Глыбокае
Глыбо́кае[2] (афіц. транс.: Hlybokaje) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Глыбоцкага раёна. Чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Варапаева. За 200 км ад Віцебска, на аўтамабільнай дарозе Полацк—Вільнюс (Літва). У межах горада возера Кагальнае і возера Вялікае, з якога выцякае рака Бярозаўка. Насельніцтва 19 038 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Полацкае Княства
Тэрыторыя цэнтральнай часткі сучаснага горада Глыбокага (паўночны, паўночна-заходні і заходні берагі возера Кагальнае) была заселеная ў часы Полацкага княства, пра што сведчаць знаходкі керамікі XI—XIII стагоддзяў. Пазней паселішча перапыніла сваё існаванне — кераміка XIV—XV стагоддзяў на тэрыторыі горада адсутнічае[4].
Вялікае Княства Літоўскае
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1514 г. як двор, цэнтр маёнтка Зяновічаў. Паводле афіцыйнай версіі, першая згадка пра Глыбокае — 1414 год, аднак гэтая дата трапіла ў гістарычныя працы ў выніку памылкі даследчыка Ежы Ахманьскага, якую ён дапусціў пры напісанні анатацыі да аднаго з прывілеяў Вітаўта[5].
Двор Зяновічаў знаходзіўся каля возера Кагальнае, якое ў той час называлася Глыбокае. Назва возера дала назву населенаму пункту[6]. У 1514 годзе згадваецца «торг» у Глыбокім, што сведчыць пра тое, што населены пункт быў асяродкам гандлю[7]. У 1582 годзе ўпершыню ўзгадваюцца глыбоцкія мяшчане, што безумоўна сведчыць пра местачковы характар населенага пункта[8].
Яго заходняя частка, якая належала Зяновічам, уваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства. Усходняя частка была ва ўласнасці Корсакаў і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У абедзвюх частках былі гандлёвыя плошчы. У паўночна-ўсходняй частцы пачыналіся шляхі на Полацк, Дзісну і мястэчка Беразвечча (цяпер у межах горада). Належала да Корсакаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў.
У 1582 г. Юрый Зяновіч валодаў заходняй часткай Глыбокага і завяшчаў сваім нашчадкам. У 1628 годзе Ганна Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Радзівіла, і Глыбокае перайшло да Радзівілаў. Паводле інвентара 1702 г. сядзібны комплекс Радзівілаў уключаў накрыты драніцай галоўны аднапавярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, свірны, двухпавярховую гаспадарчую пабудову з галерэямі, хлявы, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам і інш. У маёнтку Радзівілаў было 263 двары. У канцы XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор, на месцы якога потым быў пастаўлены Міхайлаўскі касцёл (існаваў да 1650-х).
У першай палове XVII стагоддзя ўсходняя частка Глыбокага належала Іосіфу Корсаку[9], у 1628 годзе ён заснаваў на сваёй частцы Троіцкі касцёл. У 1638 годзе ён напісаў тэстамэнт, згодна з якім яго маёнткі Беразвечча (3 км на поўнач ад Глыбокага) і Вярбілава павінны быць аддадзены ордэну базыльянаў з умовай, што базыльяне павінны заснаваць у Беразвеччы кляштар і царкву[10]. У 1639 годзе Корсак аддае мястэчка Глыбокае і астатнія маёнткі (Ластавічы, Свіла, Перадолы, Вольберавічы, Гняздзілава) рыма-каталіцкаму ордэну кармелітаў босых, абавязваючы пабудаваць касцёл і кляштар[11]. Фундацыі Корсака былі зацверджаны варшаўскімі сеймікамі. 16 красавіка 1643 года Корсак памірае, і ўся ягоная маёмасць пераходзіць духавенству (кармелітам).
У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай атрад рускіх войскаў пад кіраўніцтвам думнага двараніна Ж. Кондырава 30 ліпеня 1654 года пад Глыбокім «литовских людзей побил и и знамены и мушкеты поимал». Глыбокае было спалена, а кіраўнік абароны полацкі падкаморы Бяганскі трапіў у палон. Праз паўгода рускія пакінулі Глыбокае, але ў жніўні 1658 года яны зноў былі ў горадзе. Ваявода В. Бешанцоў з 50 драгунамі прыбыў сюды, каб пабудаваць астрог. 7 студзеня 1659 года атрад палкоўніка літоўскага В. Валовіча «сжёг острожек в Глубоком», а гарматы, якія там былі, вывез у Даўгінаў. 6 лістапада 1661 года польска-літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Чарнецкага на ўсход ад Глыбокага разбілі рускія войскі пад кіраўніцтвам І. Хаванскага і захапілі трафеі — 6 гармат, вялікі запас пораха, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. Рэшткі разбітага войска ўцяклі ў Полацк.
