Каханавічы
Каха́навічы[1] — аграгарадок у Беларусі, каля рэк Бярозаўка і Водзьга[2]. Цэнтр сельсавета Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Насельніцтва 600 чал. (2010). Знаходзяцца за 20 км на паўночны ўсход ад Верхнядзвінска, за 194 км ад Віцебска[3], на скрыжаванні аўтамабільных дарог на Верхнядзвінск, Расоны, граніцу з Расіяй.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Каханавічы згадваюцца ў XVII стагоддзі як уладанне Лавейкаў. Мясцовасць уваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Каля 1628 года Крысціна Лавейка выйшла замуж за Яўстаха Храпавіцкага. Пазней Каханавічы перайшлі да Навачынскіх. У 1694 годзе Фларыян і Эва Навачынскія фундавалі тут царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасля 1710 года іхняя адзіная дачка Марыяна выйшла замуж за Аляксандра Рудаміну-Дусяцкага. Апошні прадаў Каханавічы Дамініку Храпавіцкаму. Ад Дамініка мясцовасць перайшла да яго сына Яўстаха, які разам са сваёй маці Ружай з Рыпінскіх у 1750 годзе збудаваў тут новую царкву на месцы старой.
У складзе Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Каханавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Дрысенскім павеце Віцебскай губерні. Мястэчка знаходзілася ва ўладанні Храпавіцкіх. У 1823 годзе Яўстах Храпавіцкі пабудаваў тут каталіцкую капліцу Маці Божай. У другой палове XIX стагоддя ў мястэчку было 26 двароў, працавалі бальніца і школа.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Каханавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Каханавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня паселішча было перададзена ў склад РСФСР. У 1924 годзе Каханавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. У 2009 годзе Каханавічы атрымалі афіцыйны статус аграгарадка.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1838 — 359 чал. (177 муж. і 182 жан.), з іх шляхты 36 муж. і 38 жан., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 3 жан., купцоў-хрысціян 6 муж. і 5 жан., мяшчан-хрысціян 2 муж. і 3 жан., мяшчан-іўдзеяў 76 муж. і 87 жан., сялян памешчыцкіх 37 муж. і 29 жан., аднадворцаў 14 муж. і 11 жан., адстаўных салдатаў 4 муж. і 6 жан.[4]; 1883 — 272 чал.[5]
- XX стагоддзе: 1904 — 24 чал.[6]; 1998 — 276 двароў, 609 жыхароў[3].
- XXI стагоддзе: 2010 — 600 чал.
Інфраструктура
У Каханавічах працуюць сярэдняя школа-сад, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Славутасці
- У Каханавічах знаходзіцца магіла І. Я. Храпавіцкага.
- Помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
- Магіла ахвяр фашызму.
Страчаная спадчына
- Капліца (1823)
- Сядзібна-паркавы комплекс Храпавіцкіх (XIX ст.)
- Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла (1878)
Вядомыя асобы
- Ігнат Храпавіцкі (1817—1894) — беларускі фалькларыст, грамадскі дзеяч.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 11. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
- 1 2 БелЭн, 1999
- ↑ Мястэчкі Беларусі, 2010
- ↑ ГСКП, 1883
- ↑ Памяць. Верхнядзвінскі раён, 2000
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Верхнядзвінскага р-на. У 2 кн. Кн. 2. — Мн.: Паліграфафармленне, 2000. — С. 354. — 395, [1] с. — ISBN 985-6351-07-3.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. — С. 416.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 189. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
- Kochanowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. — S. 224
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каханавічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Верхнядзвінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.