Каралеўства Конга
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Конга.
Каралеўства Конга (Wene wa Kongo, Kongo dya Ntotila) — гістарычная дзяржава ў Цэнтральнай Афрыцы. Сфарміравалася меркавана ў канцы XIV ст. Праіснавала да 1914 г.
Займала тэрыторыі поўначы сучаснай Анголы, захаду і цэнтральнай часткі Рэспублікі Конга. У пэўныя перыяды ў залежнасці ад Каралеўства Конга знаходзіліся дзяржаўныя ўтварэнні на захадзе сучаснай Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Сталіцай з’яўляўся горад Мбанза-Конга (Сан-Сальвадор) на тэрыторыі сучаснай Анголы. Асноўнае насельніцтва прадстаўляў народ баконга.
Першыя манархі мелі тытул маніконга (правадыры Конга). З 1556 г. зацвердзіўся тытул кароль, так мясцовыя манархі зваліся ў дыпламатычнай перапісцы з еўрапейскімі манархамі. У 1491 г. яны афіцыйна прынялі каталіцызм, таму Каралеўства Конга часцяком называюць першай хрысціянскай дзяржавай на поўдзень ад экватара. Каралеўства Конга адыграла значную ролю ў развіцці гандлёвых стасункаў паміж Афрыкай і еўрапейскімі калоніямі ў Паўднёвай Амерыцы, у тым ліку ў гандлі рабамі.
Гісторыя
Ранняя гісторыя
Да кантактаў з еўрапейцамі ў дзяржаве Конга не было пісьмовасці, і гісторыя перадавалася ў вуснай форме, таму перыядызацыя пачатку яе існавання мае ўмоўны характар. Даследчыкі мяркуюць, што продкі баконга з’явіліся ў Цэнтральнай Афрыцы ў сярэднявеччы[1]. Яны ўмелі здабываць і апрацоўваць металы, вырабляць кераміку, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам. Згодна паданням, да фарміравання адзінай дзяржавы тут ўжо існавалі дробныя дзяржаўныя ўтварэнні.
Заснавальнікам каралеўства і першым вярхоўным правадыром маніконга лічыцца Лукені луа Німі, што жыў на мяжы XIII ст і XIV ст або на мяжы XIV ст. і XV ст. У паданнях баконга ён маляваўся ці то як паважаны рамеснік, ці то як правадыр атрада воінаў. Лукені луа Німі здолеў аб’яднаць вакол сябе значныя тэрыторыі на поўдзень ад ракі Конга і парадніцца з дробным манархам Мані Кабунга. Паколькі ўлада перадавалася толькі па лініі маці, то род Кілукені, заснаваны Лукені луа Німі, атрымаў законную магчымасць кіраваць заваяванымі тэрыторыямі і пашыраць іх. Цэнтрам новай дзяржавы стаў горад Мбанза-Конга, пабудаваны на добра ўмацаваным узвышшы. Лукені луа Німі стварыў для падданых адзіныя законы[2].
К канцу XV ст. маніконга завершылі асноўны этап сваёй экспансіі. Яны кантралявалі землі ўздоўж атлантычнага узбярэжжа ад ракі Конга на поўначы да ракі Кванза на поўдні[3]. У залежнасці ад іх знаходзіліся суседнія дзяржавы Матамба, Ндонга, Лаонга, Нгоё, Каконга, і інш.
Хрысціянізацыя
У 1482 — 1488 гг. у выніку трох экспедыцый мараплаўца Дыёгу Кау[4] партугальцы адкрылі і даследавалі вусце ракі Конга і ўсталявалі кантакты з Каралеўствам Конга. У 1488 г. адбылося афіцыйнае пасольства маніконга Нзінга Нкуву ў Партугалію[5]. У 1491 г. атрад партугальцаў аказаў дапамогу маніконга ў задушэнні паўстання на поўначы краіны. 3 мая 1491 г. адбылося хрышчэнне Нзінга Нкуву і яго бліжэйшых паплечнікаў. У Мбанза-Конга пачалося будаўніцтва першага касцёла. Такім чынам Каралеўства Конга стала першай дзяржавай на поўдзень ад экватара, дзе пачало распаўсюджвацца хрысціянства.