Акрамя ваенных дзеянняў, вялікія страты Глыбокаму нанеслі пажары 1661 і 1700 гг.
Паводле гарадскіх інвентароў, у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля дзесяці чалавек). Брацтва св. Тройцы, якое аб’ядноўвала мядзведнікаў, мела свой алтар у царкве ў царкве св. Тройцы. Можна меркаваць, што Глыбокае мела сваю «Мядзведжую акадэмію» і што паміж імі існавала сувязь. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам—спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам.[12]
Значную частку насельніцтва складалі яўрэі. У 1742 годзе пабудавана сінагога.
З 1793 года ў складзе Расійская імперыі, мястэчка Дзісенскага павета.
Напалеон у Глыбокім
У 1812 годзе шлях імператара Францыі Напалеона Банапарта з Вільні на Маскву праходзіў цераз Глыбокае. Побыт Напалеона ў Глыбокім апісвае гісторык Отан Гедэман, аўтар кнігі «Глыбокае», якая была надрукавана ў 1935 і перавыдадзена ў 2012 годзе. Паводле Отана Гедэмана, імператар прыбыў ў Глыбокае раніцай 18 ліпеня і затрымаўся ў кляштары кармелітаў босых на некалькі дзён, паводле меркаванняў іншых гісторыкаў Напалеон Банапарт прабыў у Глыбокім ад трох да дзесяці дзён[13].
У працы «Глыбокае» гаворыцца, што менавіта ў Глыбокім Напалеон выдаў загад «Адозвы генеральнай канфедэрацыі да палякаў»(18 ліпеня 1812 года), прызначаны для палякаў, якія знаходзяцца на расійскай дзяржаўнай службе, і загад супраць марадзёраў і рабаўніцтва (20 ліпеня 1812 года).
Згодна з распараджэннем Напалеона, у Глыбокім з’явіўся харчовы склад, загад пра гэта быў падпісаны маршалкам Алоізам Буйніцкім. Парафіяльны касцёл быў пашкоджаны з-за доўгага ўтрымання войскаў, бо быў ператвораны на склад правіянту, а таксама былі забраныя касцельныя рэчы[14].
Паданні
Існуе шмат легенд, звязаных са знаходжаннем Напалеона ў Глыбокім у 1812 годзе. Гэтыя легенды таксама прыводзяцца ў кнізе «Глыбокае» гісторыка Отана Гедэмана. Адна з легендаў жадае вызначыць знаходжанне займаных імператарам пакояў менавіта ў ацалелым блоку (дзе зараз месціцца староства — пакоі на другім паверсе № 8 і 9), абапіраючыся на наступны тэкст Сегура: «la Courlande nurria Macdonald, la Samogitie Oudinot; les plaines fertiles de Klubakoje (то бок — Глыбокае) — l‘Impereur». Гэтая версія тлумачыць, што «les plaines fertiles de Klubakoje», то бок урадлівыя раўніны Глыбокага, імператар мог бачыць толькі з акон на другім паверсе існуючага крыла (разбураныя два крылы былі павернутыя ў бок горада) — значыць, ён там жыў. Аднак не вынікае гэта наўпрост з тэксту Сегура, які меў на думцы толькі магчымасці забеспячэння арміі харчамі з урадлівых раўнін Курляндыі, Жмудзі і Глыбокага, г.зн. Белай Русі.
Таксама, паводле легенды, паміж імператарам і прыёрам завязаўся наступны дыялог. Напалеон: «Якой велічыні кляштарная ўласнасць?» Прыёр: «1000 дамоў». Напалеон: «Гэтага замнога! А чым займаецеся?» Прыёр: «Молімся». Напалеон: «Гэтага замала!» Аднак, удзячны за гасціннасць, злажыў прыёру на ад’езд «поўнае блюда» напалеондораў. Імператар нават выказаў шкадаванне, што не можа забраць у Парыж касцёл кармелітаў, каб яго там паставіць побач з саборам Нотр Дам.
Глыбокае ў складзе Расійскай імперыі
Манахі-кармеліты падтрымалі паўстанцаў у 1830 і 1863 гадах. На Глыбоччыне адбыліся баі паміж паўстанцамі і царскай арміяй, у выніку якіх паўстанцы былі разгромлены. Для расправы з паўстанцамі сюды прыехаў губернатар М. Мураўёў і стварыў камісію вайсковага суда. Сотні чалавек былі асуджаны, кляштар кармелітаў быў ліквідаваны, маёмасць перайшла ў дзяржаўную казну. На тэрыторыі мястэчка, якое раней належыла кармелітам, у 1886 годзе было 130 двароў, мястэчка Радзівілаў мела 403 двары, 2074 жыхары.
