Дукора
Дуко́ра[1] (трансліт.: Dukora, руск.: Дукора) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Дукорскага сельсавета. Насельніцтва 1588 чал. (1993).
Геаграфія
Знаходзіцца за 27 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск — Бабруйск і Рудзенск — Смілавічы, на рацэ Свіслач. 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы.
Гісторыя
Асноўны артыкул: Гісторыя Дукоры
Вялікае Княства Літоўскае
У XVI стагоддзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтка Бакшты і належала Кезгайлам, з 1554 года — ва ўладанні іх нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. Першы пісьмовы ўспамін пра Дукору як уласнасць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж згадваецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Паводле юрыдычных актаў 1592 года сяло. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.
З 1606 года Дукора знаходзілася ў супольным валоданні ўдоў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялян-кунічнікаў. Пазней уласнікамі маёнтка сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімір.
У 1708 годзе ў час Паўночнай вайны шведскія войскі караля Карла XII знаходзіліся ў Дукоры.
У 1791 годзе мястэчка перашло да Оштарпаў.
Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дукора апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. З канца 1790-х гадоў мясцовасць перайшла да Францішка Оштарпа — сына аселага на Літве шведскага жаўнера арміі Карла XII. У 1800 годзе Дукора складалася з сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела ўніяцкую Узвіжанскую царкву, яўрэйскую школу, будаваўся мураваны касцёл; рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. У першай палове XIX стагоддзя сын Францішка Леў Оштарп (1786—1851) пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку.
У 1845 годзе пабудавана царква ў імя святых Пятра і Паўла.
З 1861 года цэнтр воласці.
Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1864 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.
У 1863 годзе адкрыта мужчынскае, у 1865 годзе жаночае народнае вучылішча.
У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галандца Канстанціна Гарцінга (памёр у 1891), сям’я якога ўсталявалася на Міншчыне ў пачатку XIX стагоддзя. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка злілося з сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.
У 1886 годзе ў народных вучылішчах займаліся 80 хлопчыкаў і 35 дзяўчынак. Настаўнікамі працавалі Леанід і Надзея Астапені.
У 1897 годзе дзейнічала валасное праўленне, 2 народных вучылішчы, царкоўнапрыхадская школа, пітны дом, 2 праваслаўныя царквы, 2 хлебазапасныя магазіны, 14 дробных лавак, капліца, сінагога, вадзяны млын.
На 1900 год у 2 вучылішчах налічваўся 131 вучань, у тым ліку 52 дзяўчынкі.
У 1901 годзе дзейнічаў сыраварны завод.
У мястэчку заўсёды бытавалі промыслы і рамёства: ткацкія, бандарныя, кавальскія, ганчарныя, шорныя, гарбарныя, кравецкія, шавецкія, пчалярскія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, лоўля рыбы і ракаў у Свіслачы. У жыцці насельніцтва важнае месца займалі земляробства і жывёлагалоўля, агародніцтва, дробны гандаль. Па нядзелях, святочных днях адбываліся таржкі і базары. Прадметамі гандлю былі: бандарныя вырабы (бочкі, вёдры, цэбры, бойкі і іншыя), дугі, збруя, мёд, воўна, сукно, аўчына, жывёла, дары прыроды і іншае. Частка вырабаў вывозілася для продыжу на фурманках па паштовым тракце ў Мінск.
Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Дукорскай воласці адбываліся масавыя хваляванні.
Найноўшы час
У канцы лютага 1918 года Дукора акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў мястэчка знаходзілася пад польскай уладай, Дукора была цэнтрам гміны. Дзейнічаў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам А. А. Блажко і М. І. Рудовіча.
З 31 ліпеня 1920 года Дукора ўвайшла ў склад БССР, дзе 20 жніўня 1924 года зрабілася цэнтрам сельсавета. У 1926 годзе дзейнічала сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам, у якой працавала 11 настаўнікаў. У школе вучыліся не толькі дзеці з Дукоры, але і з навакольных вёсак. У 1926 годзе У. Лабанок скончыў школу. Пры Дукорскай школе былі створаны: бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг (1926), пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. Працаваў клуб, чытальня. У 1920-х гадах асаблівай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаўся Дукорскі драматычны гурток, удзельнікам яго з’яўляліся будучы пісьменік В. Гарбацэвіч і актрыса Т. Бандарчык.
У пачатку 1930-х гадоў арганізаваны саўгас «Дукора», працавала цыркулярка, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчых машын, кузня, валяльная майстэрня. У 1938 годзе статус паселішча панізілі з мястэчка ў вёску.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.
28 верасня 1967 года да Дукоры былі далучаны в. Дукоркі і в. Харэвічы. Харэвічы цяпер вуліца Блажко. У лютым 1974 года ў Дукоры адкрыты раённы краязнаўчы музей (у 1993 годзе пераведзены ў в. Блонь).