Прыняцце маніконга хрысціянства не азначала хуткай еўрапеізацыі афрыканскай краіны. Нзінга Нкуву двойчы адракаўся ад яго і памёр паганцам. Адднанасць новай веры захаваў толькі Мвемба а Нзінга, адзін з яго сыноў. У 1506 г. пасля смерці бацькі і вайны з малодшым братам Пансу а Кітыму ён захапіў уладу і абвясціў сябе каралём Афонсу I[6]. Хрысціянскі манарх распачаў рэформы, што спрыялі паглыбленню адносін з Партугаліяй, — адкрыў школу на 400 вучняў, запрашаў да сябе місіянераў з Еўропы, пашыраў гандлёвыя сувязі, у тым ліку гандаль рабамі[7]. Менавіта Афонсу I і яго бліжэйшыя нашчадкі пачалі шырока выкарыстоўваць тытул кароль. Яго ўжывалі ва ўнутраных дакументах, а таксама ў дыпламатычнай перапісцы з Партугаліяй. У 1513 г. кангалезскі прынц Энрыке наведаў Рым і быў пасвечаны як біскуп Утыкі. Такім чынам ён стаў першым чарнаскурым іерархам Рымска-Каталіцкай Царквы[8]. Самастойная кангалезская дыяцэзія з цэнтрам у Мбанза-Конга была створана толькі ў 1596 г.
Шчыльныя ўзаемаадносіны з Партугаліяй і Рымам мелі спрэчныя наступствы. З аднаго боку, яны значылі ўцягненне Конга ў міжнародны гандаль, з’яўленне новых сельскагаспадарчых культур і тавараў, распаўсюджанне адукацыі. Партугальская карона і рымскія папы заўсёды падкрэслівалі сваю павагу ў адносінах да чарнаскурых манархаў. У афіцыйнай перапісцы каралі Партугаліі называлі іх братамі і падкрэслівалі роўнасць. Аднак ужо падчас кіравання Афонсу I ў каралеўстве Конга з’явілася шмат партугальцаў — місіянераў, гандляроў, прадстаўнікоў каралеўскіх улад, наёмнікаў і авантурыстаў. Яны не выказвалі павагі адносна мясцовых традыцый і законаў, дзейнічалі ў сваіх карыслівых інтарэсах. Многія місіянеры ўдзельнічалі ў гандлі рабамі, заключалі пагадненні з мясцовымі правадырамі, што саслабляла цэнтральныя ўлады. Місіянеры прымалі ўдзел у змовах супраць каралёў. У 1555 г. з Конга былі высланы езуіты[9]. Саслабленне каралеўскай улады ў Конга непакоіла партугальскіх манархаў, якія перыядычна выдавалі загады, што павінны былі абмежаваць усёдазволенасць іх падданых, імкнуліся манапалізаваць гандль рабамі, але іх загады на месцах не выконваліся.
Падпарадкаванне Партугаліі
У 1568 г. пачалося нашэсце на Конга з усходу і поўдню шматлікіх яга. Згодна партугальскім крыніцам, яга ўяўлялі ваенныя атрады, куды маглі ўваходзіць прадстаўнікі розных народаў. Яны спавядалі паганства і абвінавачваліся ў канібалізме[10]. Згодна меркаванню сучасных даследчыкаў яга маглі быць выхадцамі з дзяржавы Лунда. Нашчадкамі спусташальнікаў часам называюць народ яка. Нашэсце аказалася надзвычай спусташальным. Малады кароль Алвару I быў вымушаны пакінуць Мбанза-Конга і схавацца на адным з астравоў ракі Конга. Сталіца была разрабавана. У краіне пачаліся голад і эпідэміі.
Алвару I звярнуўся да партугальскага караля Афонсу V з запытам дапамогі[11]. У 1570 г. у Конга прыбыў атрад партугальскіх салдат і добраахвотнікаў на чале з Франсіску дэ Гавея. Ён разграміў асноўныя сілы яга, аб’яднаў армію Конга і вярнуў Мбанза-Конга. Алвару I быў вымушаны фармальна прызнаць сябе васалам партугальскай кароны і перадаць правы на Луанду. У 1575 — 1579 гг. армія Конга нават удзельнічала ў вайне партугальцаў супраць Ндонга. У далейшым Алвару I і яго нашчадкі імкнуліся пазбавіцца ад фармальнай залежнасці ад Партугаліі шляхам перагавораў з рымскімі папамі. Але сітуацыя толькі пагоршылася, калі Партугалія трапіла ў падпарадкаванне Габсбургаў. Філіп II лічыў Конга сваім неад’емным валоданнем, замінаў кантактам з папамі і праводзіў палітыку задавальнення інтарэсаў партугальскіх каланістаў. У Конга забаранялася ўвозіць агнястрэльную зброю, дазваляць будаваць там крэпасці еўрапейскага тыпу і прамысловыя аб’екты.
