Верхнядзвінскі раён
Верхнядзві́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Верхнядзвінск. Падзелены на 9 сельскіх саветаў.
Мяжуе з Мёрскім, Полацкім і Расонскім раёнамі Віцебскай вобласці Беларусі, а таксама з Себежскім раёнам Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Зілупскім, Дагдскім і Краслаўскім краямі Латвійскай Рэспублікі. У якасці натуральнай мяжы з Мёрскім раёнам выступае Заходняя Дзвіна.
Геаграфія
Тэктанічна раён цалкам адносіцца да Латвійскай седлавіны. Пад антрапагенавымі адкладамі на глыбіні больш за 50 м залягаюць 300 метровыя тоўшчы верхняга дэвону — стракатакаляровыя гліны, пясчана-алеўралітавыя і сульфатныя пароды, мергелі і даламіты. Даламітызаваныя вапнякі выходзяць на паверхню ў сярэднім цячэнні ракі Сар’янкі, ля былой вёскі Камоты. Тут яны ўтвараюць парогі ў рэчышчы, а па берагах захаваліся рэшткі земляных печаў для выпальвання вапны. Дэвонскія адклады пакрытыя ледавіковымі і водна-ледавіковымі пародамі. У канцавых марэн на Асвейшчыне і Латвійскім памежжы яны складзены з гліністых і суглінкавых грунтаў, на большай частцы тэрыторыі — з азёрных сярэдніх і цяжкіх суглінкаў.
Ледавік адышоў з Дрысеншчыны 10 тысяч гадоў таму, пакінуўшы свае знакі ў рэльефе. Большую частку раёна займае Полацкая нізіна, перасечаная далінамі шматлікіх рэк. На захадзе і паўночным захадзе, на мяжы з Латвіяй узняліся ўскраіны Латгальскага ўзвышша, засеяныя валунамі. На Асвейскай градзе каля вёскі Гарадзілавічы, вышэйшы пункт раёна — гара Гарадзілаўская (191,8 м над узроўнем мора). Паўночна-ўсходні кут заняты пяскамі дзюннага тыпу, пакрытымі лясамі.
Амаль уся тэрыторыя раёна ляжыць у басейне Дзвіны, толькі на крайняй поўначы вада сцякае праз раку Сінюху ў раку Вялікую. Водападзел, які праходзіць па Асвейскім балоце, настолькі плоскі, што калі балота набрыняе вадой, яна сцякае па канале, што злучыў Сінюху з воз. Асвейскім, адразу ў два бакі — і ў раку, і ў возера. Рака Заходняя Дзвіна з’яўляецца прыроднай мяжой паміж Верхнядзвінскім і Мёрскім раёнамі на працягу 65 км. Асноўныя яе прытокі: Дрыса, Сар’янка, Вужыца, Свольна (прыток Дрысы). Іншыя рэкі: Балгач, Горнаўка. Раён налічвае 25 азёр, найбуйнешыя з іх: Асвейскае — 43,8 км², Лісна — 15,71 км², Белае — 5,52 км², Цятна — 1,6 км², Стралкоўскае — 0,93 км², Росіца — 0,4км².
Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя — ад цяжкіх суглінкаў у цэнтры раёна да неўрадлівых пяскоў Лісняншчыны. Асобнымі масівамі размешчаны тарфянікі, пад сельгасугоддзямі іх нязначная частка.
У раёне створаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Асвейскі», налічваецца 9 заказнікаў мясцовага значэння, 7 помнікаў прыроды. Вылучаецца 16 рэдкіх і знікаючых відаў раслін, водзіцца 5 відаў млекакормячых і 36 відаў птушак, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Карысныя выкапні
Раён мае значныя запасы торфу, цагельнай гліны і мінеральнай вады. Распрацоўваюцца радовішчы будаўнічага пяску і даламітызіраванага вапняку.
Гісторыя
Археалагічныя даследаванні сведчаць аб тым, што на тэрыторыі раёна чалавек упершыню пачаў сяліцца ў эпоху мезаліту. Мезалітычнае насельніцтва ў заходняй частцы Падзвіння пакінула помнік кундскай археалагічнай культуры. Найбольш характэрным помнікам гэтай культуры на поўначы Беларусі з’яўляецца паселішча Замошша I, якое знаходзіцца на першай надпоймавай тэрасе правага берага Зах. Дзвіны, на паўночны захад ад вёскі Замошша Боркавіцкага сельсавета.
