wd wp Пошук:

Вятчын

Вятчы́н[1] (трансліт.: Viatčyn, руск.: Ветчин) — вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Дзякавіцкага сельсавета.

Геаграфія

Паселішча знаходзіцца за 37 км на паўночны ўсход ад Жыткавіч, 24 км ад чыгуначнай станцыі Старушкі (на лініі Лунінец — Калінкавічы), 275 км ад Гомелю, на рэчцы Дземенка. Вакол лес.

На аўтамабільнай дарозе Марохарава — Любань. Планоўка складаецца з крывалінейнай шыротнай вуліцы, паралельна да якой праходзяць 3 кароткія прасталінейныя вуліцы, злучаныя 2 прасталінейнымі, мерыдыянальнай арыентацыі вуліцамі. На поўдні — невялікі адасоблены ўчастак забудовы. Жылыя хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.

Геалогія

Ад назвы вёскі атрымала назву Вятчынскае падняцце ў заходняй частцы Капаткевіцка-Велікаборскай ступені Прыпяцкага прагіну.

Гісторыя

Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Слуцкам павеце Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе ў Мазырскім павеце Мінскай губерні. У 1850 годзе было валоданнем Радзівілаў, затым князя Вітгенштэйна, які ў 1876 годзе валодаў 14 888 дзесяцінамі зямлі. У 1896 годзе працаваў вадзяны млын. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся царква, хлебазапасны магазін, карчма. 1 кастрычніка 1905 года ў наёмнай хаце адкрыта школа, у 1922 годзе яна атрымала нацыяналізаваны будынак. У 1917 годзе ў Дзякавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Вятчынскага сельсавета Жыткавіцкага раёна Мазырскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года і з 21 чэрвеня 1935 года да 20 лютага 1938 года), з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1931 годзе арганізаваны калгас «2-я пяцігодка», працавалі смалярня і гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны ў студзені 1942 года разграмілі створаны ў вёсцы гарнізон акупантаў. У лютым 1943 года нямецкія карнікі цалкам спалілі вёску. У пачаткі сакавіка 1943 года карнікі сагналі ў кароўнік 800 жыхароў і спалілі іх (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі). 145 жыхароў загінулі на франтах. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Кастрычнік» (цэнтр — вёска Дзякавічы). Дзейнічаюць ляснікоўства, смалярня, участак леспрамгаса, швейная і шавецкая майстэрні, 9-гадовая школа, бібліятэка, бальніца, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 крамы.

Насельніцтва

  • 1795 год — 46 двароў.
  • 1850 год — 50 двароў, 448 жыхароў.
  • 1885 год — 75 двароў, 641 жыхар.
  • 1897 год — 123 двары, 913 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1917 год — 1503 жыхара.
  • 1921 год — 266 двароў, 1901 жыхар.
  • 1940 год — 450 двароў, 1500 жыхароў.
  • 1959 год — 1398 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 239 гаспадарак, 477 жыхароў.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be