Ашмянскі раён
Ашмянскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе на захадзе з Літвой, на поўначы — з Астравецкім раёнам, на ўсходзе і поўдні — адпаведна са Смаргонскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці і на паўднёвым усходзе — з Валожынскім раёнам Мінскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна — 1,2 тыс. км². Падзелены на 10 сельсаветаў. Цэнтр раёна — горад Ашмяны.
Прырода
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Ашмянскага ўзвышша.
Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Працякаюць рэкі Ашмянка, Гальшанка, Клява, Загорнікі. Лясы пераважна хваёвыя, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха). Лясы займаюць 34,5 % тэрыторыі раёна.
Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,6 °C, ліпеня — 17,1 °C. Сярэдняя колькасць ападкаў — 605 мм. Працягласць вегетацыйнага перыяду — 190 дзён.
Лясы пераважаюць іглічныя, сустракаюцца драбналістыя (бяроза, асіна, алешына). Лясы займаюць 34,5 % тэрыторыі раёна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Агульная плошча балотаў — 7,3 тыс. га.
Гісторыя
Ашмянскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 20 сельсаветаў: Анжадаўскі, Анкудскі, Ашмянскі, Гальшанскі, Граўжышкоўскі, Доргішкаўскі, Жупранскі, Каецяняцкі, Кальчунскі, Каменскі, Крайванцаўскі, Куцавіцкі, Лудскі, Маствілішкаўскі, Мураванаашмянкоўскі, Палянскі, Семярніцкі, Стульгінскі, Цудзенішкаўскі, Янканцаўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Анкудскі, Ашмянскі, Каменскі, Маствілішкаўскі, Стульгінскі, Цудзенішкаўскі і Янканцаўскі сельсаветы, утвораны Каменналогскі і Павяжынскі сельсаветы, Анжадаўскі сельсавет перайменаваны ў Гардзіеўцаўскі, Каецяняцкі — у Барунскі. 27 сакавіка 1959 года скасаваны Лудскі сельсавет. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 13 лютага 1960 года да раёна далучаны Багданаўскі сельсавет Іўеўскага раёна. 2 снежня 1961 года скасаваны Барунскі і Павяжынскі сельсаветы. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы скасаванага Астравецкага раёна, Багданаўскі сельсавет перададзены ў склад Іўеўскага раёна. 23 сакавіка 1964 года скасаваны Доргішкаўскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Астравецкаму раёну. 17 студзеня 1969 года ўтвораны Барунскі сельсавет. 11 лютага 1972 года скасаваны Гардзіеўцаўскі сельсавет. 12 лістапада 1973 года Куцавіцкі сельсавет перайменаваны ў Навасёлкаўскі. 20 чэрвеня 1988 года скасаваны Палянскі сельсавет, утвораны Гродзінскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Ашмянскі раён і горад Ашмяны аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 15 снежня 1997 года скасаваны Семярніцкі сельсавет.
Насельніцтва
Насельніцтва раёна налічвае 32,3 тыс. чалавек (2009), гарадское насельніцтва складае 41,3 %. Раён мае 364 сельскіх населеных пунктаў (2011).
Гаспадарка
Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 65,7 тыс. га, з іх асушаных 8,4 тыс. га. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, рапс, агародніну.
Прадпрыемствы: харчовая (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — вытворчасць сухога абястлушчанага малака) прамысловасць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё, інструментальная вытворчасць), прыборабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, торфапрадпрыемствы.
Транспарт
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгуначная лінія Мінск — Вільнюс, магістраль Мінск — Ашмяны — граніца Літоўскай Рэспублікі (Каменны Лог) M7. На паўднёвы захад ад Ашмян адыходзіць рэспубліканская аўтадарога Ашмяны — Клявіца — граніца Літоўскай Рэспублікі (Клявіца) M146.
З поўдня на поўнач праз тэрыторыю раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Іўе — Юрацішкі — Ашмяны — Варняны / пад’езд да граніцы Літоўскай Рэспублікі (Лоша) Р48. З усхода да Ашмян вядзе рэспубліканская аўтадарога Барысаў — Вілейка — Ашмяны Р63.
Праз паўднёва-усходнюю частку раёна праходзіць рэспубліканская аўтадарога Лынтупы — Свір — Смаргонь — Крэва — Гальшаны Р95.
Адукацыя і культура
У раёне 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пачатковых, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў, 1 спецшкола, дзіцячая спартыўная школа, сельгастэхнікум, ПТВ. На тэрыторыі знаходзяцца санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба», Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча і філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў вёсцы Гальшаны.