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года як Дрысенскі раён у складзе Полацкай акругі БССР. Цэнтр — горад Дрыса. 20 жніўня 1924 года падзелены на 7 сельсаветаў: Бялькоўшчынскі, Бігосаўскі, Велікаплейкаўскі, Дрысенскі, Малінаўскі, Росіцкі, Сар’янскі. 21 кастрычніка 1924 года Малінаўскі сельсавет перайменаваны ў Каркалецкі. 3 ліпеня 1925 года Дрыса аднесена да катэгорыі мястэчак. 21 жніўня 1925 года Дрысенскі сельсавет перайменаваны ў Цястоўскі, Бялькоўшчынскі сельсавет — у Жоўнінскі, Велікаплейкаўскі — у Сардыцкі. Пасля скасавання акруговага падзелу раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Боркавіцкі, Валынецкі, Галубаўскі, Дзёрнавіцкі, Луначарскі, Прудзінкаўскі, Юзафоўскі сельсаветы скасаванага Боркавіцкага раёна. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе адноўленай Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — у Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Дрысе вернуты статус горада. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Росіцкі і Сар’янскі сельсаветы. 8 жніўня 1959 года да раёна далучаны Відоцкі, Задзежскі, Кісялёўскі, Каханавіцкі, Красоўскі, Малашкаўскі, Савейкаўскі, Сенькаўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Асвея скасаванага Асвейскага раёна. 20 мая 1960 года скасаваны Задзежскі, Каркалецкі, Савейкаўскі, Цястоўскі, Юзафоўскі сельсаветы, 22 снежня 1960 года — Красоўскі і Луначарскі сельсаветы, 29 снежня 1961 года — Відоцкі сельсавет. 14 верасня 1962 года Кісялёўскі сельсавет перайменаваны ў Чапаеўскі. 25 сежня 1962 года горад Дрыса перайменаваны ў Верхнядзвінск, Дрысенскі раён перайменаваны ў Верхнядзвінскі раён.
Насельніцтва
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 244 населеных пункта.
Колькасць насельніцтва:
1992 — 32,6 тыс. чал. 2006 — 27,4 тыс. чал. 2007 — 26,2 тыс. чал. 2009 — 24,6 тыс. чал.[4] 2013 — 22,95 тыс. чал.[5] Гарадское насельніцтва раёна ў 2009 г. налічвала 8,6 тыс. чал., у 2013 г. — 8,47 тыс. чал.
Адміністрацыйны падзел
Раён падзелены на 9 сельскіх саветаў: Асвейскі, Бігосаўскі, Боркавіцкі, Бялькоўшчынскі, Валынецкі, Дзёрнавіцкі, Каханавіцкі, Сар’янскі і Шайтараўскі.
Гаспадарка
Раён мае 9 прамысловых прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх:
- Верхнядзвінскі льнозавод
- Верхнядзвінскі лясгас
- Верхнядзвінскі масласырзавод
- Верхнядзвінскі хлебазавод
- «Верус», ААТ
- «Інвет», ААТ
Транспарт
Праз тэрыторыю раёна праходзяць чыгунка і дзве аўтадарогі рэспубліканскага падпарадкавання:
- Віцебск — Полацк — граніца Латвійскай Рэспублікі Р20
- Граніца Расійскай Федэрацыі (Кастрова) — Верхнядзвінск — Шаркаўшчына — Казяны Р18
Культура, адукацыя, друк
Мясцовая прэса прадстаўлена грамадска-палітычнай газетай «Дзвінская праўда». Наклад — каля 4 тыс. асобнікаў (2011). Гл. Дзвінская праўда.
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Верхнядзвінскім раёне У раёне функцыянуюць 34 установы адукацыі.
Ахова здароўя
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва забяспечваюць: УАЗ «Верхнядзвінская цэнтральная раённая бальніца», Асвейская раённая бальніца, а таксама ўчастковыя бальніцы, урачэбныя амбулаторыі, фельчарска-акушэрскія пункты, здраўпункты. У в. Валынцы адкрыта бальніца сястрынскага догляду.
Славутасці
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Верхнядзвінскага раёна Батанічныя помнікі прыроды рэспубліканскага ўзроўня:
- Сахонаўскі дуб-волат, каля в. Вышнарава (узрост — звыш 410 гадоў, вышыня — 25 м, дыяметр — 1,7 м).
- Юсціянаўскі дуб-волат, каля в. Юсціянава (узрост — звыш 380 гадоў, вышыня — 28 м, дыяметр — 1,6 м).
У 1982 г. Васілём Паўлючковым у Верхнядзвінскім лясгасе быў створаны дэндрапарк плошчай 6,3 га, ён з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння. Тут высаджана 312 драўніна-кустарнікавых парод, ёсць экзатычныя расліны з Сібіры, Далёкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, Крыма, Каўказа, Паўночнай Азіі і г.д. Растуць 14 відаў елак, 15 відаў сасны, 10 — піхт, 8 — лістоўніц.
Каля вёскі Прошкі на граніцы Беларусі, Расіі і Латвіі насыпаны Курган Дружбы.
