Браслаў
Бра́слаў[2] (афіц. транс.: Braslaŭ) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Браслаўскага раёна, на паўночным беразе возера Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя на лініі Варапаева—Друя. Насельніцтва 9 817 чал. (2017)[3].
Назва
Упершыню назва Браслава згадваецца ў “Хроніцы Быхаўца” як Браславль[4] і ў Хроніцы М. Стрыйкоўскага як Braslaw[5] (абодва летапісы датуюцца XVI ст.). У абодвух выпадках згадка адбываецца ў сувязі з рухам на ўсход літоўскіх князёў - міфалагізаваных Кернуса і Гімбута.
Найбольш вядомая версія пра паходжанне назвы Браслава ад імя полацкага князя Брачыслава Ізяславіча, унука Рагнеды.
Больш верагоднай выглядае сувязь з латышскім словам brasla “брод”: Браслаў узнік на месцы балцкага паселішча на Замкавай гары, размешчанай паміж азёрамі Дрывяты і Навята, і ля гары сапраўды цячэ пратока паміж гэтымі азёрамі[6]. Апроч таго, у Латвіі вядомая рака Brasla[7].
Гісторыя
У пісьмовых крыніцах вядомы пад назвамі Браславль, Браслав Завельский, Брячиславль, Брятисав. Упершыню згадваецца пад 1065 г. у «Хроніке» М. Стрыйкоўскага, якая ў сваёй легендарнай частцы гісторыі не выклікае асаблівага даверу навукоўцаў. На думку некаторых даследчыкаў, Браслаў быў заснаваны полацкім князем Брачыславам Ізяславічам як памежнае ўмацаванне Полацкага княства. Гэты факт пацвярджаюцца археалагічнымі дадзенымі. Дзяцінец старажытнага Браслава размяшчаўся на перасмыку паміж азёраў Дрывяты і Навята на Замкавай гары, быў умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, побач нахадзіўся пасад[8]. У XI — XIII стст. памежны горад Полацкага княства. З пачатку XIV ст. вялікакняскае ўладанне. У XIV ст. Браслаў завяшчаны вялікім князем Гедымінам малодшаму сыну Яўнуту. У час выступлення Свідрыгайлы яго войскі ў Браславе злучыліся з сіламі Лівонскага ордэна (1434 г.) і татарскай конніцай (1435 г.) — саюзнікамі Свідрыгайлы ў барацьбе з Жыгімонтам Кейстутавічам.
8 кастрычніка 1500 г. вялікі князь Аляксандр у час знаходжання ў Браславе даў гораду прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае), які некалькі разоў пацвярджаўся. Герб «Вока прадбачання» (сімвалічная выява чалавечага вока ў трохвугольніку на фоне сонечных промняў) горад атрымаў 2 чэрвеня 1792 г. у адпаведнасці з прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1506 г., пасля смерці вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, належаў яго жонцы Алене, якая пасялілася ў Браславе. Алена заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр, дзе памерла ў 1513 г. 3 1500 г. вядомы Браслаўскі мужчынскі манастыр на востраве воз. Неспіш (спачатку праваслаўны, пазнен уніяцкі). У 1517 г. праз Браслаў праязджаў дыпламат і падарожнік С. Герберштэйн, які адзначыў размяшчэнне горада каля вялізнага возера.
У 1793 — 1795 гг. існавала Браслаўскае ваяводства. У XIX ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага павета. З 1921 г. ў складзе Польшчы.
Перыяд Беларускай ССР
З 1939 г. у БССР, з 1940 г. цэнтр Браслаўскага раёна.
Другая сусветная вайна
3 чэрвеня 1942 г. было знішчана 2000 чал. яўрэйскай нацыянальнасці[9].
6 красавіка 1944 г. каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава знішчыла атрад Арміі Краёвай пад кіраўніцтвам Казіміра Краўзэ «Ваўжэцкага». У баі загінуў 21 салдат АК, партызаны дабілі раненых[10].
Гарадская сімволіка
Упершыню герб быў атрыманы Браславам 2 чэрвеня 1792 г. па прывілеі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы. Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохвугольнік — гэта трыадзінства Бога — Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай. «Вока Божае» на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.
Цяперашнія герб і сцяг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 года.
- Апісанне герба
У блакітным полі барочнага шчыта залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з выявай вока — вока Божага благаславення.
- Апісанне сцяга
Сцяг горада Браслава ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, пасярэдзіне знаходзіцца блакітная паласа шырынёй, роўнай 1 / 3 шырыні палотнішча, у цэнтры якой — выява герба горада Браслава.
Пры распрацоўцы каляровага эталона герба горада Браслава раённая камісія кіравалася ўжо існуючымі гістарычнымі рэканструкцыямі герба. Дакумент «Грамата на аднаўленне правоў і вольнасцяў г. Браслава» ад 2 чэрвень 1792 г. не ўтрымлівае ніякай характарыстыкі каляровай гамы герба. Сцяг створаны з ужываннем асноўных колераў герба і ўласна яго выявы. Мастак — А. В. Леўчык.
У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Насельніцтва
- XVI стагоддзе: 1554 — каля 1 тыс. чал.[11]
- XX стагоддзе: 1913 — 1 550 чал.[11]; 1921 — 1 587 чал.[11]; 1939 — 4,9 тыс. чал.[11]; 1959 — 4,2 тыс. чал.[11]; 1995 — 10,7 тыс. чал.[11]
- XXI стагоддзе: 2009 — 9,9 тыс. чал.; 2016 — 9 857 чал.[12]; 2017 — 9 817 чал.[3]; 2019 — 9 899 чал.[1]
Эканоміка i турызм ——————
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці і сацыяльна-бытавога абслугоўвання. У Браславе функцыянуюць наступныя прадпрыемствы:
- ААТ «Браслаўскі льнозавод»,
- Філіял РУВП «Віцебскхлебпрам» Браслаўскі хлебазавод,
- УП «Браслаўскі коопзаготпром» — каўбасныя вырабы і мясныя паўфабрыкаты,
- Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».