У 2001 і 2010 гадах раён (Ашмяны) быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля» [4], [5].
СМІ
- Дзяржаўная газета «Ашмянскі веснік».
- Тыднёвік «Рэгіянальная газета»
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Ашмянскага раёна
Архітэктурныя помнікі: манастыр базыльянаў (XVIII ст.) у вёсцы Баруны, кляштар францысканцаў (XVII ст.) і руіны замка (канец XVI — пачатак XVII ст.) у вёсцы Гальшаны, царква (XIX ст.) у вёсцы Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец XVIII — пачатак XIX ст.) у в. Граўжышкі, касцёл Св. Пятра і Паўла (XIX ст.) у вёсцы Жупраны, сядзіба (XIX ст.) у вёсцы Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец XVIII — пачатак XIX ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец XVI ст.) у вёсцы Мураваная Ашмянка.
У вёсцы Цюпішкі знаходзіцца пункт Дугі Струвэ, якая ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як частка аб’екту № 1187.
Археалагічныя помнікі
Назва | Датаванне | Месцазнаходжанне | Катэгорыя |
---|---|---|---|
Гарадзішча перыяду Сярэднявечча | XII-XIV, XV—XVIII стагоддзі | 1,5 км на ўсход ад вёскі Гальшаны | 3 |
Курганны могільнік перыяду Сярэднявечча | XII-XIV стагоддзі | 0,5 км на поўнач ад вёскі Клявіца | 3 |
Курганны могільнік перыяду Сярэднявечча | XII-XIV стагоддзі | 5 км на паўночны захад ад вёскі Клявіца | 3 |
Каменны могільнік | XVI-XVIII стагоддзі | 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Курганы | 3 |
Гарадзішча перыяду жалезнага веку | III-IV стагоддзі н.э. | 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Шчапанавічы | 3 |
Старшыні райвыканкама
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Анджэй Снядэцкі (1768—1838) — стваральнік навуковай школы хімікаў, урач, асветнік.
- Антон Адынец (1804—1885) — паэт, перакладчык, мемуарыст і грамадскі дзеяч.
- Юльян Карчэўскі (1806—1833) — жывапісец.
- Францішак Багушэвіч (1840—1900) — класік беларускай літаратуры, паэт, празаік, публіцыст.
- Зігмунт Мінейка (1840—1925) — кіраўнік паўстання 1863—1864 гадоў у Ашмянскім павеце, археолаг і мемуарыст.
- Чэслаў Янкоўскі (1857—1929) — паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец.
- Андрэй Зязюля (1878—1921) — паэт, рэлігійны і грамадскі дзеяч.
- Язэп Германовіч (Вінцук Адважны) (1890, Гальшаны — 1978) — паэт, рэлігійны і грамадскі дзеяч.
- Мікалай Арэхва (1902—1990) — дзеяч КПЗБ, гісторык.
- Аляксандр Іосіфавіч Батурын (1904—1983) — оперны спявак, народны артыст РСФСР.
- Генрык Дэмбінскі (1908—1941) — публіцыст, удзельнік антыфашысцкага руху.
- Мар’ян Андрэевіч Баяровіч (1933—2006) — беларускі музыкант, музычны педагог, фалькларыст.
- Вераніка Карлаўна Зянковіч (1922—2006) — перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
- Антон Шукелойць (11915, в. Якелеўшчына — 2017) — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
- Уладзіслаў Чарняўскі (1916, засценак Амружын — 2001) — беларускі каталіцкі святар. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Зноскі
- ↑ http://oshmiany.gov.by/ru/biografiya-rukovoditel/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ На «Адной зямлі» гаспадарылі ашмянцы//«Рэгіянальная газета», 29 чэрвеня 2001 г., № 26 (323)
- ↑ Ашмяны прынялі «Адну зямлю» Архівавана 11 жніўня 2014.//«Рэгіянальная газета»
- ↑ Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
Спасылкі
- Сайт Ашмянскага райвыканкама Архівавана 13 сакавіка 2016. (руск.)
- Навіны Ашмянскага раёна на сайце Westki.info Архівавана 10 мая 2011.
- Мапы і агульныя звесткі на emaps-online
- Здымкі на Radzima.org
- Славутасці на партале globustut.by (руск.)
- Інфармацыя на старонцы Гродзенскага аблвыканкама(недаступная спасылка)
Катэгорыя·Населеныя пункты Ашмянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Ашмянскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Ашмянскага раёна Катэгорыя·Раёны Гродзенскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Ашмянскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1961 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1988 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1969 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.