Крамяніца
Крамя́ніца[1] (трансліт.: Kramianica, руск.: Кремяница) — вёска ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Крамяніцкага сельсавета. Насельніцтва 158 чал. (1997). Знаходзіцца за 12 км на паўночны захад ад Зэльвы, за 4 км ад чыгуначнай станцыі Лябяды (лінія Ваўкавыск — Баранавічы), на рацэ Самараўка (Крамяніца).
Гісторыя
Упершыню Крамяніца згадваецца ў 2-й палове XV ст. як двор Рачковічаў у Ваўкавыскім павеце. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандр пацвердзіў правы на маёнтак кухмістру вялікай княгіні Алены Мікалаю Юндзілавічу (Рачковічу). Юндзілы-Рачковічы валодалі Крамяніцай на працягу XVI—XVIII ст. На карце Т. Макоўскага (1613) паселішча пазначыана як мястэчка. У XVII ст. маёнтак падзяляўся на 2 часткі: уласна Крамяніца і Крамяніца Старая (пазней Крамяніца Горная і Крамяніца Дольная). У 1617 годзе ў Крамяніцы Дольнай кашталян віцебскі Мікалай Вольскі заснаваў мураваны касцёл Святога Юрыя. У 1690 годзе Крамяніцай Дольнай (15 дымоў) валодаў віцебскі стольнік Міхал Юндзіл, у мястэчку Крамяніца было 82 дымы, 2 карчмы, 2 млыны. Станам на 1790 год — млын, карчма, шпіталь для бедных.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крамяніца ў складзе Расійскай імперыі, у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. Паводле перапісу (1897), была вёска Крамяніца Горная (32 двары, 2 крамы, кузня) і маёнтак Крамяніца Дольная, якімі валодаў граф дэ Жэльві. Пазней усе населеныя пункты зліліся ў адну вёску.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Крамяніца ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводства.
З 1939 года Крамяніца ў БССР, у 1940 годзе стала цэнтрам сельсавета Зэльвенскага раёна. Станам на 1972 год—84 двары, на 1997 год — 73.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1897 — 238 чал.
- XX стагоддзе: 1972 — 297 чал.; 1997 — 158 чал.[2]; 1998 — 158 жыхароў, 75 двароў[3].
Інфраструктура
Сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Славутасці
- Капліца могілкавая (XIX ст.)
- Касцёл Божага Цела і Святога Юрыя (1617—1620) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000273шыфр 412Г000273
Страчаная спадчына
-
Кляштар канонікаў латэранскіх (XVII ст.)
- Кляштарны комлекс
- Званіца касцёла
- Агароджа касцёла
- Помнік ля касцёла
- Кляштар. Гаспадарчая пабудова
- Кляштар. Афіцына
- Могілкі
- Капліца могілкавая
- Архаічная кропельніца каля капліцы
Вядомыя асобы
- Людміла Мікалаеўна Чумак (1950—2009) — беларускі мовазнавец, спецыяліст у галіне рускага і беларускага мовазнаўства. Доктар філалагічных навук (1999), прафесар (2004).
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Валерый Шаблюк. Крамяніца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 247.
- ↑ Крамяніца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8. — С. 448.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Krzemienica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 775.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крамяніца
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Зэльвенскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.