У 1622 г. губернатар Луанды адкрыта выступіў супраць Каралеўства Конга і з дапамогай наёмнікаў-яга нанёс паражэнне каралеўскай арміі. Многія ваеннапалонныя-хрысціяне былі прададзены ў рабства[12]. Гэта выклікала канфлікт паміж Урбанам VII і Філіпам IV. Філіп быў вымушаны пайсці на некаторыя саступкі, арганізаваў расследаванне і даў дазвол на пашырэнне місіянерскай дзейнасці ў Конга.
Кароль Гарсія II (1641 — 1661 гг.) пачаў перагаворы з галандцамі[13]. Каб набыць агнястрэльную зброю, ён падпісаў з імі гандлёвае пагадненне, але адмовіў у дазволе на місіянерскую дзейнасць кальвіністаў. Найбольш актыўны гандаль з галандцамі адбываўся да 1648 г., калі Галандская Ост-Індская кампанія захапіла Луанду. Армія Конга таксама ўдзельнічала ў вайне з партугальцамі. Пасля вяртання Луанды партугальцы абвінавацілі Гарсія II у супрацоўніцтве з ворагам і пад пагрозай ваеннага ўварвання прымусілі ў 1651 г. падпісаць новае пагадненне. Яно прадугледжвала шчодрыя грашовыя кампенсацыі, тэрытарыяльныя саступкі і абмежаванні ў правах на знешнія зносіны, у тым ліку з Рымам. У 1665 г. кароль Антоніу I, сын Гарсія II, загінуў у бітве супраць мяцежнікаў, падтрыманых партугальцамі[14]. З-за нязгоды паміж валадарамі правінцый аб прызначэнні адзінага караля ў Конга пачалася працяглая грамадзянская вайна, калі свае правы на трон абвяшчалі адразу некалькі прэтэндэнтаў. Сталіца Мбанза-Конга была спустошана і пакінута жыхарамі.
У 1704 г. да аднаго з прэтэндэнтаў на каралеўскі трон Педру IV з’явілася жанчына Беатрычэ, якая нібы прыняла дух Святога Антонія. Яна запатрабавала вярнуцца ў Мбанза-Конга, арганізаваць справядлівыя выбары караля і адраджэнне цэнтралізаванай дзяржавы. Паколькі жанчына дзеяла цуды, замілаваны Педру IV падпарадкоўваўся і паслаў сваіх прэтэндэнтаў да супернікаў і валадароў правінцый. Аднак тыя адмовіліся весці з ім перагаворы. Беатрычэ і яе прыхільнікі самастойна занялі пакінутую сталіцу і распачалі актыўную місіянерскую дзейнасць з заклікамі адражэння адзінай дзяржавы, барацьбы супраць паганцаў і ачышчэння хрысціянства ад фетышызму. Супраць “антаніянскай ерасі” выступіла Рымска-Каталіцкая Царква, але яна хутка набывала папулярнасць сярод жыхароў розных правінцый. У 1706 г. Педру IV захапіў Беатрычэ ў палон і пасля судовага працэсу загадаў спаліць яе. Пасля гэтага пачаўся пераслед антаніянцаў, якія адказвалі паўстаннямі. У 1708 г. паўстанне антаніянцаў прывяло да гібелі валадара адной з прыбярэжных правінцый, які лічыўся галоўным супернікам Педру IV. У 1709 г. Педру IV заняў Мбанза-Конга і абвясціў сябе адзіным каралём[15].
У далейшым, каб захоўваць цэнтралізаваную ўладу Педру IV і іншыя каралі Конга былі вымушаны ствараць фракцыі з найбольш магутных высакародных сем’яў, якім перадавалі значныя прывілегіі. Каралі паступова пазбаўляліся сваіх эканамічных манаполій. Яны траплялі ў рукі родавых аб’яднанняў маканда[16], што часцяком дзейнічалі насуперак каралеўскай уладзе і традыцыйным валадарам. У 1839 г. пад ціскам Вялікабрытаніі партугальскі ўрад забараніў гандаль рабамі на поўдзень ад экватара. Гэта пазбавіла каралёў Конга адной з найбольш важных крыніц прыбыткаў. Аднак неафіцыйны гандаль рабамі працягваўся. Ад каралеўскай манаполіі ён канчаткова перайшоў да маканда. У сярэдзіне XIX ст. родавыя аб’яднанні адкрыта ўмешваліся ў барацьбу за каралеўскую ўладу.
