wd wp Пошук:

Крыўск (Буда-Кашалёўскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Крыўск.

Крыўск[1] (трансліт.: Kryŭsk, руск.: Кривск) — аграгарадок у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Крыўскага сельсавета.

Геаграфія

Размяшчэнне

У 16 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 34 км ад Гомеля.

Гідраграфія

Рака Іволька (прыток ракі Уза).

Транспартная сетка

Побач аўтадарога Жлобін — Гомель.

Планоўка складаецца з ледзь выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да цэнтра якой з захаду пад прамым вуглом далучаецца кароткая прамалінейная вуліца. На ўсходзе паралельна да галоўнай ідуць тры кароткія прамалінейныя вуліцы. Забудова двухбаковая, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Гісторыя

Знойдзены ў 1901 годзе скарб з іспана-нідэрландскіх, галандскіх, польскіх і іншых манет XVII стагоддзя сведчыць пра дзейнасць чалавека на гэтай тэрыторыі з даўніх часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з канца XIX стагоддзя як паселішча ў Чабатовіцкай воласці Беліцкага павета Магілёўскай губерні. Памешчыца Пазняк мела ў вёсцы ў 1830 годзе 251 дзесяціну зямлі і млын. Затым вёска была ў валоданні памешчыкаў Радевича і Караткевіча. Па рэвізскіх матэрыялах 1859 года ў складзе маёнтка Аляксандрава, у валоданні В. Быкоўскага. Гаспадар аднайменнага маёнтка валодаў у 1878 годзе 1028 дзесяцінамі зямлі і піцейным домам. Дзейнічала Нікалаеўская царква на могілках, якой у 1876 годзе была капітальна адрамантавана. У 1883 годзе ў Чабатовіцкай воласці Гомельскага павета. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: царква, 2 хлебазапасныя магазіны, 2 вятракі, 2 алейні, карчма. У народным вучылішчы ў 1907 годзе было 67 вучняў.

З 8 снежня 1926 года цэнтр Крыўскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёнаў Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.

У 1930 годзе арганізаваны калгас імя С. М. Будзённага, працавалі льнозавод (з 1932 гады), шавецкая майстэрня, гамарня, 2 вятракі, сталярная майстэрня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны На франтах загінулі 158 жыхароў. У памяць пра загінуўшых у цэнтры вёскі ў 1973 годзе ўсталяваны скульптурная группа і сцяна з імёнамі загінуўшых.

У 1969 годзе ў вёску перасяліліся жыхары пасёлкаў Будзішча, Дуброўка. Цэнтр калгаса імя В. І. Чапаева. Ільнозавод, пільня, млын, швейная майстэрская, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, сталовая, 4 крамы.

Насельніцтва

Колькасць

  • 2004 год — 272 гаспадаркі, 694 жыхара.

Дынаміка

  • 1883 год — 82 двары, 384 жыхара.
  • 1897 год — 150 двароў, 964 жыхара (паводле перапісу).
  • 1959 год — 719 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 272 гаспадаркі, 694 жыхара.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).

Літаратура

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be