wd wp Пошук:

Дыжон

Дыжон (фр.: Dijon) — галоўны горад былога герцагства Бургундскага, потым правінцыі Бургундыі, зараз французскага дэпартамента Кот-д’Ор і рэгіёна Бургундыя — Франш-Кантэ. Насельніцтва — 151 576 чалавек[1] (2008).

Геаграфія і эканоміка

Размешчаны за 326 км на паўднёвы ўсход ад Парыжа, ля ўсходняга схілу Кот-д’Ор, пры ўпадзенні Сюзон у раку Уш і пры Бургундскім канале, які злучае сістэму Соны і Роны з Сенай; вузлавы пункт Парыжска-Ліёнскай чыгункі.

У Дыжоне функцыянуюць 15 ВНУ: універсітэт Бургундыі, Нацыянальная школа прыгожых мастацтваў, медыцынская i фармацэўтычная школы, багаслоўская семінарыя, семінарыя для настаўнікаў і для настаўніц. Маюцца розныя навуковыя таварыствы, бібліятэка з 80 000 тамоў і 900 рукапісаў, батанічны сад, абсерваторыя і іншыя.

Маюцца ліцейныя і аўтамабільныя заводы; развіта вытворчасць ваўняных і баваўняных тканін, скуры, сусветна вядомай гарчыцы, бочарных і васковых вырабаў, шпалер, машын, хімічных прадуктаў. Таксама развіта вінаробства, садоўніцтва, кветкаводства; гандаль віном, дыжонскай гарчыцай і іншымі мясцовымі прадуктамі.

Гістарычная даведка

Дыжон быў ужо ў часы рымлян ўмацаваным месцам — Divio або Castrum Divionense; у 1183 годзе атрымаў гарадскія правы. Хрысціянства ў гэтыя месцы прынёс мучанік Бянігн Дыжонскі, які лічыцца нябесным заступнікам горада.

Сваім палітычным значэннем ў Сярэднія стагоддзі Дыжон абавязаны рашэнню герцага Роберта I перанесці сюды сталіцу ўсёй Бургундыі. Тым не менш сапраўдны мастацкі і эканамічны росквіт Дыжона звязаны з кіраваннем бургундскіх герцагаў дынастыі Валуа ў XV стагоддзі. Менавіта тады ў горадзе працавалі выдатныя майстры готыкі на чале са скульптарам Слютэрам.

Пасля далучэння да Францыі ў 1477 годзе Дыжон заставаўся месцазнаходжаннем Бургундскага парламента. Калі Людовік XIV заваяваў Франш-Контэ, Дыжон з памежнага мястэчка ператварыўся ў буйны эканамічны і адміністрацыйны цэнтр. У Дыжоне нарадзіліся кампазітар Жан-Філіп Рамо і інжынер Аляксандр Гюстаў Эйфель.

Славутасці

Дыжон адносна мала пацярпеў у войнах апошніх двух стагоддзяў. У цэнтры захаваліся фахверкавыя дамы XII—XV стагоддзяў і палац герцагаў Бургундскіх з вежай Філіпа Добрага; сваім цяперашнім абліччам ён абавязаны перабудовам XVII—XVIII стагоддзяў. Цяпер палацавыя залы дзеляць ратуша і музей выяўленчых мастацтваў з багатай калекцыяй старафранцузскага і старанідэрландскага жывапісу.

Царква Нотр-Дам у Дыжоне
Дыжонскія славутасці: герцагскі палац, сабор, царква Сен-Мішэль

З культавых будынкаў найбольш характэрныя:

  • Гатычны сабор св. Бянігна, пабудаваны паміж 1280 і 1325 гадамі, асвячоны ў 1393, у XVIII стагоддзі стаў кафедральным.
  • Гатычная царква Нотр-Дам (пачатак XIII стагоддзя) славіцца сваім мудрагеліста-ажурным разьбяным фасадам і ўзорамі сярэднявечнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
  • Невялікая царква Сен-Філібер, цяпер закрытая для службаў, будавалася з XI па XVI стагоддзя, аднак робіць ўражанне цэльнасці і маналітнасці, турыстам расказваюць, быццам д’ябал узвёў яе за адну ноч.
  • Царква св. Міхаіла ўяўляе яскравы прыклад пераходу ад готыкі да рэнесансу ў першай трэці XVI стагоддзя.

Гарады-пабрацімы

Сярод гарадоў Францыі Дыжон займае адно з першых месцаў па колькасці гарадоў-пабрацімаў. Акрамя таго, Дыжон адзін з першых гарадоў Францыі, які пасля Другой сусветнай вайны стаў пабрацімам з горадам Германіі[2] [3].

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Афіцыйныя звесткі пра насельніцтва на 01/01/2008 (фр.)
  2. Архівавана 2 кастрычніка 2013.
  3. Архівавана 2 чэрвеня 2013.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be