wd wp Пошук: ⬜

Мёры

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мёры (значэнні).

Мё́ры[2] (трансліт.: Miory) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мёрскага раёна, на беразе Мёрскага возера. За 190 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Друя—Варапаева. Аўтадарогамі злучаныя з Дзісной, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. Насельніцтва 8 001 чал. (2017)[3].

Назва

Першапачаткова назва Мёраў адносілася да возера, якое на старых картах называецца «Мёры» (цяпер — возера Мёрскае). Вядомая з 1514 г. назва Мёраў — маёнтак «Мярэя» (Мерея) перагукаецца з балцкай назвай дняпроўскай рэчкі Мярэя[4] (цячэ па тэрыторыі Горацкага і Дубровенскага раёнаў). Гэты гідронім не толькі мае балцкі суфікс -j- (як у гідронімах Асвея, Вярэя і г.д.), але і суадносіцца з гідронімамі Mera, Meraitis у Свянцянскім раёне Літвы. Значэнне гэтых балцкіх гідронімаў — «стаячая вада» (корань  *mer-, *mor-)[5].

Гісторыя

Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца пад 1514 г. як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета ВКЛ. Як маёнтак Мёры называюцца ў вопісе войска ВКЛ 1567 года. У 1644 г. тут стаяў праваслаўны манастыр, які ў 1690 г. М. Мірскі падараваў уніятам. У 1691 г. пабудаваны касцёл. У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры. Гэтыя маёнткі належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам.

У складзе Расійскай імперыі

У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Мёры адышлі да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дзісненскага павета Мінскай, а з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1866 г. тут адкрыта народная школа. У 1886 г. насельніцтва мястэчка складала 110 жыхароў. Тут стаялі 3 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У канцы XIX ст. дзейнічалі 2 школы. У 1903 г. годзе ў Мёрах 145 жыхароў, вучылішча, царкоўнапрыходская школа.

У 1918 г. Мёры акупіравалі германскія войскі, у 1919—20 гг. яны былі заняты польскімі войскамі.

У складзе Польскай Рэспублікі

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Мёры як цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства адышлі да Польшчы. У 1927 г. тут 422 жыхары. Стаялі крама, аптэка, працавалі 2 млыны, да 1931 г. дзейнічала запалкавая фабрыка.

Перыяд Беларускай ССР

Увосень 1939 г. Мёры далучаны да БССР. 3 15 студзеня 1940 г. яны цэнтр Мёрскага раёна Вілейскай вобласці.

Другая сусветная вайна

У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 года Мёры акупіравалі нацысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі гітлераўцы загубілі ў Мёрах 662 чал. 2 чэрвеня 1942 г. было ліквідавана 779 чал. яўрэйскай нацыянальнасці з гета. Прыкладна 70—80 чал. атрымалася збегчы[6]. 4 ліпеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызаны вызвалілі Мёры ад захопнікаў.

Пасляваенны перыяд

У 1944 г. Мёры ўключаны ў Полацкую, а ў 1954 г. — у Маладзечанскую вобласці. 3 1960 г. ў складзе Віцебскай вобласці. 7 жніўня 1957 г. Мёрам нададзены статус гарадскога пасёлка[7].

Забудаваны Мёры пераважна 1-павярховымі дамамі, будуюцца і 2—5-павярховыя. Першы генеральны план гарадскога пасёлка складзены ў 1971 г. 7 студзеня 1972 года Мёрам нададзены статус горада[8]. У 1980 г. распрацаваны наступны генеральны план забудовы горада. У горадзе ўтворана набярэжная. Прамысловая зона размешчана ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі льна прамысловасці. Гасцініца.

Адукацыя і культура

2 сярэднія, 1 базавая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, 2 бібліятэкі, Мёрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Славутасці

Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Міёры.
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. ↑ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 195.
  5. ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. P. 211, 204.
  6. ↑ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
  7. ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 7 жніўня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 8.
  8. ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Міёры Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 7 студзеня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 2 (1340).
  9. ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Мёрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be