Дзяляцічы
Дзяля́цічы[1] (трансліт.: Dzialiacičy, руск.: Делятичи) — вёска ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Любчанскага сельсавета. Знаходзяцца на левым беразе Нёмана за 30 км да паўночнага захаду ад Навагрудка, за 55 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня; на шашы Любча — Уселюб. Насельніцтва 213 чал. (2008).
Гісторыя
Дзяляцічы адзін з даўніх цэнтраў гістарычнай Навагрудчыны. Упершыню ўспамінаецца пад 1361 годам у «Хроніцы» Віганда як велікакняжацкі двор з воласцю на левым беразе Нёмана, «на Русі» на поўнач ад Навагрудка («transeunt in Russyam in terram Delitcz»). У Wegebericht за 1385 год Дзяляцічы таксама ўспамінаюцца як велікакняжацкі двор у Наваградскай зямлі («Dolletitsch des koninges hoff im lande czu Nowgarthen»). У 1428 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў Дзяляцічы сваёй жонцы Юліяніі.
З XVII ст. Дзяляцічы ў ліку радзівілаўскіх уладанняў, на карце Т. Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У першай палове XVII ст. у Дзяляціцкім двары быў кальвінісцкі збор, млын, бровар, карчма, агароды, сад і стаў. Станам на 1652 год у мястэчку быў рынак, тры вуліцы (Наваградская, Уселюбская і Віленская) і царква[2].
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дзяляцічы ў складзе Любчанскай воласці Навагрудскага павета Расійскай імперыі. Станам на 1869 год у мястэчку пяць вуліц — Наваградская, Уселюбская, Віленская, Любчанская і Юрыдыка. У 1870-я гады ў мястэчку царква, школа, млын і 2 крамы. Станам на 1897 год — 2 царквы, 2 школы, крама, карчма, 2 млыны.
Падчас 1-й сусветную вайны з 1915 года Дзяляцічы акупаваны нямецкімі войскамі, у 1918—1920 гадах мястэчка пачаргова займалі палякі і бальшавікі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Дзяляцічы ў складзе Польшчы. З 1939 года — вёска ў БССР. У 1940—1954 гадах цэнтр Дзяляціцкага сельсавета.
Станам на 2014 год у Дзяляцічах працуе школа.
Дэмаграфія
- 1652—101 двор, у т.л. 19 на рынку, 82 на трох вуліцах; у мястэчку жылі толькі хрысціяне[2], пазней пасяліліся іўдзеі колькасць якіх з часам павялічвалася;
- 1751 — 69 двароў;
- 1819—113 двароў;
- 1830—335 муж., у т.л. шляхта — 4, духоўны стан — 1, мяшчане-хрысціяне і сяляне — 285, мяшчане-іўдзеі — 44, жабракі — 1[3];
- 1859 — 75 двароў[4];
- 1875—770 чал. (71 двор);
- 1897—1509 чал. (229 двароў);
- 1971—895 чал.;
- 1993—393 чал.[5];
- 2008—213 чал.
Славутасці
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1876) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000747шыфр 413Г000747
- Курган (X – XIII стагоддзі), за 4 км на захад ад вёскі — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000448шыфр 413В000448
- Сінагога
- Яўрэйскія могілкі
Страчаная спадчына
- Кальвінісцкі збор
- Фальварак Дубы Бярнацкія
Вядомыя асобы
- Якаў Якаўлевіч Зайко (1940—2014) — украінскі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст і пісьменiк. Герой Украiны.
- Міхаіл Іванавіч Бушма (нар. 1951) — беларускі ўрач-фармаколаг. Доктар медыцынскіх навук (1991), прафесар (2003).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — С. 332.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — С. 413.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — С. 379.
- ↑ Шаблюк В. Дзяляцічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 235.
Літаратура
- Delatycze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 950.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзяляцічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.