Галоўчын
Гало́ўчын[1] (трансліт.: Haloŭčyn, руск.: Головчин) — аграгарадок у Беларусі, на рацэ Вабіч. Цэнтр сельсавета Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Насельніцтва 511 чал. (2010)[2]. Знаходзіцца за 18 км на паўночны ўсход ад Бялынічаў, за 26 км ад чыгуначнай станцыі Магілёў; на шашы Магілёў — Круглае.
Гісторыя
Некаторыя даследчыкі атаясамліваюць Галоўчын з старажытным горадам Галацічаск, які згадваецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071 г. Аднак гэтая версія не пацвярджаецца археалагічнымі даследаваннямі.
Упершыню Галоўчын згадваецца ў канцы XV ст. 3 1501 г. ім валодала жонка вялікага князя Аляксандра Алена, пазней — князі Галоўчынскія, Патоцкія, Пацы. У 1567 г. Галоўчын — цэнтр маёнтка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. У 1573 годзе тут заснавалі касцёл. Пад 1583 г. паселішча згадваецца ў Баркулабаўскай хроніцы як сяло, з пачатку XVII ст. — мястэчка.
У часы Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у жніўні 1654 г. абаронцы Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам вялікім Янушам Радзівілам злучыліся ў Галоўчыне з войскам гетмана польнага Вінцэнта Корвін-Гасеўскага. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 3 ліпеня 1708 г. каля мястэчка адбыўся бой паміж расійскімі і шведскімі войскамі, які скончыўся ўпэўненай перамогай апошніх. У 1654 і 1708 гг. захопнікі зруйнавалі Галоўчын. Станам на 1728 год у мястэчку было 107 двароў, дзейнічалі млын і сукнавальня.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Галоўчын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Магілёўскім павеце Магілёўскай губерні. Станам на 1785 год тут было 116 двароў, 2 царквы, млын, сукнавальня. Праз мястэчка праходзіў Віленскі паштовы тракт. На 1848 — 106 двароў, 2 драўляныя і 1 мураваная цэрквы. Працаваў бровар (8 работнікаў). На 1880 — 123 двары. Апрача земляробства, жыхары займаліся кушнерскім, кравецкім, шавецкім, кавальскім, стальмашным, сталярным і бандарным промысламі; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. У 1883 годзе адкрылася школа. На 1909 — 201 двор; непадалёк існавалі аднайменныя фальварак і сядзіба. У Першую сусветную вайну ў лютым — кастрычніку 1918 г. мястэчка займалі нямецкія войскі.
1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Галоўчын увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 г. Галоўчын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавета Бялыніцкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. У 1928 годзе дзейнічала сыраробная майстэрня. У 1930-я гг. пачатковую школу пераўтварылі ў 7-гадовую, дзейнічалі фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарная лячэбніца, пошта, клуб. Станам на 1926 год у вёсцы было 290 двароў, на 1940 — 248. У Другую сусветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 г. Галоўчын знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У чэрвені 1944 г. захопнікі спалілі 178 двароў і загубілі 201 жыхара вёскі. На 1970 — 261 двор, на 1992 — 293.
Насельніцтва
- 1785 — 891 чал.
- 1827 — 658 чал.
- 1897 — 1254 чал.
- 1909 — 1603 чал.;
- 1926 — 1,7 тыс. чал.;
- 1940 — 1019 чал.;
- 1970 — 670 чал.;
- 1992 — 672 чал.[3]
- 2010—511 чал.
Інфраструктура
У Галоўчыне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Гарадзішча
- Свята-Троіцкая царква
Страчаная спадчына
- Касцёл і кляштар дамініканцаў (XVII ст.)
- Сінагога
- Царква (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
Вядомыя асобы
- Лявонцій Галынец (1858—1896) — доктар медыцыны
- Захар Кузьміч Магілеўчык (1895—1975) — беларускі савецкі вучоны ў галіне гігіены і санітарыі, доктар медыцынскіх навук[4]
- Людміла Максімаўна Ляшчанка (нар. 1955) — беларускі палітык.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/mahilouskaja.htm
- ↑ Галоўчын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 458.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8. — С. 445.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 470. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
- Hołowczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 108.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Бялыніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Бялыніцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Бялыніцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.