Браслаў — цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Турагенцкую і тураператарскую дзейнасць ажыццяўляюць турысцка-аздараўленчае прыватнае дачэрняе УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (туркомплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». 2 гасцініцы, у т.л. «Заезны двор». Дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Леошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах». Размешчаны ў сэрцы Беларускага Паазер’я, Браслаў з даўніх часоў прыцягваў турыстаў. Штогод сотні тых, хто адпачывае з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і многіх іншых краін прыязджаюць у Браслаў купляцца ў чыстых азёрах, палавіць рыбу або агледзець славутасці азёрнага края. Горад стаіць на беразе найбуйнейшага ў раёне возера Дрывяты, на берагах якога маецца мноства пляжаў, кемпінгаў і баз адпачынку. У самім горадзе ёсць некалькі гасцініц і турбазы «Дрывяты». Акрамя таго, да паслуг адпачываючых многія мясцовыя жыхары ў летні перыяд здаюць дома або пакоі, даюць напракат лодкі, веласіпеды, паказваюць рыбныя месцы.
Транспарт
Браслаў мае добрае транспартнае паведамленне з іншымі гарадамі краіны. Праз горад праходзяць аўтадарогі Лагойск — Глыбокае — мяжа Латвіі, Полацк — Браслаў і Браслаў — Мядзел. Маюцца рэгулярныя аўтобусная зносіны з Рыгай, Мінскам, Віцебскам, Полацкам, Міёрамі, Глыбокім.
Гарадскі транспарт прадстаўлены 3 маршрутамі аўтобусаў. Чыгуначнага паведамлення ў Браславе няма.
Культура
- Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў (Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, Браслаўскі музей традыцыйнай культуры).
- Браслаўскі народны тэатр.
Славутасці
- Гарадзішча (ІХ — ХV стагоддзі), у цэнтры горада, на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навята, на Замкавай гары (14 м) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000174шыфр 213В000174
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1824)
- Свята-Успенская царква (1897) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
- Калодзежны шацёр (1924—1926) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000171шыфр 213Г000171
- Помнік на магіле доктара медыцыны Станіслава Нарбута (1927).
- Будынак былой земскай бальніцы, зараз у ім знаходзіцца Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр (1906) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000172шыфр 213Г000172
- Будынак былога староства (цяпер Браслаўскага райвыканкама; 1928—1929)
- Драўляны будынак былой чыгуначнай станцыі (пач. XX ст.)
- Гарадская забудова (XIX — 1-я пал. XX стст.)
- Млын (XIX — пач. XX стст.)
- Стараверская Пакроўская царква
- Брацкая магіла (1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000173шыфр 213Д000173
- Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны (1915—1918)
- Хрысціянскія могілкі
-
Склеп-пахавальня (кан. XIX — пач. XX стст.)
- Замкавая гара
- Краявід з Замкавай гары
- Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Успенская царква
- Калодзежны шацёр
- Будынак у закапанскім стылі. Арх. Ю. Клос
- Брацкая магіла
Вядомыя ўраджэнцы
Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Браслава
- Алег Буткевіч (нар. 1972) — беларускі каталіцкі дзеяч, біскуп віцебскі (з 2013 года).
- Мікалай Раманавіч Дзікоўскі (1886—?) — гісторык, краязнаўца, педагог, грамадскі дзеяч.
- Ігар Уладзіміравіч Магалінскі (нар. 1986) — беларускі гісторык, археолаг.
- Міхал Сапель (1967—2021) — каталіцкі святар, першы пробашч адроджанай парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) у Мінску.
- Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская — беларуская перакладчыца і выдавец.
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2019 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2018 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ ХРОНИКА БЫХОВЦА(нявызн.).
- ↑ ХРОНИКА польская, литовская, жмудская и всей Руси(нявызн.).
- ↑ 940 год з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах (1065) г. Браслава(нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 ліпеня 2017. Праверана 29 студзеня 2018.
- ↑ Brasla (Gaujas pieteka)(нявызн.).
- ↑ Семянчук, Г.М. Браслаў / Г. М. Семянчук // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 218 – 222. — ISBN 5-85700-077-7.
- ↑ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
- ↑ Płonące Kresy… S. 107
- 1 2 3 4 5 6 Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
- Markowski Damian. Płonące Kresy. Operacja «Burza» na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011, s. 320. ISBN 978-83-7399-454-6.
- Wojtkowiak Z. Sprawa przyłączenia Brasławia do Litwy. Przyczynek do tworzenia nowych podziałów terytorialnych w W. Ks. Litewskim // Ars historica. Prace z dziejów powszechnych i Polski. (UAM. Ser. Historia. № 71). — Poznań, 1976;
Спасылкі
- Геаграфічныя звесткі па тэме Браслаў на OpenStreetMap
- Браслаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Браслаў — westki.info Архівавана 2 красавіка 2009.
- Надвор’е ў горадзе Браслаў
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Віцебскай вобласці Катэгорыя·Былыя сельсаветы Беларусі Катэгорыя·Былыя сельсаветы Браслаўскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Браслаўскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Віцебскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.