Навагрудскі раён
Навагрудскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года, першапачаткова ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Падзелены на 10 сельсаветаў. Знаходзіцца на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці, Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці.
Гісторыя
Паводле археалагічных даследаванняў, Навагрудак узнік у канцы X стагоддзя. За сваю гісторыю горад і рэгіён зведалі перыяды палітычных і культурных уздымаў і заняпадаў.
У сярэдзіне XIII стагоддзя ў Навагрудак з Полацка перамяшчаецца цэнтр палітычнага жыцця і горад становіцца адным з цэнтраў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
У 1252 годзе князь Міндоўг зрабіў Навагрудак сваёй рэзідэнцыяй, а ў 1253 годзе каранаваўся ў ім, прыняўшы тытул караля. Сын яго Войшалк прадоўжыў палітыку аб’яднання зямель вакол Навагрудка і заклаў моцную аснову новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага.
На працягу многіх стагоддзяў Навагрудак заставаўся адным з самых значных і буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай горад увайшоў у склад Расійскай імперыі. З верасня 1915 года акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі, а ў снежні 1918 года заняты Чырвонай Арміяй. З 1919 па 1939 год Навагрудак уваходзіў у склад Польшчы.
Навагрудскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 13 сельсаветаў: Бярозаўскі, Ваўковіцкі, Гарадзечненскі, Драчылаўскі, Жданавіцкі, Кашалеўскі, Корастаўскі, Куравіцкі, Метрапольскі, Налібацкі, Пятрэвіцкі, Суляціцкі, Уселюбскі. З 8 студзеня 1954 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Воўкавіцкі, Драчылаўскі, Корастаўскі, Суляціцкі сельсаветы, утвораны Руткаўскі сельсавет, Жданавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Любча, Асташынскі, Ацмінаўскі, Вераскаўскі, Галынскі, Зенявіцкі, Купіскі, Лаўрышаўскі, Нягневіцкі, Шчорсаўскі сельсаветы скасаванага Любчанскага раёна[5]. 17 сакавіка 1959 года скасаваны Лаўрышаўскі сельсавет. 15 мая 1959 года вёска Бярозаўка атрымала статус гарадскога пасёлка. 10 ліпеня 1959 года скасаваны Куравіцкі сельсавет, 15 жніўня 1959 года — Галынскі сельсавет, 2 сакавіка 1960 года — Бярозаўскі сельсавет, 18 сакавіка 1960 года — Купіскі сельсавет.
5 сакавіка 1981 года Метрапольскі сельсавет перайменаваны ў Мітрапольскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года Руткавіцкі сельсавет перайменаваны ў Ваўковіцкі сельсавет. 22 снежня 1986 года Мітрапольскі сельсавет перайменаваны ў Ладзеніцкі сельсавет. 16 сакавіка 1987 года скасаваны Налібацкі сельсавет. 21 красавіка 1992 года Зенявіцкі сельсавет перайменаваны ў Бенінскі сельсавет. 6 мая 2004 года скасаваны Вераскоўскі сельсавет. 28 лютага 2006 года[удакладніць] Гарадзечненскі сельсавет перайменаваны ў Брольніцкі сельсавет. 25 чэрвеня 2008 года скасаваны Бенінскі і Ятраўскі сельсаветы. 22 жніўня 2017 года Асташынскі сельсавет перайменаваны ў Вераб’евіцкі сельсавет, скасаваны Ацмінаўскі і Ваўковіцкі сельсаветы.
