Жыткавіцкі раён
Жыткавіцкі раён — раён у складзе Гомельскай вобласці. Мяжуе з Петрыкаўскім, Лельчыцкім раёнамі Гомельскай вобласці, Столінскім і Лунінецкім Брэсцкай вобласці, а таксама Любанскім і Салігорскім Мінскай вобласці. Яго працягласць з поўначы на поўдзень 82,5 км, з захаду на ўсход — 71,5 км. Плошча 2 916,27 км².
Гісторыя
Утвораны 17 ліпеня 1924 г. з адміністрацыйным цэнтрам у мястэчку Жыткавічы Мазырскай акругі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Браніслаўскі, Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Людзяневіцкі, Ляхавіцкі, Руднянскі, Юркевіцкі. 8 кастрычніка 1924 года да раёна далучаны Дзякавіцкі і Князь-Азёрскі сельсаветы Старобінскага раёна Слуцкай акругі. 21 жніўня 1925 года абодва сельсавета зноў уключаны ў склад Старобінскага раёна. 5 красавіка 1935 года Дзякавіцкі сельсавет вернуты Жыткавіцкаму раёну. З 20 лютага 1938 г. па 8 студзеня 1954 г. уваходзіў у склад Палескай вобласці БССР.
У 1954 г. раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. былі скасаваны Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Ляхавіцкі сельсаветы, створаны Марохараўскі сельскі савет[3]. Сучасныя межы раён набыў у першай палове 60-х гг. XX ст., калі праводзілася ўзбуйненне раёнаў і абласцей БССР. У 1960 г. да раёна былі далучаны Ленінскі сельсавет Ленінскага раёна Брэсцкай вобласці[4] і Мілевіцкі сельсавет Старобінскага раёна Мінскай вобласці[5], а ў 1962 г. — сельсаветы ліквідаванага Тураўскага раёна (Азяранскі, Верасніцкі, Перароўскі, Рычоўскі) і г.п. Тураў[6]. 28 студзеня 1991 г. з часткі Марохараўскага сельсавета быў створаны Чырвоненскі сельсавет. 20 студзеня 1995 г. горад Жыткавічы і Жыткавіцкі раён былі аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 26 верасня 2006 г. Браніслаўскі сельсавет быў скасаваны[7].
Геаграфія
56 % тэрыторыі займае лес з перавагай хваёвых і чорнаальховых драўняных парод, 14 % — рэкі, азёры і штучныя вадаёмы, балоты, 24,1 % — сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Праз тэрыторыю раёна працякае галоўная водная артэрыя беларускага Палесся — рака Прыпяць з прытокамі Случ, Сцвіга, Скрыпіца, Навуць. На тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат азёр: Чырвонае (самае буйное возера Палесся), Белае, Найда, Вусцечына і іншыя. У раёне размешчаны нацыянальны парк «Прыпяцкі», частка ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць», тры біялагічных заказніка («Залюціцкі», «Мілевіцкі» і «Тураўскі луг»), а таксама Жыткавіцкі і Ленінскі паляўнічыя заказнікі.
Геалогія
У тэктанічных адносінах цэнтральная частка раёна прымеркавана да Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, паўночная і паўднёвая — да Прыпяцкага прагіну. Зверху залягаюць пароды чацвярцічнага ўзросту магутнасцю 10—15 м, месцамі да 60—70 м, ніжэй неагенавыя і палеагенавыя 10—70 м, мелавыя адклады трапляюцца на поўначы і поўдні раёна, каменнавугальныя і дэвонскія пашыраны больш, але таксама толькі на поўначы (700—1000 м) і поўдні (да 2000 м). На ўсходзе раёна ў адкладах верхняга дэвону вылучаюцца дзве саляносныя тоўшчы. У падэшве платформавага чахла верхнепратэразойскія адклады магутнасцю да 450 м. Пад платформавым чахлом на глыбіні 11—150 м на выступе і 1000—4000 м і больш ва ўпадзіне залягаюць пароды крышталічнага фундамента. 15 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 126 млн т (найбуйнейшыя Булеў Мох і часткова Межч, Ржышча-Ліпкі, Смалярня, Рудня-Грэбень), 3 радовішчы глін для грубай керамікі з агульнымі запасамі 587 тыс. м³, Жыткавіцкае радовішча будаўнічага каменю, Жыткавіцкае радовішча бурага вугалю, Тураўскае радовішча гаручых сланцаў, Бярэзінскае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае радовішчы кааліну з агульнымі запасамі 17,7 млн т.
Насельніцтва
У раёне налічваецца 109 населеных пунктаў, з іх 2 горада — Жыткавічы і Тураў. Усяго ў раёне (на студзень 2013 г.) Пражывае 38,3 тыс. чалавек. У горадзе Жыткавічы пражывае 15,8 тыс., горадзе Тураў — 2,8 тыс., у сельскай мясцовасці — 19700 чалавек.
1971 — 60,0 тыс. 2008 — 43,7 тыс. 2014 — 37,7 тыс. Адукацыя і культура ——————-
На тэрыторыі раёна працуюць 21 сярэдняя і 7 базавых школ. Сетка ўстаноў культуры Жыкавіцкага раёна ўключае 52 клубных і 39 бібліятэчных устаноў, 3 школы мастацтваў, 1 дзіцячую музычную школу, Тураўскі краязнаўчы музей. Культурнае абслугоўванне маланаселеных пунктаў раёна забяспечваюць 2 аўтаклуба.
Вядомыя асобы
- Уладзімір Іванавіч Агіевіч, беларускі крытык, перакладчык
- Навум Саламонавіч Перкін, беларускі літаратуразнаўца
- Віктар Аляксандравіч Жыгар (нар. 1954) — беларускі палітык.
Гл. таксама
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6)
- Жыткавіцкі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
Зноскі
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938-1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 20 января 1960 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 11 апреля 1960 г. О передаче Милевичского сельского Совета из состава Старобинского района Минской области в состав Житковичского района Гомельской области
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 17 апреля 1962 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области Архівавана 12 ліпеня 2021.
Спасылкі
- Сайт Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Архівавана 18 красавіка 2012.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ленінскага раёна (Пінская вобласць) Катэгорыя·Былыя сельсаветы Тураўскага раёна Катэгорыя·Раёны Гомельскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Жыткавіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.