wd wp Пошук:

Ленін (Жыткавіцкі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ленін, значэнні.

Ле́нін[2] (трансліт.: Lienin, руск.: Ленин) — аграгарадок у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ленінскага сельсавета.

Размешчана на правым беразе Случы, на 9-м кіламетры шашы Мікашэвічы — Салігорск (Р23), за кіламетраў пятнаццаць ад Мікашэвічаў.

Гісторыя

У прывілеі Жыгімонта Аўгуста князю Юр’ю Алелькавічу ад 1568 г. на заснаванне мястэчка згадваецца яго назва — Ленін (упершыню ў пісьмовых крыніцах).

Заснавальнік мястэчка, князь Слуцкі, удзельнік Лівонскай вайны Юрый Алелькавіч пры атрыманні прывілея на разбудову мястэчка верагодна ўжо меў у спадчыне гэтыя землі са згаданым тапонімам. Яго бацька, таксама Юрый Алелькавіч, князь Слуцкі, удзельнік Аршанскай бітвы 1514 года, быў жанаты з Аленай, народжанай Радзівіл. Магчыма менавіта для яе стары пан Алелькавіч зрабіў той легендарны падарунак — сядзібу з імём каханай князёўны Алены.

У спісах населеных пунктаў Расійскай імперыі, якія складаліся Геаграфічным таварыствам пры Акадэміі навук, у Еўрапейскай частцы краіны лічыцца толькі адно пасяленне ў форме «Ленін» — мястэчка ў глыбіні Беларускага Палесся. Згодна з гістарычнымі даведкамі 5-га тома «Геаграфічнага слоўніка», выдадзенага ў Польшчы ў 1884, «Ленін — мястэчка з абшчынным кіраваннем. З першай чвэрці XIX ст. стала ўласнасцю князёў Вітгенштэйнаў. Мястэчка мае 75 пасёлкаў-двароў, мост на Случы. Абшчына складаецца з 13 вясковых старастваў, 40 вёсак і налічвае 1729 сялян мужчынскага полу…»

У адпаведнасці з Рыжскім дагаворам паміж СССР і Польшчай 1921 года Ленін да 17 верасня 1939 года знаходзіўся пад уладай белага арла. Палякі мала надавалі яму ўвагі, таму што Ленін быў на самым краю крэсаў, неаднаразова спрабавалі перайменаваць яго. Ленін быў цэнтрам Ленінскай гміны — ніжэйшай адміністрацыйнай адзінкі — Палескага ваяводства. У савецкі час з 1940 па 1950 год цэнтр Ленінскага раёна (з 1950 года да скасавання раёна ў 1960 годзе адміністрацыйным цэнтрам былі Мікашэвічы). Дашчэнту зруйнаваны, спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ленін з мястэчка паступова пераўтварыўся ў звычайную вёску. Фашысты знішчылі амаль усё насельніцтва, усіх да аднаго з больш як 2000 яўрэяў, якія складалі большасць жыхароў. Гэта была самая страшная трагедыя, якую давялося перажыць мястэчку за ўсю гісторыю яго існавання. Мемарыял ахвярам Халакоста можна пабачыць пры ўваходзе на старажытныя іўдзейскія могілкі. Яны ўнікальныя і самі сабой. Старыя надмагіллі там — драўляныя. Сотні помнікаў, выразаных з тоўстага дрэва. Гэткіх драўляных яўрэйскіх надмагілляў, густа спярэшчаных тэкстамі і разбою, няма больш нідзе ў Беларусі. Пасля вызвалення Леніна тут не засталося ніводнай драўлянай хаты, згарэлыя цагляныя будынкі сяляне разбіралі на печы. 9 студзеня 1952 года статус Леніна панізілі з гарадскога пасёлка да вёскі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Сцяблевіцкага сельсавета, які быў перайменаваны ў Ленінскі[3].

  • Мястэчка на старых здымках
  • Агульны выгляд мястэчка, 1928 г.Агульны выгляд мястэчка, 1928 г.
  • Царква, 1930-я гг.Царква, 1930-я гг.
  • Касцёл, да 1939 г.Касцёл, да 1939 г.
  • Вуліца Падліп’я ўвеснуВуліца Падліп’я ўвесну
  • Вуліца Вялікая ўвеснуВуліца Вялікая ўвесну
  • Старая сінагога, 1906 г.Старая сінагога, 1906 г.
  • Новая сінагогаНовая сінагога
  • Мост цераз раку СлучМост цераз раку Случ

Назва

Ёсць легенда, якую нельга, аднак, лічыць даставернай: была быццам у мясцовага памешчыка дачка Лена, якая ўтапілася ў Случы, і засмучаны бацька ў гонар яе назваў пасяленне Леніна.

У часы панавання палякаў назва паселішча была заменена на Саснковічы, генерал быў у іх, пагранічных войск, — Саснковіч, а то раней спрабавалі даць назву Згарэлае.

У савецкія часы — гарадскі пасёлак, цэнтр раёна, а потым вёска Леніна, па другіх дакументах — Лінін, і зусім рэдка сустракалася сапраўдная назва Ленін.

І нарэшце ў лютым 1975 года адбылася афіцыйная змена тапаніма — пасёлак зноў пачаў называцца Ленін, што адпавядала гістарычнай аб’ектыўнасці.

Насельніцтва

ГодТыпЧалавекДвароў
188620422
1908мястэчка980[4]-
19091019[5]196
1994893320
2017723

Славутасці

Свята-Крыжаўзвіжанская капліца
Яўрэйскія могілкі
Капліца на могілках
  • На старых праваслаўных могілках, у сасновым бары, ацалеў цікавы помнік драўлянага дойлідства: Свята-Крыжаўзвіжанская капліца ў гонар скасавання прыгону ў 1861 годзе. Будынак спарахнеў амаль дашчэнту за паўтара стагоддзі, але яшчэ стаіць.
  • На вясковых могілках пахавана 1200 мірных жыхароў, расстраляных 16 лютага 1943 года ў час карнай экспедыцыі. У 1964 годзе на магіле пастаўлена стэла: «16 лютага 1943 года фашысцкія варвары спалілі звыш 1200 мірных грамадзян г.п. Ленін».
  • Яўрэйскія могілкі. Адзіныя ў Беларусі яўрэйскія могілкі з захаванымі драўлянымі помнікамі.
  • Шараговая забудова
  • Праваслаўная капліца
  • Вытворчы корпус (?)
  • Царква Раства Багародзіцы (2000-я)

Страчаная спадчына

  • Сінагога
  • Сядзіба Радзівілаў
  • Царква Нараджэння Божай Маці

Вуліцы

  • 17-га верасня вуліца
  • Інтэрнацыянальная вуліца
  • Камсамольская вуліца
  • Ленінская вуліца
  • Лясная вуліца
  • Міра вуліца
  • Моладзевая вуліца
  • Першамайская вуліца
  • Рэвалюцыйная вуліца
  • Садовая вуліца
  • Савецкая вуліца

Выбітныя асобы

  • Адам Сідаравіч Чопчыц — беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, хормайстар, педагог, заслужаны дзеяч культуры БССР (1963)
  • Рыгор Уладзіміравіч Бабчанок — беларускі паэт, дырэктар саўгаса, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі (2015), сябра Беларускага аграпрамысловага Саюза.

Зноскі

  1. http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/homielskaja.htm
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. Т. 2: (1944―1980 гг.). — 1987. — 281 с.
  4. 68 жыхароў пражывалі ў маёнтку Ленін.
  5. 63 жыхары пражывалі ў маёнтку Ленін.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be