wd wp Пошук:

Полацкі раён

По́лацкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 г., у сучасных межах з 1960 г. Падзелены на 17 сельскіх саветаў. Размешчаны ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Расонскім, Верхнядзвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Шумілінскім і Гарадоцкім раёнамі, а таксама з Невельскім раёнам Расійскай Федэрацыі.

Прырода

Геаграфія

Раён размешчаны ў Полацкай нізіне. Паверхня раёна пераважна плоская, ускладняецца марэннымі ўзгоркамі, рачнымі далінамі, камамі, азёрнымі катлавінамі, радзей озамі. 70 % тэрыторыі на вышыні ніжэй за 150 м над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт 180 м (за 2 км на поўдзень ад Ветрына), найбольш нізкі пункт 105 м (урэз Заходняй Дзвіны на захад). Глыбіня расчлянення рэльефу на ўзгорыста-азёрных участках да 20 м/км².

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночнай ускраіны Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і паўднёва-ўсходняй ускраіны Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага, у ледавіковых лагчынах — бярэзінскага і беларускіх зледзяненняў магутнасцю ад 30—50 м на водападзелах да 163 м у ледавіковых лагчынах; ніжэй дэвонскія да 300 м, на захадзе ардовікскія да 10—20 м і кембрыйскія да 50 м, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд) да 300—350 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 600—800 м ніжэй узроўню мора.

Глебы раёна адносяцца да Полацкага (большая частка), Сенненска-Расонска-Гарадоцкага (на паўночным усходзе) і часткова Шаркоўшчынска-Верхнядзвінскага (на паўднёвым захадзе) аграглебавых раёнаў. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя, а таксама тарфяна-балотныя. Вядомы шматлікія радовішчы торфу, таксама радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу, глін і суглінкаў, будаўнічых пяскоў.

Лясы займаюць 53 % тэрыторыі раёна.

Налічваецца 311 азёраў, агульная плошча якіх складае 106 кв.км. Азёры:

і іншыя.

Асноўная рака — Заходняя Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Ушача, Нача, Сосніца, Тураўлянка і інш. Усяго — 21 рака.

Заказнікі

На тэрыторыі Полацкага раёна знаходзяцца 4 дзяржаўныя заказнікі, якія займаюць 4,5 % ад агульнай плошчы лясоў. Заказнікі ўключаюць участкі прыродных ландшафтаў, прызначаныя для захавання і ўзнаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды ў спалучэнні з абмежаваным гаспадарча-рэкрэацыйным выкарастаннем іншых аб’ектаў.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца 4 геалагічныя заказнікі мясцовага значэння:

У 2015 годзе ў Полацкім раёне створаны 2 водна-балотныя заказнікі мясцовага значэння «Патокі» і «Шапавальскі мох»[6].

