Канвелішкі
Канве́лішкі[1] (трансліт.: Kanvieliški, руск.: Конвелишки) — аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Канвелішскага сельсавета. Насельніцтва 425 чал. (2014). Знаходзяцца за 21 км на паўночны ўсход ад Воранава, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Беняконі.
Гісторыя
Упершыню згадваюцца ў другой пал. XVII ст. як маёнтак Калвелішкі, уладанне Пражмоўскіх. Мясцовасць уваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Маёнтак уключаў двор, вёску Калвелішкі і мястэчка Смолінск (пазней Канвалішкі, назва захавалася да XX ст.).
Цягам XVIII ст. Канвелішкі знаходзіліся ва ўладанні Храптовічаў. У 1786 мясцовасць перайшла да Францішка і Мікалая Янкоўскіх. У канцы XVIII ст. каля двара збудавалі капліцу.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Канвелішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Дзевяніскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1808 Янкоўскія збудавалі ў мястэчку драўляны касцёл Св. Мікалая. Каля 1850 Канвелішкі сталі ўласнасцю Умястоўскіх. У 1880-я ў мястэчку дзейнічаў яўрэйскі малітоўны дом, працавалі 4 крамы, карчма і бровар.
У 1920 Канвелішкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Дзевянішкаўскай гміне Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Станам на 1921 у мястэчку было 39 двароў, у вёсцы — 25 двароў.
У 1939 Канвелішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Воранаўскага раёна. У паваенны час мястэчка і вёска злучыліся. Станам на 1971 у Канвелішках было 55 двароў, на 1997 — 145 двароў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1885 — каля 144 чал.
- XX стагоддзе: 1921 — 180 чал. у мястэчку Канвелішкі, 144 чал. у вёсцы Канвелішкі; 1971 — 170 чал. 1997 — 457 чал.[2].
Інфраструктура
У Канвелішках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Эканоміка
Дапаможны цэх вырабу абутку.
Славутасці
- Касцёл Найсв. Сэрца Ісуса (1916) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000691шыфр 412Г000691
- Могілкі старыя каталіцкія
Страчаная спадчына
- Касцёл Св. Мікалая (1808)
Вядомыя асобы
- Пётр Рудкоўскі (нар. 1978) — тэолаг, філосаф.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Валерый Шаблюк. Канвелішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 83.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Konwaliszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 366.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Канвелішкі
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Воранаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.