wd wp Пошук:

Вята (вёска)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вята. Вя́та[1] (трансліт.: Viata, руск.: Вята) — вёска ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, пры сутоцы ракі Вяты з Дзвіною. Уваходзіць у склад Павяцкага сельсавета.

Знаходзіцца за 17 км на паўночны захад ад Мёраў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія КрулеўшчынаЛынтупы), на мяжы з Латвіяй. Насельніцтва на 2013 год — 8 чалавек[2].

Гісторыя

Упершыню Вята згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Старога ад 24 кастрычніка 1515 года ўладальніку гэтых мясцін Івана Сапегу на пабудову ў вусці Вяты на Дзвіне замка, заснаванне горада, рынку і шынкоў. У 1556 годзе Вята належыла князям Пронскім, а ў 1566 годзе двор з мястэчкам перайшлі да гетмана вялікага кароннага Мікалая Сяняўскага[pl].

Замак у Вяце пазначаўся на картах Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў, аднак пазнейшыя звесткі пра яго не захаваліся. Верагодна, ён быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны 1654—1667 гадоў і больш не аднаўляўся[2].

Паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай, калі па Дзвіне праходзіла мяжа, Вята заставалася ў Рэчы Паспалітай і тут пабудавалі «стрэліцу», магчыма, назіральную вежу.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе вёска апынулася ў Дзісенскім павеце Віленскай губерні Расійскай імперыі. Падчас вайны 1812 года ў Вяце стаяў французскі гарнізон.

Станам на канец XIX стагоддзя, паселішча адносілася да Лявонпальскай воласці, у вёсцы размяшчаўся маёнтак Мірскіх.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вята абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП (б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР.

Па выніках Рыжскага мірнага дагавора Вята ўвайшла ў склад Лявонпальскай гміны Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Паселішча было памежным — па Дзвіне праходзіла дзяржаўная мяжа з Латвійскай Рэспублікай.

Замкавыя валы, 1930 год.

У міжваенны перыяд дзейнічалі школа, карчма і кардонная фабрыка селяніна Казлоўскага, на якой працавалі каля 10 чалавек, прадукцыю вывозілі ў Вільню. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак пані Ядвігі Мірскай, якая валодала каля 150—200 га зямлі[2].

Насельніцтва Вяты жыло бедна, вяскоўцы займаліся плытагонствам — па Вяце і Дзвіне сплаўлялі лес да Рыгі. Самы багаты гаспадар меў 12 га зямлі, і тое няўдобіцы. Жыхары вызнавалі каталіцтва, большасць лічыла сябе палякамі, і ў 1934 годзе ў вёсцы пабудавалі касцёл, які дзейнічае і цяпер.

У выніку пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года паселішча зноў апынулася ў складзе БССР, дзе ў 1940 годзе ўвайшло ў склад Павяцкага сельсавета. Падчас Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе вёска пацярпела ад абстрэлу.

Да 16 верасня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Аляксандраўскага сельсавета[3], да 4 сакавіка 1987 года — у склад Даўгінаўскага сельсавета (у 1960—1965 гадах — Лявонпальскі сельсавет)[4].

Пасля вайны Вята ўваходзіла ў калгас «Светлы шлях», цяпер — у складзе ААТ «Мерыца». На цяперашні момант ад вёскі засталося 5—6 хутароў уздоўж берага Дзвіны, адлегласць паміж крайнімі хатамі 2,5 км, агулам пражывае 8 чалавек[2].

Насельніцтва

Вяцкая моладзь, канец 1940-х г.
  • XVIII стагоддзе: 1795 год — 20 двароў, 131 чал.[2]
  • XIX стагоддзе: 1865 год — 61 чал.; 1893 год — 13 двароў, 166 чал. (160 каталікоў і 6 праваслаўных)[5].
  • XX стагоддзе: 1930-я гады — 45 двароў, каля 300 чал.
  • XXI стагоддзе: 2009 год — 11 чал.[6]; 2013 год — 6 двароў, 8 чал.

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. 1 2 3 4 5 Сяргей Васільеў.. Вята: Мекка для археолагаў (бел.) . Мёры: «Міёрскія навіны» (18 верасня 2013). Праверана 21.02.2019.
  3. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 верасня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 26.
  4. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 4 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
  5. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. С. 270
  6. Насельніцтва населеных пунктаў Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мёрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be