Жупраны
Жупра́ны[3] (трансліт.: Župrany, руск.: Жупраны) — аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Жупранскага сельсавета. Размешчаны за 10 км на ўсход ад Ашмян, на левым беразе ракі Ашмянкі.
Праз паселішча праходзіць рэспубліканская аўтадарога Барысаў — Вілейка — Ашмяны Р63.
Назва
Паводле адной версіі спачатку называлася Зубраны, ад суседняй старажытнай Зубранскай пушчы, багатай на зуброў. Пазней пад уплывам фанетычных змен назва ператварылася Жупраны[4]. Паводле іншай версіі, назва балцкага паходжання і звязана з літоўскім žuobris — архаічнай сахой[5].
Гісторыя
Першая пісьмовыя згадка датавана XV ст. У 1407 годзе вялікі князь Вітаўт даў Жупраны віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду. Пазней, каля 300 гадоў належала Радзівілам, апошні з дзевяці ўладальнікаў гэтага роду — Караль Станіслаў «Пане Каханку». Пасля перайшло да Чапскіх.
Мястэчка моцна пацярпела падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Калі ў 1652 годзе Багуслаў Радзівіл аддаваў Жупраны ў заклад за 40 000 злотых, то ў 1666 годзе пад заклад мястэчка змог пазычыць толькі 24 000 злотых[6].
У 1692—1694 гадах адноўлены мясцовы касцёл, пад кіраўніцтвам цесляра з Баруноў закладзены новыя сцены, з Вільні замоўлены жалезны крыж даўжынёй у сажань.
У канцы XVIII ст. у Жупранах было толькі 35 дамоў і тры вуліцы — Дворская, Сольская і Астравецкая.
У вайну 1812 года праз Жупраны ад Бярэзіны на Вільню адступалі напалеонаўскія войскі. Французы спалілі ў мястэчку 180 пабудоў, французскі генерал Філіп-Поль дэ Сегюр пісаў пра гэтыя падзеі і мястэчка ў мемуарах, прысвечаных напалеонаўскаму паходу:
У Жупранах, той самай вёсцы, дзе імператар толькі на гадзіну размінуўся з рускім партызанам Сеславіным, салдаты цалкам палілі дамы проста каб пагрэцца на некалькі хвілін. Святло гэтых вогнішчаў прыцягвала некаторых з гэтых няшчасных, якіх празмерны холад і пакуты прывялі ў трызненне; яны беглі да іх, як вар'яты, і, скрыгочучы зубамі і смеючыся, як дэманы, кідаліся ў гэтыя печы, дзе і гінулі ў самых жудасных канвульсіях. Іх галодныя спадарожнікі глядзелі на іх без жаху; былі нават некаторыя, хто выцягваў гэтыя целы, знявечаныя і абпаленыя полымем, і гэта праўда, што яны адважыліся забрудзіць сабе рот гэтай агіднай ежай. Philippe-Paul de Ségur History of the expedition to Russia, undertaken by the emperor Napoleon, in the year 1812. Vol. II. — London, 1825
У 1854 годзе пачалося будаўніцтва мураванага Касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла. Мясцовыя сяляне прымалі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, падзеі адбываліся на рынкавай плошчы ў Жупранах.
У 1900 годзе у Жупранах пахаваны беларускі паэт Францішак Багушэвіч, магіла знаходзіцца на могілках за касцёлам.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Жупраны ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 годзе Жупраны ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр сельсавета Ашмянскага раёна.
У 1958 годзе ў вёсцы адкрыты помнік Багушэвічу, адзін з двух помнікаў паэту на тэрыторыі Беларусі. 22 сакавіка 1970 годзе адкрыты Музей Францішка Багушэвіча, дзе захоўваецца каля 300 экспанатаў, датычных жыцця класіка[4].
Насельніцтва
- 1885 год — каля 285 чал., 60 двароў.
- 1931 год — 657 чал., 124 двары;
- 1971 год — 423 чал., 121 двор;
- 1993 год — 734 чал., 248 двароў[7];
- 1997 год — 795 чал., 288 двароў[8].
- 2010 год — 745 чал.
Інфраструктура
У Жупранах ёсць паштовае аддзяленне, бібліятэка, Дом культуры, школа, сельсавет, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, амбулаторыя[1].
Эканоміка
Свінагадоўчая і малочнатаварная фермы, механізаваны двор[1].
Культура
У школе дзейнічае Музей Францішка Багушэвіча.
Славутасці
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (1854—1875)
- Могілкі яўрэйскія
- Плябанія (кан. XIX — пач. XX стст.)
- Помнік Францішку Багушэвічу (1958) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
Вядомыя асобы
- Браніслаў Іпалітавіч Загорскі (нар. 1935) — беларускі гісторык, педагог, кандыдат гістарычных навук (1971).
- Якаў Ромбра (1858—1922) — яўрэйскі асветнік, пісьменнік, журналіст.
Зноскі
- 1 2 3 Марына Сліж. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Рэгіянальная газета (25 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 9 верасня 2011.
- ↑ Белпошта(недаступная спасылка)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 Лукша, Г. А памяць жыве: 25 гадоў музею Ф. Багушэвіча ў Жупранах // Роднае слова. — Мн.: 1995. — № 3. — С. 70—71.
- ↑ Архівавана 10 лютага 2018.Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Ці сапраўды Жупраны атрымалі назву ад зуброў? // «Ашмянскі веснік» ад 05.09.2017 Архівавана 10 лютага 2018.
- ↑ Czesław Jankowski. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1 — Kraków, 1896
- ↑ Валерый Шаблюк. Жупраны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 375.
- ↑ Жупраны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8. — С. 449.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Żuprany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895. S. 855.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жупраны
- Артыкул «Жыў, служыў і тварыў для народа» ў «Ашмянскім Весніку»
- Жупраны на партале globustut.by (руск.)
- Żuprany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XIV (Worowo — Żyżyn), 1895. — S. 855 (польск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Ашмянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.