У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадка.
- Мястэчка на старых здымках
Сядзіба Оштарпаў, брама
Палац. Фота каля 1913 г.
Палац, галоўны фасад
Палац, бакавы фасад
Школа ў палацы, 1932 г.
Насельніцтва
Дэмаграфічныя дадзеныя

XIX стагоддзе:
- 1861 год — 225 чал. у мястэчку Дукора і 133 чал. у сяле Дукора;
- 1881 год — 842 чал.
- 1886 год — 41 двор, 537 жыхароў.
- 1897 год — 189 двароў, 1079 жыхароў.
XX стагоддзе:
- 1901 год — 102 чал. у маёнтку Дукора і 1444 чал. у мястэчку Дукора;
- 1970 год — 797 двароў, 2258 чал.;
- 1993 год — 652 двароў, 1588 чал.[2]
- 1997 год — 1429 чал.[3];
- 1999 год — 1331 чал.
XXI стагоддзе:
- 1 студзеня 2002 года — 571 двор, 1307 жыхароў.
- 2010 год — 1304 чал.
Яўрэі
Па не вельмі дакладных дадзеных яўрэі пасяліліся ў 1850-х гадах, да гэтага было шмат татар. Яўрэі займаліся гандлем і рамяством. Была цырульня, шаўцы, кавалі, краўцы. Была сінагога. Яўрэйская школа адкрылася пад канец XIX стагоддзя. Перад вайной была пачатковая яўрэйская школа, а з пятага класа — агульная. Падчас вайны, калі прыйшлі немцы, у першыя ж дні ўсіх яўрэяў сагналі разам, абгарадзілі плотам хаты. На расстрэл прыехалі чатыры грузавыя машыны з салдатамі, сярод якіх быў літоўскі атрад з Мінска. Колькі ўсяго загінула дакладна невядома. Прыкладна 400 чалавек. Спісы ніхто не складаў. На месцы расстрэлу ў 1956 годзе ўсталяваны помнік[4][5].
Рэлігія
- Царква Святога Ільі (у 1800 годзе ўніяцкая, з 1831 года касцёл, з 1864 года праваслаўная).
-
Капліца ў гонар Перамянення Пана[6].
Капліца ў гонар Перамянення Пана.
Магільная пліта. Яўрэйскія могілкі.
Магільная пліта. Яўрэйскія могілкі.
Магільная пліта. Яўрэйскія могілкі.
Яўрэйскія могілкі.
Помнік забітым яўрэям у кастрычніку 1941 г.Былы касцёл
Былы касцёл, бакавы фасад
Могілкі на тэрыторыі царквы
Могілкі каля Дукоры.
Яўрэйскія могілкі каля Дукоры.
Магільныя пліты на вул. Чэрвеньская
Магільная пліта на вул. Чэрвеньская
Дукора. Магільная пліта на вул. Чэрвеньская
Магільная пліта на вул. Чэрвеньская
Эканоміка
- Пошта.
- Механічная майстэрні.
- Аддзяленне сувязі.
- Аўтаматычная тэлефонная станцыя.
- Сталовая.
- Ашчадная каса.
- Некалькі крам.
- Дом быта.
Турыстычная інфармацыя
У Дукоре знаходзіцца Музейны комплекс Дукорскі маёнтак.
Сацыяльная сфера
Адукацыя
- Дукорскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа.
- Дзецячая музыкальная школа.
- Дзецячыя яслі-сад.
Медыцына
-
Медыцынскія паслугі надае вясковая Амбулаторыя. Бальніца была збудавана ў 1988 годзе. Колькасць абслугоўваных пацыентаў складае — 100 чалавек у змену.[7]
- Сацыяльная сфера
Школа
Амбулаторыя
Закінуты будынак дзіцячага садка.
Сімвалы

У якасці неафіцыйнага геральдычнага знака Дукоры выкарыстоўваецца частка герба Кезгайлаў «Задора», якім карысталіся колішнія ўладальнікі мястэчка Кезгайлы.
Апісанне: у блакітным полі іспанскай тарчы сярэбраная галава льва, з пашчы якога шугае полымя[8].
Аўтар ідэі: Паўлюк Шапецька. Дата стварэння: 18 кастрычнiка 2012 года[9].
Культура і грамадства
- Дом культуры.
- Бібліятэка.
Славутасці
- Помнік ушанавання памяці загінуўшых уражэнцаў.
- Помнік забітым яўрэям у кастрычніку 1941 г.
- Яўрэйскія могілкі.
- Палацава-паркавы комплекс Оштарпаў (XVIII ст.)
- Брацкая магіла (1920, 1944 гады). Урочышча Пушча.