Археалагічныя помнікі
Назва | Датаванне | Месцазнаходжанне | Катэгорыя |
---|---|---|---|
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку | - | 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Абрамова | 3 |
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку | IV-III стагоддзі да н.э. | 2,5 км на паўднёвы захад ад вёскі Барсукі | 3 |
Курганны могільнік | X-XII стагоддзі | 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дзянісенкі | 3 |
Гарадзішча | VI стагоддзе да н.э. — II стагоддзе н.э. | 1 км на поўдзень ад вёскі Дубровы | 3 |
Курганны могільнік | VII-XII стагоддзі | 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Ігналіна | 3 |
Курганны могільнік | IX-XIII стагоддзі | 2-3 км на ўсход ад вёскі Лешня | 3 |
Курганны могільнік | IX-XII стагоддзі | 1,5 км на поўдзень ад вёскі Лісна | 3 |
Курганны могільнік | IX-XIII стагоддзі | 1,6 км на паўночны ўсход ад вёскі Любасна | 3 |
Гарадзішча | V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э. | 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Маскалёнкі | 3 |
Гарадзішча | X-XIII стагоддзі | 1,5 км на поўнач ад вёскі Пескаватка | 3 |
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку | V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э. | 1 км на поўнач ад вёскі Урагава | 3 |
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Вікенцій Русецкі (1897-?) — ваенны дзеяч, генерал-маёр (1946).
- Сцяпан Пятроўскі (1897—1979) — ваенны дзеяч, генерал-маёр (1945).
- Сяргей Лапкоўскі (нар. 1921, Суднікава) — ваенны дзеяч.
- Марка Карнавухаў (1900—?) — генерал-маёр тэхнічных войск (1949).
- Генадзь Капусцёнак (нар. 1925, Фартунава) — пісьменнік.
- Міхась Барэйша (1950—1990) — беларускі паэт, празаік, перакладчык.
- Ганна Шушкевіч (нар. 1936) — работнік сельскай гаспадаркі, Герой Сацыялістычнай Працы (1971).
- Іосіф Рудкоўскі (1931—1996) — работнік сельскай гаспадаркі, Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
- Ісаак Аскназій (1856—1902) — жывапісец-біблеіст
- Анатоль Багдановіч (1888—1969) — беларускі мовазнаўца і педагог
- Марына Барсток (1916—1994) — беларуская паэтэса, літаратуразнаўца
- Казімір Бердыган — доктар медыцынскіх навук, прафесар
- Антон Бохан — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў 1941—1944 гг.
- Андрэй Бурак — Герой Савецкага Саюза
- Уладзімір Быкоўскі — Герой Сацыялістычнай Працы
- Ніна Вайтовіч — доктар філалагічных навук, лаурэат Дзяржаўнай прэміі СССР
- Васіль Варонін (нар. 1971) — беларускі гісторык-медыевіст
- Сямён Забагонскі (1910—1955) — Герой Савецкага Саюза
- Антон Каржанеўскі (1910—1991) — беларускі мастак
- Іван Макіёнак (1914—1944) — Герой Савецкага Саюза
- Каятан Марашэўскі (XVIII ст.) — беларускі і польскі драматург
- Ігар Мілавідаў (1910—1984) — савецкі ваенны дзеяч
- Уладзімір Навіцкі (нар. 1939) — беларускі навуковец, доктар гістарычных навук
- Мікалай Накоўнік — доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар
- Аляксандр Пальмбах (1897—1963) — мовазнаўца, адзін з заснавальнікаў тувінскай пісьменнасці
- Тарас Хадкевіч (1912—1975) — беларускі пісьменнік і публіцыст
- Ігнат Храпавіцкі (1817—1893) — паэт, фалькларыст, грамадскі дзеяч
- Міхал Цяцерскі (?—1797) — беларускі і польскі драматург і педагог
- Ян Чэрскі (1845—1892) — геолаг і географ, даследчык Сібіры
- Віктар Шадурскі (нар. 1961) — доктар гістарычных навук, прафесар
- Яўген Шыпіла — беларускі акцёр, народны артыст БССР
- Валерый Шчасны — беларускі мастак
- Яўген Ясьвін — беларускі мастак
Зноскі
- ↑ http://verkhnedvinsk.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ на 14-10-2009
- ↑ Артыкул «Колькі нас?» у раённай газеце «Дзвінская праўда»
Літаратура
- Верхнядзвінскі раён // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны Рэспубліка Беларусь : энцыклапедычны даведнік / склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 116—117.
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.]. — Мн., 2000.
- Верхнедвинский район. Справочно-информационные материалы. Новополоцк. Издатель О. В. Молодечкин. 2007. (руск.)
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
Верхнядзвінскі раён на Вікісховішчы |
- Спіс населенных пунктаў Верхнядзвінскага раёна па сельсаветах
- Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць”
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Фотаздымкі на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Дрысенскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Асвейскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Боркавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2004 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Верхнядзвінскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.