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — горад Полацк. 20 жніўня 1925 года падзелены на 15 сельсаветаў: Баярскі, Бельскі, Булаўкаўскі, Грамоўскі, Домнікаўскі, Махіроўскі, Салоніцкі, Семянецкі, Сосніцкі, Струнскі, Сястронкаўскі (Сестранецкі), Тураўлянскі, Шацілаўскі, Экіманскі, Юравіцкі. 21 кастрычніка 1924 года Струнскі сельсавет перайменаваны ў Верхачэнскі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Алёсаўскі, Арлейскі, Васільеўскі (Васілеўскі), Дрэтунскі, Маласітнянскі сельсаветы скасаванага Краснапольскага раёна. У 1927 годзе Дрэтунскі сельсавет скасаваны. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Замшанскі і Кушлікаўскі сельсаветы скасаванага Боркавіцкага раёна і 12 сельсаветаў скасаванага Ветрынскага раёна: Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Варонецкі, Ветрынскі, Гарадоцкі, Гомельскі, Заскарскі, Ліцвінаўскі, Наўліцкі, Нацкі, Руднянскі, Шпакоўшчынскі. 12 лютага 1935 года Астроўшчынскі, Бабыніцкі, Варонецкі, Ветрынскі, Гарадоцкі, Гомельскі, Заскарскі, Ліцвінаўскі, Наўліцкі, Нацкі, Руднянскі, Семянецкі, Тураўлянскі, Шпакоўшчынскі сельсаветы перададзены адноўленаму Ветрынскаму раёну. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — у складзе Полацкай вобласці. 17 лістапада 1948 года скасаваны Васільеўскі сельсавет. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Алёсаўскі, Баярскі, Булаўкаўскі, Верхачэнскі, Грамоўскі, Замшанскі, Кушлікаўскі, Сосніцкі, Шацілаўскі і Юравіцкі сельсаветы, Салоніцкі сельсавет перайменаваны ў Тросніцкі, утвораны Адамоўскі, Гаранскі, Захарніцкі і Палатоўскі сельсавет. 22 кастрычніка 1959 года на тэрыторыі будаўніцтва Полацкага нафтаперапрацоўчага завода ўтвораны рабочы пасёлак Полацкі ў адміністрацыйным падпарадкаванні Полацкага гарсавета. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Астроўшчынскі, Гомельскі, Завозерскі, Заскорскі, Літвінаўскі, Нацкі, Тураўлянскі, Шпакоўшчынскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Ветрына скасаванага Ветрынскага раёна. 20 мая 1960 года скасаваны Домнікаўскі, Заскарскі, Захарніцкі, Тураўлянскі сельсаветы, Ліцвінаўскі сельсавет перайменаваны ў Фарынаўскі, Тросніцкі сельсавет — у Грамоўскі. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Расоны, Гарбачэўскі, Дудчынскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі і Чырванаборскі сельсаветы скасаванага Расонскага раёна; Бабыніцкі і Вароніцкі сельсаветы скасаванага Ушацкага раёна; частка Лоўжанскага, Казьянскі, Клётчынскі, Мішневіцкі і Обальскі сельсаветы скасаванага Шумілінскага раёна. 18 сакавіка 1963 года Мішневіцкі сельсавет перададзены ў склад Гарадоцкага раёна, скасаваны Казьянскі сельсавет. 14 снежня 1963 года рабочы пасёлак Полацкі рэарганізаваны ў горад Наваполацк абласнога падпарадкавання. 17 ліпеня 1964 года скасаваны Дудчынскі сельсавет, утвораны Юравіцкі сельсавет. 6 студзеня 1965 года Гарбачэўскі, Заборскі, Парэцкі, Сяляўшчынскі, Тродавіцкі, Чырванаборскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Расоны перададзены адноўленаму Расонскаму раёну. 30 ліпеня 1966 года Клётчынскі, Лоўжанскі і Обальскі сельсаветы перададзены адноўленаму Шумілінскаму раёну. 7 чэрвеня 1968 года Грамоўскі сельсавет перайменаваны ў Салоніцкі, Махіроўскі — у Баравухскі, Арлейскі — у Трудаўскі, Сястронкаўскі — у Зялёнкаўскі, Фарынаўскі — у Руднянскі. 14 ліпеня 1975 года Бельскі сельсавет перайменаваны ў Азінскі, 16 кастрычніка 1989 года Руднянскі сельсавет — у Фарынаўскі. 15 чэрвеня 2000 года ўтвораны гарадскі пасёлак Баравуха. 8 красавіка 2004 года Ветрынскі пассавет рэарганізаваны ў Ветрынскі сельсавет, скасаваны Нацкі, Трудаўскі і Шпакоўшчынскі сельсаветы[7]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Адамоўскі, Завозерскі і Юравіцкі сельсаветы[8].

Насельніцтва

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 405 населеных пунктаў (2007).

Колькасць насельніцтва раёна (без уліку Полацка і Наваполацка):

  • 1998 — 33,8 тыс. чал.
  • 2003 — 30 тыс. чал.
  • 2006 — 28,6 тыс. чал.
  • 2008 — 27,2 тыс. чал.

Транспарт

Праз раён праходзяць чыгункі Невель—Полацк—Маладзечна і Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс. Аўтадарогамі раён звязаны з гарадамі Віцебск, Рыга, Лепель, Глыбокае, Мёры, Верхнядзвінск, а таксама гарадскімі пасёлкамі Асвея і Расоны.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Асноўны артыкул: Адукацыя ў Полацкім раёне Сістэма дашкольных устаноў раёна налічвае: 29 ясляў-садоў, 9 дзіцячых садоў, 1 цэнтр развіцця дзіцяці, 13 дзіцячых садоў-школ. У тым ліку: групы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату, група для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, санаторныя групы, спецыяльныя групы для дзяцей з парушэннямі зроку, інтэграваныя групы, кругласутачныя групы, вучэбна-педагагічныя комплексы.

У раёне 30 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 2 гімназіі, кадэцкае вучылішча, 9 сярэдніх школ, 5 базавых школ, 13 вучэбна-педагагічных комплексаў, школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Полацкага раёна на 1 верасня 2018 года навучаецца 10205 вучняў, у тым ліку 1054 навучэнцаў — у гімназіях, 224 навучэнцаў — у кадэцкім вучылішчы[9].

Ахова здароўя

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Полацкая цэнтральная гарадская бальніца»[10].

Вядомыя асобы

Старшыні райвыканкама

Гл. таксама

Зноскі

  1. http://polotsk.vitebsk-region.gov.by/index.php/ru/icons/menu-rik
  2. 1 2 Перепись населения - 2009
  3. Cтатистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2014 года и среднегодовая численность населения за 2013 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  4. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Патокі, водна-балотны заказнік.
  7. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  8. Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 17 ліпеня 2021.
  9. Асвета.
  10. Медыцына
  11. Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні

Літаратура

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Полацкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Полацкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ветрынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дрэтунскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Краснапольскага раёна (Полацкая акруга) Катэгорыя·Былыя сельсаветы Полацкага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1948 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1989 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1964 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1968 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Полацкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be