У 1857 г. каралём стаў падтрыманы маканда Педру V. Для перамогі над іншымі прэтэндэнтамі ён звярнуўся за ваеннай дапамогай да ўладаў Луанды і атрымаў яе. Наўзамен Педру V прызнаў Каралеўства Конга залежным ад Партугаліі і даў дазвол на размяшчэнне партугальскага гарнізона ў сталіцы. У 1888 г. ён яшчэ раз падцвердзіў залежнасць ад Партугаліі, якая была занепакоена магчымасцю прэтэнзій з боку іншых каланіяльных краін. Апошні кароль Мануэль III (1911 — 1914 гг.) быў вымушаны пагадзіцца на перадачу партугальцам значных тэрыторый, што выклікала народнае паўстанне. Яно было задушана партугальскімі салдатамі, пасля чаго незалежнасць Каралеўства Конга была фактычна ліквідавана[17].
Дзяржава
На чале Каралеўства Конга стаяў кароль маніконга, улада якога фармальна была неабмежавана і ўселяк сакралізавалася. Лічылася, што кароль можа кантраляваць надвор’е, выклікаць мёртвых і даваць дабрабыт жывым[18]. Традыцыйна каралеўская спадчына перадавалася мужчынам па жаночай лініі. Кароль мог перадаць яе свайму сыну толькі, калі быў жанаты на блізкай сваячцы. Звычайна пасля смерці караля збіралася рада высакародных выбаршчыкаў, якія прылюдна прызначалі манарха. Яны маглі не ўлічваць намер папярэдняга караля і жаданні яго сыноў. Такая сістэма прыводзіла да частых сутычак. Фактычна смерць кожнага караля суправаджалася ваеннымі дзеяннямі паміж спадчыннікамі.
Каралеўства Конга падзялялася на 6 правінцый, якія па еўрапейскаму прыкладу зваліся герцагствамі[19]. Насельніцтва розных правінцый некалькі адрознівалася па занятках, побыту і культурных традыцыях. Тытул герцагаў не быў спадчынным, яны звычайна прызначаліся каралём з ліку сваякоў або выскародных сем’яў. Найбольш важную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы адыгрывалі прыморскія герцагствы. З XVI ст. герцагі правінцыі Мбамба імкнуліся кантраляваць каралеўскі двор, часцяком узначальвалі каралеўскую армію. Герцагі правінцыі Саё, наадварот, імкнуліся да незалежнасці. Герцагствы падзяляліся на графствы, а тыя ў сваю чаргу — на абшчыны, што кіраваліся традыцыйнымі правадырамі мані. Ужо ў часы Лукені луа Німі вылучаліся шлехетныя роды муконга, паміж якімі размяркоўвалася ўлада.
Каралеўская армія складалася з лёгкай пяхоты, ўзброенай лукамі і стрэламі, і цяжкай пяхоты з мячамі і вялікімі шчытамі. Відавочна, існавала сістэма кармлення. Паводле яе розныя часткі арміі былі раскіданы па краіне і знаходзііся на забеспячэнні мясцовых жыхароў. Яны ўзначальваліся рэгіянальнымі кіраўнікамі. З пачатку XVI ст. у арміі Каралеўства Конга служылі наёмнікі і добраахвотнікі-партугальцы, што карысталіся агнястрэльнай зброяй. У апошняй чвэрці XVI ст. быў сфарміраваны асобны атрад мушкецёраў. У XVII ст. у сувязі з частымі ваеннымі сутычкамі дзейнічала прызыўная сістэма, прычым ў армію набіралі не толькі дарослых мужчын, але таксама жанчын і юнакоў[20].