Кожны тыдзень па чацвяргах праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі прадуктамі харчавання, мануфактурнымі вырабамі, а таксама смалой, дзёгцем, паташом, што прыходзілі з памешчыцкіх маёнткаў. Сяляне гандлявалі прадуктамі харчавання, набывалі соль, крупы, гарбату, цукар, гарэлку.
Глыбоцкі маёнтак князь Вітгенштэйн у 1870-я прадаў немцу Зігерсу.
У 1886 годзе працавалі піваварня, вінакурны і цагельны заводы, у нядзелю збіраліся базары. Дзейнічалі народнае вучылішча, царква, касцёл, 6 сінагог, 8 піцейных дамоў. У Беразвеччы дзейнічалі два вадзяныя млыны і царква.
У 1895 годзе ў прыёмным пакоі працаваў фельчар, дзейнічалі вольнапрактыкуючыя ўрачы, існавалі 4 аптэкарскія крамы.
Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку 5654 жыхары. Меліся народнае і яўрэйскае прыватнае вучылішчы.
У 1897 годзе да Глыбокага пракладзена вузкакалейная чыгунка ад станцыі Свянцяны (цяпер — Швянчонелей у Літве) да станцыі Беразвеч на поўдзень ад мястэчка Глыбокае. У жніўні 1915 года, падчас набліжэння фронту, чыгунка была падоўжана да станцыі Сеславіна (Крулеўшчына).
Пабудаванны ў 1911 годзе мураваны будынак млына захаваўся.
У 1912 годзе ў мясцовай друкарні «Прагрэс» была выдадзена брашура земскага начальніка І. Дароніна «Ідзіце на хутары» аб тым, як праходзіла сталыпінская аграрная рэформа на Глыбоччыне.
Грамадскі і рэвалюцыйны рух ажывіўся ў 1905 годзе, калі ў лістападзе адбылася забастоўка паштовых служачых і палітычныя дэманстрацыі, удзел у якіх прынялі некалькі соцень чалавек.
Падчас Першай сусветнай вайны Глыбокае знаходзілася ў тыле 3-й рускай арміі.
Найноўшы час
У лістападзе 1917 года ўсталявана савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 года акупіравана нямецкімі войскамі. У пачатку 1919 года далучана да БССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў занята польскімі войскамі. 5 ліпеня 1920 года часці 15-й арміі пад камандаваннем А. І. Корка вялі ў ваколіцах Глыбокага баі з польскімі войскамі, у якіх загінулі 1,5 тыс. чал.
З 1921 да 17 верасня 1939 года Глыбокае знаходзілася ў складзе Польшчы. 6 лістапада 1919 года быў утвораны Дзісенскі павет, сядзіба ўладаў якога знаходзілася ў Глыбокім. У 1921 годзе Глыбокаму быў нададзены статус горада і ўтвораныя органы гарадскога самакіравання. Увесь міжваенны перыяд горад хутка разрастаўся і развіваўся дзякуючы адміністрацыйнаму і геаграфічнаму становішчу. У міжваенны час у прадмесці Беразвечча размяшчаўся штаб палка Корпуса аховы памежжа «Глыбокае».
У 1927 годзе тут было 5612 жыхароў, знаходзіліся ўлады павета, 3 банкаўскія ўстановы — філіял Віленскага сельскагаспарча-прамысловага банка, Дзісенскі павятовы банк, Яўрэйскі народны банк. Працавала друкарня і штодзённа выходзіла польскамоўная газета «Голас Дзісны». Меліся гімназія і 7-гадовая школа. У 1931 годзе была ўзведзена мячэць (згарэла ў пачатку вайны).
У 1936 годзе пабудаваны буйны мясакамбінат, пачаў працаваць генератар гарадской электрастанцыі.
У 1939 годзе — 9,7 тыс. жыхароў.
17 верасня 1939 года Глыбокае было занята Чырвонай Арміяй і ўвайшло ў склад БССР. У 1940 годзе быў утвораны Глыбоцкі раён. Выдавалася газета РК КП(б)Б «За свабоднае жыццё». У 1941 годзе ў мястэчку жыло 12 тыс. чал., з іх 8 тыс. — яўрэі.
