвард. Беларусы ведалі сваіх — герояў // Спадчына № 2-1995. С. 193—200.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Woroniecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 953.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Варонічы (Полацкі раён)
- Варонічы (Полацкі раён) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Полацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.