Лужасна
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лужасна, значэнні.
Лу́жасна[1] (трансліт.: Lužasna, руск.: Лужесно) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Мазалаўскага сельсавета. Размешчана за 12 км ад Віцебска (ад цэнтра горада), за 2 км ад чыгуначнай станцыі Лужасна пры ўпадзенні ракі Лужаснянка ў Заходнюю Дзвіну.
Гісторыя
Археалагічныя помнікі паблізу вёскі (гарадзішча і селішча) сведчаць, што гэтая мясцовасць была заселена ў глыбокай старажытнасці. У XV—XVI стст. вёска вядома як велікакняжацкае ўладанне Вялікага Княства Літоўскага. У 1530 г. вёска — цэнтр воласці, належала памешчыку Віцебскага ваяводства Маладзеню. У Лужасне да Паўночнай вайны — праваслаўная царква Святога Мікалая, двор уладальніка. У вёсцы 100 жыароў, у іх ліку 20 плытагонаў, 15 стругавых цесляроў. Падчас вайны пастоямі і праходамі войск, эпідэміяй Лужасна было спустошана, тут застаўся 1 селянін, а навокал, як пісаў відавочца, толькі магілы і сляды былых сядзіб, якія зараслі быльнягом. У 1717 г. Лужасна — каралеўшчына, дзе больш за 30 гаспадароў-сялян, якія мелі 1/8—1/3 службы. Яны плацілі 150 злотых чыншу, апрача гэтага аддавалі ўладальніку 90 салонак збожжа, 10 пудоў мёду, урадніку — 24 салонкі збожжа. Мелася карчма. У 1740 г. тут заснавана мукамольная вытворчасць.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Лужасна ў складзе Расійскай імперыі. У 1815 г. тут пабудавана мураваная праваслаўная царква Узвіжання Крыжа Гасподня. У 1834 г. у вёсцы 374 рэвізскія сялянскія душы. У 1846 г. маёнтак, у склад якога ўваходзіла 17 вёсак, прыватная ўласнасць памешчыка маёра і кавалера Мікалая Енькі, які меў 696 сялян і 3188 дзесяцін зямлі. Сялянам належала 1187 дзесяцін зямлі. У вёсцы размяшчаўся збожжазапасны магазін. Штогод 14 верасня тут адбываўся кірмаш. У 1863 г. на мукамольнай вытворчасці ў Лужасне працавала 10 рабочых, выраблялася мукі на 27 тыс. руб.
У 1900 г. пры царкоўнапрыходскай школе, якая існавала з 1863 года, адкрыты інтэрнат на 30 месц. У 1903 г. ў Лужасне быў вятрак. У 1905 г. маёнтак (1 двор, 7 жыхароў) належаў Віцебскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якое валодала 13 дзесяцінамі зямлі. Засценак (3 двары, 9 жыхароў) меў 39 дзесяцін зямлі. Цвінтар (3 двары, 9 жыхароў) належаў царкве, якая мела 38 дзесяцін зямлі. У 1909 г. у Лужасна адкрыта земляробчая школа.
У 1920 г. у маёнтку арганізавана сельскагаспадарчая арцель, у 1922 г. саўгас «Лужасна». Працавала кузня, сталярная майстэрня. З 20 жніўня 1924 г. вёска ў Бараўлянскім сельсавеце Лосвідскага, з 29 кастрычніка 1924 г. — Кузняцоўскага, з 26 сакавіка 1927 г. — Віцебскага раёна і акругі, з 20 лютага 1938 г. — Віцебскага раёна і вобласці. У 1928 г. на сукнавалцы працавала двое рабочых.
З ліпеня 1941 па чэрвень 1944 гг. вёска акупіравана нямецкімі войскамі, якія ў 1941—1943 гг. знішчылі тут многія сотні ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў. На фронце загінула 12 вяскоўцаў, у партызаназ 3. Пасля вайны вёска адбудавалася. Да 20 снежня 1960 г. вёска ў складзе Біцялёўскага сельсавета, пасля — у Мазалаўскім сельсавеце[2], цэнтр вучэбна-доследнай гаспадаркі «Лужасна». 14 ліпеня 1967 г. з вёскай аб’яднаўся асфальтабетонны завод.
Славутасці
- Свята-Увазнясенская царква (Свята-Пакроўская, Пакроўская) (1908)
- Будынак былой Крыжаўзвіжанскай царквы (1815)
- Будынак былой земляробчай школы (цяпер аграрны каледж) з флігелем. Пабудавана ў 2-й палове 19 стагоддзя ў стылі «мадэрн», рэканструявана ў 1905—1909 гг.
- Могілкі былой вёскі Слабодка (першапачаткова — стараверскія).
- Дэндрапарк. Закладзены ў 1974 годзе ў гонар 30-годдзя вызвалення БССР ад нямецкіх акупантаў.
- Гарадзішча[3] — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000290шыфр 213В000290
- Селішча[3] — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000291шыфр 213В000291
- Памятны знак на месцы знішчэння савецкіх грамадзян. Усталяваны ў 1972 годзе, на паўночна-ўсходняй ускраіне Лужасна.
Установы адукацыі
- Віцебскае кадэцкае вучылішча.
- Аграрны каледж УА «Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» (Лужаснянскі дзяржаўны аграрны каледж імя Ф. А. Сурганава).
- УА «Лужаснянская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа».
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924).
- 1 2 Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. т.1 / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 1. — 768 с. — 50 000 экз. (руск.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9)
- Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — С. 225. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1. (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.