З 2 ліпеня 1941 года акупіраваны нацысцкімі войскамі. У Беразвеччы быў створаны лагер ваеннапалонных, дзе ў ноч на 7 лістапада 1941 года ваеннапалонныя захапілі паўстанне, перабілі частку нямецкай аховы і збеглі ў лес. Яўрэі з Глыбоцкага гета былі расстраляны вясною 1942 года ва ўрочышчы Барок (каля 2 тыс. чал.). У жніўні 1943 года было знішчана Глыбоцкае гета, былі забіты 4,5 тыс. чал.
У горадзе дзейнічала падполле: дзейнічаў падпольны раённы камітэт КПБ пры партызанскай брыгадзе імя К. Ракасоўскага, падпольны РК ЛКСМБ, выдавалася газета «За Свабоднае жыццё».
З красавіка да мая 1943 года ў горадзе размяшчалася галоўная каманда «Цэпяліна» «Расія—Цэнтр» (ням.: SS-Hauptkommando Russland—Mitte Unternehmen Zeppelin) і разведшкола з Яблані[15][16]
Горад вызвалены 3 ліпеня 1944 года ў ходзе Полацкай аперацыі.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 зацверджаны сучасны герб горада.
Насельніцтва
- XX стагоддзе: 1959 — 7,3 тыс. чал.; 1970 — 11,9 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2009 — 19,5 тыс. чал.; 2016 — 18 921 чал.[17]; 2017 — 19 038 чал.[3]
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Буйнейшыя прадпрыемствы:
- Глыбоцкая птушкафабрыка, ААТ
- Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, ААТ
- Глыбоцкі доследны лясгас, ДЛГУ
- Глыбоцкі кансервавы завод, ААТ
- Глыбоцкі мясакамбінат, ААТ
- Глыбоцкі хлебазавод, філіял РУПП «Віцебскхлебпрам»
Гасцініца. Дом паляўнічага. Глыбокае — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.
З пачатку 20 ст. Глыбокае — цэнтр ганчарнага промыслу, так званай глыбоцкай керамікі.
Культура
- Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей
- Цэнтральная раённая бібліятэка Глыбокага
- Глыбоцкі дом рамёстваў
- Дударскі рэй
- Вішнёвы фэст
У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый першага беларускага тэатра І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч.
СМІ
- Газета «Вольнае Глыбокае». Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
- Газета «Веснік Глыбоччыны». Орган мясцовых улад.
Славутасці
- Глыбоцкі замак
- Глыбоцкі дэндрарый — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
- Троіцкі касцёл (1764—1782, 1902—1908), пл.17 Верасня — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000366шыфр 212Г000366
- Комплекс былога кляштара кармелітаў: царква Раства Багародзіцы, уваходныя дзверы і дэкаратыўная галерэя па перыметру царквы, будынак кляштара, агароджа з брамай (XVII—XVIII стагоддзі, сярэдзіна ХІХ стагоддзя), пл.17 Верасня — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000365шыфр 212Г000365
- Жылы будынак былога манастыра базыльян (1756—1763), на беразе воз. Вялікае — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000363шыфр 212Г000363
- Ільінская капліца (канец XVIII стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000364шыфр 213Г000364
- Мемарыяльная калона ў памяць пра Канстытуцыю 3 мая 1791 г. (кан. XVIII ст.)
- Сядзіба Вітгенштэйнаў (кан. XIX—пач. XX стст.)
- Забудова вул. Леніна (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя), вул. Леніна, 5, 13, 38, 40 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000367шыфр 213Г000367
- Забудова вул. Маскоўскай (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя), вул. Маскоўская, 2, 3, 4 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000369шыфр 213Г000369
- Будынак (1931), вул. Энгельса, 24. Цяпер Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
- Брацкая магіла (1944), вул. Леніна, парк Перамогі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000368шыфр 213Д000368
- Яўрэйскія могілкі
- Польскія вайсковыя могілкі (1920-я гг.)
- Магіла Ф. Мюнхгаўзена (1878)
- Помнік Ф. Дзяржынскаму
- Самалёт-помнік авіяканструктару П. Сухому
- Скульптура «Ісус і самаранка» (2014)
- Дзед-глыбачанін
- Помнік барону Мюнхаўзену (2014)
- Мемарыяльны комплекс «Барок»
- Глыбоцкая дуда (копія дуды ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі)
У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства было ўсталявана 8 бронзавых бюстаў знакамітым беларусам Язэпу Корсаку, Элізэру Бэн-Іегуду (Дэвід Перэльман), Язэпу Драздовічу, Ігнату Буйніцкаму, Алесю Дубровічу, Пятру Казлову, Паўлу Сухому, Вацлаву Ластоўскаму[18].