- З’яўленне караля Конга перад сваімі падданымі і партугальскімі пасламі
- Галандскія паслы перад каралём Конга
Эканоміка
Баконга здаўна займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рамеснай вытворчасцю. Земляробства было пераважна ручным, прычым праца па апрацоўцы палеткаў і збор ураджаю пакладаліся на жанчын. Земляробчыя традыцыі не былі прымітыўнымі, улічвалі чарагаванне культур, угнаенне і г. д. Баконга вырошчвалі проса, бабовыя, агуркі, клубневыя, некалькі відаў пальм, арэх кола і інш. У выніку кантактаў з еўрапейцамі з’явіліся кукуруза, тытунь, цукровы трыснёг, апельсіны. У XVI — XVII стст. еўрапейцы ўзгадвалі статкі кароў, свінняў, коз, авечак, курэй, але з-за частых войн жывёлагадоўля перастала мець важнае значэнне. Рамеснікі здабывалі і апрацоўвалі медзь і жалеза, выраблялі кераміку і тканіны. Медныя бранзалеты каралі Конга даравалі каралям Партугаліі. Еўрапейцы высока цанілі мясцовыя тканіны, асабліва з пальмы роду рафія[21].
Большасць населеных пунктаў былі невялікімі па памерах вёскамі, злучанымі сеткай дарог і сцяжын. У кожнай правінцыі меліся умацаваныя шматлюдныя гарады. Сталіцу Мбанза-Конга партугальцы параўноўвалі па памерах з Эварай. Нават у мірны час вандроўкі паміж населенымі пунктамі не былі бяспечнымі, таму ўнутраныя гандлёвыя зносіны ажыццяўляліся караванамі. Галоўнай грашовай адзінкай з’яўляліся ракавіны малюскаў нзімбу[22]. Іх здабывалі на паўднёвым узбярэжжы краіны. Здабыча ракавін лічылася манаполіяй караля. Партугальцы ўвозілі ў Конга ракавіны каўры, што выклікала інфляцыю і павелічэнне коштаў. Кароль Гарсія II імкнуўся пераўтварыць у грошы кавалкі тканіны з пальмы рафія[23], але грошы-ракавіны ўжываліся да XX ст.
Ракавінамі нзімбу выплочвалі падаткі. Разам з гэтым, існавалі натуральныя выплаты ў выглядзе свойскай жывёлы, гародніны, алею, тканін, нават рабоў[24]. Падаткі не былі фіксаваны. Мясцовыя правадыры збіралі іх у абшчыннікаў, потым накіроўвалі герцагам. Двойчы на год герцагі везлі караваны з падаткамі да караля. Калі той заставаўся задаволеным, у наступны раз выплочваўся той жа падатак. Незадаволенасць вяла да павелічэння збораў. З сярэдзіны XVII ст. збор падаткаў раз на год ажыццяўлялі спецыяльныя каралеўскія ваенныя атрады. Вялікія герцагі правінцыі Сою карысталіся імунітэтам і збіралі падаткі самастойна.
Каралеўства Конга адыграла выключна вялікую ролю ў арганізацыі і ўдзеле ў міжатлантычным гандлі рабамі. Рабства існавала да з’яўлення еўрапейцаў. У другой палове XVI ст. місіянеры паведамлялі, што муконга мелі значную колькасць рабоў, якіх узялі ў палон або купілі, і што колькасць рабоў такая ж, як колькасць свабодных людзей[25]. У рабства траплялі ваеннапалонныя, дзеці рабоў, даўжнікі і злачынцы. Найгоршае становішча мелі ваеннапалонныя. Іх таўравалі, дрэнна кармілі, прадавалі за акіян ці паганцам для ахвярапрынашэнняў. Хатнім рабам, што жылі ў сям’і на працягу пакаленняў, дазвалялася мець маёмасць, гандляваць, выкупаць сябе. Пры жаніцьбе на свабоднай жанчыне дзеці раба лічыліся свабоднымі.
Каланізацыя партугальцамі Бразіліі патрабавала таннай працоўнай сілы, якой сталі рабы з заходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Пры каралі Афонсу I яны ператварыліся ў важны тавар, што баконга прапаноўвалі на знешні рынак. Першапачаткова скупкай рабоў на тэрыторыі Конга манапольна займаліся прадстаўнікі кампаніі караля Партугаліі. Поруч з імі дзейнічалі нелегальныя гандляры. Продаж рабоў быў надзвычай выгоднай справай для мясцовых жыхароў. Гэта стымулявала шматлікія злачынствы. У 1526 г. Афонсу I скардзіўся каралю Партугаліі, што гандляры пракраліся ва ўсе куты яго краіны, штодзень выкрадаюць людзей, нават высакародных, нават чальцоў каралеўскай сям’і[26]. У выніку рабы аказваліся ў партовых гарадах, дзе знаходзіліся ў дрэнным стане, часцяком гінулі да адпраўкі за акіян. У XVIII — XIX стст. становішча рабоў, у тым ліку хатніх, яшчэ больш пагоршылася[27]. Нелегальны гандаль рабамі існаваў у Конга да пачатку XX ст.
