Забалацце (Акцябрскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Забалацце.
За́балацце[2] (трансліт.: Zabalaccie, руск.: Заболотье) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Ляскавіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 34 км на захад ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 237 км ад Гомеля, 27 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Гідраграфія
На поўдні і захадзе меліярацыйныя каналы.
Транспартная сетка
На аўтамабільнай дарозе Ляскавічы — Харомцы — Парэчча.
Інфармацыя
Планіроўка складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з паўночнага ўсходу далучаюцца кароткая прамалінейная вуліца і 3 завулкі. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудавана 50 цагляных хат, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса» з цэнтрам у Парэччы, малочнатаварная ферма. Сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, бальніца сестрынскага догляду, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне сувязі, 3 крамы.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як цэнтр маёнтка Забалацце, уладанне Валадзькоў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1863 годзе адкрыта народнае вучылішча, у якім займаліся 30 хлопчыкаў. У 1885 годзе ў Ляскавіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1929 годзе арганізаваны калгас. Пачатковая школа ў 1930 годзе ператворана ў сямігадовую. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхары стварылі партызанскі атрад імя Чапаева, які ўзначаліў старшыня калгаса А. П. Пакуш. Нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года спалілі 142 двары, забілі 192 жыхары. 5 лютага 1944 года карнікі расстралялі і спалілі яшчэ 87 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на вул. Камарова; у 1956 годзе ўстаноўлены абеліск). У баях за вёску і наваколлі ў 1943-44 гадах загінулі 42 савецкіх салдата (пахаваны ў брацкай магіле на могілках; у 1959 годзе ўстаноўлены абеліск). 68 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва
Колькасць
- 2011 год — 160 двароў, 356 жыхароў.
Дынаміка
- 1885 год — 15 двароў, 133 жыхары.
- 1908 год — 44 двары, 359 жыхароў.
- 1940 год — 242 двары, 1200 жыхароў.
- 1959 год — 936 жыхароў (паводле перапісу).
- 1997 год — 222 двары, 538 жыхароў.
- 2004 год — 198 двароў, 474 жыхары.
Вядомыя ўраджэнцы
- Марк Станіслававіч Смагаровіч — беларускі паэт.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.