Насельніцтва
У раёне 13 сельскіх саветаў і 1 пасялковы Савет (Любчанскі). Населеных пунктаў — 216 (на пачатак 2006 г.). Буйнейшыя населеныя пункты па колькасці жыхароў: Навагрудак — 30,7 тыс. чал., гарадскі пасёлак Любча — 1,4 тыс. чал., аграгарадок Нягневічы — 1,1 тыс. чал., аграгарадок Уселюб — 0,7 тыс. чал., аграгарадок Шчорсы — 0,6 тыс. чал., вёскі Вераскава, Гарадзечна, Пятрэвічы, Ацмінава — па 0,5 тыс. чал. У 1995 годзе насельніцтва раёна налічвала 30,7 тыс. чал.[6]
Прырода
Большую частку раёна займае Навагрудскае ўзвышша, уздоўж Нёмана — Верхнянёманская нізіна. Карысныя выкапні: 10 радовішчаў сыравіны для вытворчасці цэглы з агульнымі запасамі каля 2 млн куб.м, 3 радовішчы мелу — 0,9 млн т, радовішчы пяску будаўнічага, жвіровай сумесі і торфу.
Па тэрыторыі раёна працякае 47 рэк і 20 ручаёў, іх агульная працягласць складае 527 км, з іх 78 км — р. Нёман.
Пад лясамі занята 41,5 % тэрыторыі раёна, з іх 40,1 % — у дзяржаўным лясным фондзе, пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі — 47,3 %. Агульная плошча лясных угоддзяў 69,4 тыс. га.
Гаспадарка
Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Нясвіж — Навагрудак — Ліда, Баранавічы — Навагрудак — Іўе, Навагрудак — Наваельня, Навагрудак — Любча.
У раёне 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 1 раённае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства, 1 закрытае акцыянернае таварыства, 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы і 1 сельскагаспадарчае рэспубліканскае даччынае унітарнае прадпрыемства, 6 фермерскіх гаспадарак. Раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі з развітой збожжавай гаспадаркай і льнаводствам.
Прамысловасць раёна ў 2005 годзе была прадстаўлена 12 прадпрыемствамі, сярод іх 2 адкрытыя акцыянерныя таварыствы, 1 філіял закрытага акцыянернага таварыства, 2 унітарныя прыватныя прадпрыемствы, 1 сумеснае прадпрыемства.
Адукацыя
У горадзе і раёне 20 сярэдніх школ, 1 гімназія, 9 базавых, 6 школ-садоў, 1 пачатковая, школа-інтэрнат, спецшкола-інтэрнат, 19 дашкольных устаноў, 2 навучальна-вытворчыя камбінаты, сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем дзіцячага прытулку, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр пазашкольнай работы, цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў, эколага-біялагічны цэнтр.
Акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у раёне ёсць УА «Навагрудскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 193» на 150 навучэнцаў, УА «Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж» на 200 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 90 на завочным, УА «Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж» на 270 навучэнцаў на дзённым аддзяленні і 180 на завочным.
Культура
Традыцыйна на Наваградчыне развіваліся ганчарства, салома- і лозапляценне, мастацкая апрацоўка дрэва, ткацтва, вышыўка. Высокі быў узровень кніжнай культура, яго прыклады ілюмінванае Лаврышаўскае Евангелле (цяпер захоўваецца ў Кракаве), Навагрудскі пралаг (цяпер захоўваецца ў Вільні), рукапісны зборнік аповесцяў Уніхоўскіх (цяпер захоўваецца ў Познані), кнігі Любчанскай друкарні XVII ст. Сярод вядомых кніжных збораў бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах.
З рэгіёнам звязана жыццё многіх выдатных дзеячаў — паэтаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Вінцэнта Каратынскага, мемуарыста Фёдора Еўлашоўскага, фалькларыста Саламона Рысінскага, мастака Язэпа Драздовіча, фатографа Яна Булгака і іншых.
У Навагрудскім раёне 33 клубныя ўстановы культуры. Працуюць 37 бібліятэк, кніжны фонд налічвае больш за 424,8 тыс. асобнікаў. Працуюць 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 1 дзіцячая музычная школа, 1 кінатэатр, 21 кінаўстаноўка, відэасалон, 2 аўтавідэаперасоўкі, відэапракат, 5 музеяў, у тым ліку:
- Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку;
- Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей;
- Чарэшлянскі клуб-музей;
- Музей Любчанскага краю ў Любчы;
- Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей.
