wd wp Пошук:

Казяны (Браслаўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Казяны.

Казя́ны[1] (трансліт.: Kaziany, руск.: Козяны) — аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Відзаўскага сельсавета.

Вёска знаходзіцца за 62 км на паўднёвы захад ад Браслава, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Паставы; на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Паставы, у сутоках рэчак Дрысвяціца і Дзісна. Насельніцтва 1288 чал. (1995). Раней з’яўлялася цэнтрам сельсавета Браслаўскага раёна

Гісторыя

У гістарычных крыніцах паселішча згадваецца пад назвамі Козян, Козьяны. Першы пісьмовы ўспамін пра зямлю казянскую датуецца 1504. У 1514 мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Зяновічаў і ўваходзіла ў Ашмянскі павет.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Казяны ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. У XVII ст. паселішчам валодалі Пацы. У 1686 падкаморы Ф. Я. Пац перадаў частку ўладанняў віленскім бенедыкцінкам, якія збудавалі ў Казянах грэка-каталіцкую царкву. Паводле рэестру падымнага за 1690, Пацы ў Казянах «зь вёскамі» валодалі 45 дымамі, бенедыкцінкам належала 38 дымоў.

3 канца XVIII ст. Казяны знаходзіліся ва ўладанні графаў Манузі. За падтрымку апошнімі Таргавіцкай канфедэрацыі (1792) і расійскіх войскаў маёнтак канфіскавалі паўстанцы Т. Касцюшкі, аднак па здушэнні выступлення (1794) яго вярнулі былым уладальнікам.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Казяны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Дзісенскім павеце Віленскай губерні. У 1800 мястэчкам валодаў М. Манузі, тут было 90 двароў, драўляная грэка-каталіцкая царква Святога Духа. Побач знаходзілася аднайменная вёска (56 двароў). У Вайну 1812 года 1 ліпеня праз Казяны на Дрысу адступаў 3-і расійскі кавалерыйскі корпус Палена. Пад мястэчкам адбылася сутычка паміж ар’ергардам корпусу і французскім конным аддзелам (28 эскадронаў, 6 конных гармат). 3 1823 паселішчам валодалі Плятэры.

Царква, фота пач. XX ст.

У часы вызваленчага паўстання 19 мая 1831 у ходзе рэйду праз Казяны прайшлі асноўныя сілы (каля 2 тыс. чал.) паўстанцаў Дзісенскага павета. У маі 1863 тут прыпыняўся паўстанцкі аддзел Я. Ельскага-Ёдкі. Станам на 1866 у мястэчку было 35 двароў. У канцы XIX ст. граф Ф. Плятэр заснаваў каля Казянаў кардонны, лесапільны і гонтавы заводы, каля якіх узнікла невялікае паселішча Плятэрова. На 1903 у мястэчку (сяле) існавала мураваная царква, земскі паштовы пункт, кожную сераду праводзіўся кірмаш. У Першую сусветную вайну ў верасні 1915 Казяны занялі нямецкія войскі. З восені 1915 да лютага 1918 мястэчка знаходзілася на расійскім баку ў прыфрантавой зоне, у гэты час яго перайменавалі ў Раманава-Нікольскае.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Казяны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Богінскай гміне Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. Станам на 1931 у мястэчку было 106 двароў, у вёсцы — 153 двары.

У 1939 Казяны ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 сталі цэнтрам сельсавета Відзаўскага раёна (з 1960 у Браслаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 Казяны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Станам на 1995 у вёсцы было 590 двароў.

У 2004 годзе Казянскі сельсавет скасаваны, Казяны ўвайшлі ў склад Відзаўскага сельсавета[2].

Насельніцтва

Інфраструктура

У Казянах працуюць сярэдняя і музычная школы, амбулаторыя, бібліятэка імя П. Сергіевіча, пошта.

Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Казья́ны
  2. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  3. Koziany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 542.
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
  5. Кастусь Шыдлоўскі. Казяны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 14.
  6. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8. — С. 175.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be