- Брацкая магіла (1941—1944 гады).
- Памятная дошка выдатнаму беларускаму драматургу, заслужанаму настаўніку БССР В. С. Гарбацэвічу[10].
Страчаная спадчына
- Капліца (1897 г. — ?)
- Царква ў імя святых Пятра і Паўла (1845 г. — ?).
- Палац Оштарпаў (XVIII ст.) Узарваны савецкімі партызанамі пад час Другой сусветнай вайны. Ваеннай патрэбы знішчэння палаца не было (каля 10 ахоўнікаў-паліцаяў адразу разбегліся пасля нападу партызан i супраціву не аказалі).
- Сінагога (XIX ст.)
-
Царква Узвышэння Святога Крыжа (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
- Культура і грамадства
Дом культуры.
Помнік ушанавання памяці загінуўшых уражэнцаў..
Таблічка ў памяць аб загінуўшых дукорскіх партызан..
Помнік ушанавання памяці загінуўшых уражэнцаў. Таблічка.
Таблічкі ў памяць аб загінуўшых уражэнцаў у Другой сусветнай вайнею.
Таблічка ў памяць аб загінуўшых уражэнцаў у Афганістане.Брама палаца Оштарпаў
Стайня каля брамы
Цэнтр
Галерэя
- Галерэя
Дукорскі сельсавет.
Дом у Харэвічах.
Вул. Рачная ў кірунку цэнтра
Вул. Рачная ў кірунку могілак
Вул. Мінская
Вядомыя асобы
- Таццяна Андрэеўна Бандарчык — беларуская актрыса.
- Андрэй Агеевіч Блажко (в. Харэвічы, цяпер у межах в. Дукора) — арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызан.
- Міхаіл Фёдаравіч Гантман — мастак кіно, маляр.
- Васіль Гарбацэвіч — беларускі драматург, мемуарыст, педагог.
- Ліпа Нісанавіч Гелер (Каган) (1915—1989) — паэт.
- Марыя Андрэеўна Жыдовіч — мовазнавец.
- Айзек Нісанавіч Каган (1906—1956) — яўрэйскі паэт, празаік, перакладнік[11].
- Лейба Мордухавіч Кантаровіч (1915 — ?) — беларускі інжынер-эканаміст.
- Сяргей Мікалаевіч Капскі — ваяр-інтэрнацыяналіст.
- Міхаіл Пятровіч Кунько (нар. 1936) — беларускі архітэктар.
- Ганна Віктараўна Лявіцкая — беларускі палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання.
- Шмуэль Вольфавіч Нігер — літаратурны крытык і публіцыст.
- Леў Францавіч Оштарп (1786—1851) — дзяржаўны і ваенны дзеяч.
- Фёдар Ігнатавіч Пастарнацкі — лекар-тэрапеўт.
- Рыгор Ігнатавіч Пікулік (в. Харэвічы, цяпер у межах в. Дукора) — вучоны ў галіне меліярацыі, прафесар.
- Алесь Пісарык (Аляксандр Уладзіміравіч Пісарчык) — паэт.
- Рыгор Пракопавіч Рак — краязнаўца.
- Уладзімір Мікалаевіч Страх — кандыдат тэхнічных навук.
- Тарас Максімавіч Сянчук (1905—1959) — беларускі архітэктар.
- Мікалай Рыгоравіч Шыманоўскі — беларускі святы, свяшчэннамучанік.
- Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў (в. Дукоркі, цяпер у межах в. Дукора) — беларускі і савецкі дзяржаўны дзеяч.
- Даніэль Чарны (1888—1959) — паэт, празаік, мемуарыст, публіцыст, перакладчык. Пісаў на ідыш.
- Барух Нахман Чарны (1886—1938) — пісьменнік, літаратуразнавец, рэдактар, журналіст, грамадскі дзеяч. Пісаў на ідыш.
- Валерый Паўлавіч Ярашэўскі — дзяржаўны дзеяч.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Дукора // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 313.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. С. 256.
- ↑ http://shtetle.com/shtetls_minsk/dukora/dukora.html
- ↑ https://by-mohilki.livejournal.com/46313.html
- ↑ https://krynica.info/be/2018/10/01/arcybiskup-kandrusevich-asvyaciu-kascjol-u-rudzensku-i-kaplicu-u-dukory/
- ↑ http://mgorka-crb.by/o-bolnice/
- ↑ Гербы. puchavickirajon.info/
- ↑ https://puchavickirajon.info/%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%B1%D1%8B/
- ↑ http://www.gorka.by/wp-content/uploads/2013/04/P4190044.jpg(недаступная+спасылка)
- ↑ буцэвiч Ванда Антонаўна
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Dukora // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. — S. 212
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дукора
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.