Літаратура
- Heywood, L. Central Africans, Atlantic Creoles, and the Foundation of the Americas, 1585-1660. / Linda M. Heywood, John K. Thornton. — Cambridge University Press, 2007. ISBN 9780521770651
- Renton, D. The Congo: Plunder and Resistance. / Leo Zeilig, David Renton, David Seddon. — New York: Zed Books, 2007. ISBN 9781848136311
Спасылкі
Каралеўства Конга на Вікісховішчы |
- Kingdom of Kongo 1390 – 1914
- History Kingdom of Kongo - Federation of Free States of Africa
- LINDA M. HEYWOOD, SLAVERY AND ITS TRANSFORMATION IN THE KINGDOM OF KONGO: 1491–1800
- The wealth of Africa. The kingdom of Kongo Архівавана 22 студзеня 2016.
- OLIVER HIRSCH, A Short History of the Kingdom of Kongo
Зноскі
- ↑ Kongo Tribe: Tribal People of Africa
- ↑ LaGamma, А. Kongo: Power and Majesty. / Alisa LaGamma and contributors. — New York: The Metropolitan Museum of Art, 2015
- ↑ PRE-COLONIAL AFRICAN KINGDOM OF KONGO: ONCE A GREAT COLOSUS
- ↑ Diogo Cão - Portuguese Explorer
- ↑ Mancall, P. The Atlantic World and Virginia, 1550-1624. — UNC Press Books, 2012. P. 202
- ↑ Afonso I Архівавана 10 лістапада 2017.
- ↑ Kongo HISTORICAL KINGDOM, AFRICA
- ↑ Henrique (Dom)
- ↑ Nzinga Mpudi
- ↑ José Rivair Macedo, Jaga, Cannibalism and the “Guerra Preta”: the Mbangalas, between the european myth and the social realities of Central Africa in the XVII century
- ↑ Kongo HISTORICAL KINGDOM, AFRICA
- ↑ Thornton, J., Mosterman, A. A Re-Interpretation of the Kongo-Portuguese War of 1622 According to New Documentary Evidence. // The Journal of African History, 2010. Vol. 51. P. 237 - 238
- ↑ Kingdom of Kongo 1390 – 1914 South African History Online
- ↑ Encyclopedia of African Colonial Conflicts. Vol. 1. / Ed. by Timothy J. Stapleton. - ABC-CLIO, 2016. P. 460
- ↑ Орлова, А. История государства Конго; XVI-XVII века. - М.: Наука, 1968. С. 129 - 137
- ↑ Гл.: MacGaffey, W. Kongo Political Culture: The Conceptual Challenge of the Particular. — Indiana University Press, 2000
- ↑ Vos, J. Kongo in the Age of Empire, 1860–1913: The Breakdown of a Moral Order. - University of Wisconsin Press, 2017
- ↑ PRE-COLONIAL AFRICAN KINGDOM OF KONGO: ONCE A GREAT COLOSUS
- ↑ Орлова, А. История государства Конго; XVI-XVII века. - М.: Наука, 1968. С. 182 - 188
- ↑ PRE-COLONIAL AFRICAN KINGDOM OF KONGO: ONCE A GREAT COLOSUS
- ↑ History Kingdom of Kongo — Federation of Free States of Africa
- ↑ Hogendorn, J., Johnson, M. The Shell Money of the Slave Trade. — Cambridge University Press, 2003
- ↑ PRE-COLONIAL AFRICAN KINGDOM OF KONGO: ONCE A GREAT COLOSUS
- ↑ Орлова, А. История государства Конго; XVI—XVII века. — М.: Наука, 1968. С. 210
- ↑ Орлова, А. История государства Конго; XVI—XVII века. — М.: Наука, 1968. С. 271
- ↑ NATHAN NUNN, THE LONG-TERM EFFECTS OF AFRICA’S SLAVE TRADES
- ↑ Heywood, L. Slavery and Its Transformation in the Kingdom of Kongo, 1491—1800. // Journal of African History. Vol 50. No 1. 2009. P. 1 — 22
Катэгорыя·Былыя краіны
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.