- Дамы ў цэнтры горада
- Свята-Раства-Багародзіцкі сабор
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
- Ільінская капліца на могілках
- Алея знакамітых землякоў
- Глыбоцкі дэндрапарк
- Ільінская капліца і калона ў гонар Канстытуцыі 1791 года на могілках
- Яўрэйскія могілкі
Вядомыя асобы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Глыбокага
- T. Даленга-Мастовіч (1898—1939), польскі пісьменнік, аўтар «Знахара»
- Фёдар Мікалаевіч Дамінікоўскі, беларускі гісторык
- Язэп Драздовіч (1888—1954), беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу [19][20].
- К. С. Душэўскі (1891—1959), беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог
- Сямён Навумавіч Леках, беларускі вучоны ў галіне металургіі
- сястра Тадэа Касцюшка (1868—1946), манахіня непакалянка, узнагароджана сярэбраным крыжам заслугі, заклала ў Глыбокім школу, пабудавала кляштар
- Павел Восіпавіч Сухі (1895—1975), савецкі авіяканструктар, двойчы Герой Працы
- Аляксандр Францавіч Хайноўскі, беларускі дыпламат
- Марына Іванаўна Шкерманкова, беларуская цяжкаатлетка
- Мікалай Мінскі, паэт, драматург, перакладчык
- Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі, пісьменнік.
- Юрый Барысавіч Багушэвіч, мастак
- Дзмітрый Літвінскі, мастак
- Барыс Міхайлавіч Волін, савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч РСФСР і УССР, публіцыст, гісторык
- Сямён Іофе (сапраўднае імя — Сімон-Залман Шмуйловіч), партыйны дзеяч СССР
- Віктар Антонавіч Ламака (1910—2001), заслужаны лесавод, заснавальнік глыбоцкага дэндрарыя
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Клімаў Марат. Археалагічныя назіранні ў г. Глыбокаe//Westki.info Архівавана 2 лютага 2020., старонка захавана 04.01.2008.
- ↑ Шыталь Кастусь. Узгадка пра Глыбокае ў 1414 годзе аказалася памылкай гісторыка.(недаступная спасылка)
- ↑ Hedemann Otton. Głębokie. Szkic dziejów. Wilno, 1935. S. 9
- ↑ «Росийская Историческая Библиотека». Т. ХХ, с. 190.
- ↑ Hedemann Otton. Głębokie… S. 11
- ↑ Korsak Józef Głębocki // Polski Sіownik Biograficzny. Tom XIV. Wroclaw-Warszawa-Krakow, 1968—1969. S. 108.
- ↑ Lorentz Stanisław. Z materiałów do historii architektury na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego//Prace i Materiały Sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki Tow. Przyjaciół Nauk w Wilnie, 1938/39. T. 3. ss. 335—348.
- ↑ Wanat J. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605—1975. ss. 458—459.
- ↑ http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/289-glybotskiya-dudary-myadzvedniki
- ↑ «Два Глыбокіх, дзве цэнтральныя плошчы, два замкі» 03.03.2013 Улaдзімір Скрабатун
- ↑ «Роўна дзвесце год таму ў Глыбокае ўвайшоў Напалеон» 18.07.2012 Кастусь Шыталь
- ↑ Залесский, К. РСХА: Главное управление имперской безопасности / Константин Залесский. — М.: Яуза, ЭКСМО, 2004. — 382, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 241. — (Тайны III рейха). — ISBN 5-699-06223-8.
- ↑ Чуев, С. Г. Спецслужбы Третьего Рейха: [В 2 кн.] / Сергей Геннадьевич Чуев. — СПб.: Нева, 2003. — 443, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 154. — (Досье. Спецслужбы мира). — ISBN 5-7654-2831-2.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Аб выніках конкурсу на стварэнне эскізных праектаў помніка вялікаму князю Міндоўгу
- ↑ «Канферэнцыя, прысвечаная Язэпу Драздовічу, прайшла ў Маладзечне» («Рэгіянальная газета»)
- ↑ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва» («Рэгіянальная газета»)
Літаратура
- Гедэман О. Глыбокае: гістарычны нарыс / Отан Гедэман; перакл. з польск. М. Гіля. — Паставы; Глыбокае: [б. в.], 2012. — 59, [1] с. : іл.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Глыбокае
- Геаграфічныя звесткі па тэме Глыбокае на OpenStreetMap
- Глыбокае на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Прыдзвінскі край — Горад Глыбокае(недаступная спасылка)
- Глыбокае — westki.info Архівавана 18 красавіка 2009.
- Глыбокае — radzima.org
- Надвор’е ў горадзе Глыбокае
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Жабінкаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.