Казялужжа
Казялу́жжа[1] (трансліт.: Kazialužža, руск.: Козелужье) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.
Геаграфія
Вёска знаходзіцца за 3 км захад ад горада Хойнікі, за 106 км ад Гомеля.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Найранейшая на сёння пісьмовая згадка пра вёску Казялужжа[upper-alpha 1] Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага сустрэтая у судовым дэкрэце ад 9 мая 1618 года аб выданні збеглых адтуль, а таксама з Юравічаў і Небытава ў Хойнікі альбо Новы Харленж да сужэнцаў Мікалая і Гальшкі Харлінскіх падданых маці і сына Гальшкі з Гулевічаў і Міхала Лозкаў[2]. Відавочна, калі ў размежаванні Кіеўскай зямлі Кароны і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 года паны камісары пацвярджалі прыналежнасць двара і сяла Загалле «ze wszystkiemi wsiami, gruntami jmci Łozki, marszałka mozyrs.» да Мазырскага павета, дык сярод тых вёсак уважаліся і Казялужы[3].
У XVII—XVIII стагоддзях вёска належала да Загальскага староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Koziełuży складалі два дымы[upper-alpha 2], гаспадары якіх Сцяпан Аніска і Яцка Аніска[upper-alpha 3] плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму 5 злотых чыншу і даніны мядовай паўтары бельцы[4].
Згодна з запісам ў кнігах Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 18 сакавіка 1785 года настаяцель царквы ў Загаллі, віцэ-дэкан мазырскі а. Дыянізы Крэткоўскі ахрысціў Эдварда, сына законных сужэнцаў Яна і Антаніны з Кузьмінскіх Парыкевічаў, эканомаў фальварку Казялужскага. Сярод кумоў быў губернатар Загальскага староства Юзаф Букаты[5].
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Казялужжа апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[6]. На 1795 год вёска, як і 12 іншых паселішчаў Загальскага староства, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[7]. Тады ў ёй налічвалася 26 двароў з 48 жыхарамі мужчынскага і 62 жаночага полу[8].
Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 года, дыспанентам Загальскага казённага маёнтка на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[9]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтка, да якога належала і Казялужжа, была ўтворана воласць[upper-alpha 4] з управай, згаданая ў 1848 годзе.[10]. На 1850 год у вёсцы 31 двор, 187 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 246 жыхароў Казялужжа абодвух полаў былі прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы, 54 казялужцы з’яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[11].
У парэформенны перыяд Казялужжа належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут — 119 мужчынскіх душ з былых дзяржаўных сялян і 13 душ аднадворцаў, прыпісаных да Казялужскага сельскага таварыства[12]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Казялужжа — у прыходзе Загальскай царквы[13].
Паводле перапісу 1897 года ў Казялужжы было 92 двары, 548 жыхароў, дзейнічалі капліца, хлебазапасны магазін. На 1909 год у вёсцы налічвалася 103 двары з 575 жыхарамі[14].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Казялужжа ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[15].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Казялужскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 40 і 73 вучні[16].
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Казялужжа — цэнтр Казялужскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Небытаўскага сельсавета. У 1930 годзе налічвалася 147 двароў з 689 жыхарамі. У 1931 годзе тут арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
У Вялікую Айчынную вайну на франтах загінулі 78 вяскоўцаў.
З 8 студзеня 1954 года Казялужжа адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года тут было 900 жыхароў. Цэнтральная сядзіба саўгаса «Хойніцкі».
30 чэрвеня 1966 года цэнтр Небытаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці перанесены ў вёску Казялужжа, сельсавет перайменаваны ў Казялужскі[17].
У 1997 годзе ўзведзены новы мураваны будынак сярэдняй школы. Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
1 снежня 2009 года Казялужскі сельсавет скасаваны, Казялужжа перададзена ў склад Велікаборскага сельсавета[18].
Насельніцтва
- 2021 год — 217 двароў, 487 жыхароў[19]
Памятныя мясціны
- Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Заўвагі
- ↑ У анатацыях з «Summaryusza aktów trybunalskich», выкананых Аляксандрам Ябланоўскім, што праўда, прыведзена назва зусім іншай семантыкі — Kozie Łozy. Але мясцовыя жыхары ведалі Казялужы альбо Казялужжа. Тое і захавалася да нашых дзён.
- ↑ Прынамсі, столькі было ўлічана.
- ↑ З тутэйшых прозвішчаў Аніскавец — найбольш пашыранае ў Казялужжы і сёння.
- ↑ Не варта блытаць з валасцямі парэформеннага часу — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе паветаў.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Казялу́жа
- ↑ Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XXI: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 234
- ↑ ZD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. — Warszawa, 1894. S. 96—97
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 28адв.-29
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 522—525
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 129—130, 161—162
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
- ↑ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 87
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
- ↑ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области Архівавана 29 кастрычніка 2013.
- ↑ Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Хойніцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.