У раёне 8 калектываў са званнем «народны» — цырк раённага Дома культуры; тэатр-студыя ігры «Гульнёвая скарбонка»; ансамбль песні і танца «Свіцязь»; хор ветэранаў вайны і працы «Радасць»; ваенна-гістарычны клуб «Мэта»; ансамбль народных інструментаў «Гумарэска» выкладчыкаў Наваградскай дзіцячай школы мастацтваў; драматычны калектаў «Тэатрал» з Любчы; вакальная група «Рэчанька» з Наваградскай ДзШМ, і 2 калектывы са званнем «ўзорны» — тэатр лялек «Шчарсунок» і хор Наваградскай ДзШМ.
Агулам у раёне 116 калектываў мастацкай самадзейнасці, дзе занята 1609 удзельнікаў, 27 аматарскіх аб’яднанняў з 409 удзельнікамі.
Спорт
Да 1939 года ў Наваградку функцыянаваў футбольны клуб «АКС Навагрудак».
Хуткае развіваўся спорт пасля 2-й сусветнай вайны. Цяпер у горадзе і раёне функцыянуе 4 ДзЮСШ — спецыялізаваная дзіцячая і юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 1, ДзЮСШ № 2, комплексная ДзЮСШ прафсаюзаў і ДзЮСШ СПК «Камунар-агра», у якіх займаецца 1017 навучэнцаў і працуе 26 штатных трэнераў. Перавага аддаецца 6 відам спорту — лёгкай атлетыцы, лыжным гонкам, біятлону, футболу, грэка-рымская барацьбе, коннаму спорту (пераадоленню перашкод). Таксама ў раёне 6 спартыўных секцый і 21 клуб.
Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне функцыянуе 162 спартыўныя збудаванні.
Вядомыя асобы
- Ванда Банішэўская
- Ян Булгак
- Войшалк
- Язэп Драздовіч
- Фёдар Еўлашоўскі
- Вінцэсь Каратынскі
- Міхаіл Паўлавіч Касцюк — ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна (2010).
- Барыс Кіт
- Уладзімір Конан (1934, в. Вераскава — 2011) — беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык.
- Адам Міцкевіч
- Аляксандр Орса (1896, в. Нягневічы — 1959) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.
- Васіль Рагуля (1879, в. Ачукевічы — 1955) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст.
- Кастусь Рамановіч (1927, в. Лозкі — 2005) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольнага Саюзу вызвалення Беларусі.
- Саламон Рысінскі
- Яўхім Храптовіч
- Ян Чачот
- Іван Басюк
- Аляксей Анішчык
- Сяргей Бесараб
- Язэп Сажыч (1917, в. Гарадзечна — 2007) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.
- Фабіян Абрантовіч (1884, засценак Вераскоўшчына — 1946) — рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч.
- Стэфан Грабоўскі (1767, вёска Асташына — 1847) — ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал. Адзін з кіраўнікоў паўстання Т. Касцюшкі.
- Алесь Усюкевіч (1925, в. Хадасы — 2004) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, удзельнік падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў Навагрудку.
- Павел Навара (1927, в. Купіск — 1983) — беларускі грамадскі дзеяч у Вялікабрытаніі.
Ганаровыя грамадзяне
- Васіль Андрэевіч Канавалаў[7]
- Ціхан Аляксандравіч Каваленка
- Аляксандр Лявонцьевіч Мельнікаў
- Барыс Уладзіміравіч Кіт
- Валянціна Георгіеўна Гаховіч
- Гурый (Апалька)
- Міхаіл Паўлавіч Касцюк
- Джэк (Ідэль) Каган
- Мікалай Віктаравіч Нікалаеў
Зноскі
- ↑ http://novogrudok.grodno-region.by/ru/raisp-ru/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.
- ↑ Беларусь, 1995
- ↑ Ганаровыя грамадзяне Навагрудскага раёна
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Навагру́дскі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 510. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Навагрудскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Любчанскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Навагрудскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1987 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2017 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1986 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.