Лужкі (Шаркаўшчынскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лужкі.
Лужкі́[1] (трансліт.: Lužki, руск.: Лужки) — аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Мнюта. Адміністрацыйны цэнтр Лужкоўскага сельсавета. Насельніцтва 870 чал. (2003). Знаходзяцца за 32 км на ўсход ад Шаркаўшчыны, за 198 км ад Віцебска, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Падсвілле.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра маёнтак Лужкі датуецца 1519 годам. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Сапегаў, Жабаў, Чапскіх, Плятэраў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Лужкі ўвайшлі ў склад Полацкага ваяводства.
У 1741 годзе Валяр’ян Жаба запрасіў сюды манахаў-піяраў. У 1744 годзе ў Лужках адкрыўся піярскі калегіум, у 1756 годзе збудавалі мураваны касцёл. Пры калегіуме існавала бібліятэка. Паводле каралеўскага прывілея ад 14 студзеня 1745 г., Лужкі атрымалі статус мястэчка.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лужкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерні. У 1794 годзе тут збудавалі мураваную царкву. У 1862 года расійскія ўлады адкрылі ў Лужках земскае народнае вучылішча. Станам на 1886 год у мястэчку існавалі вадзяны млын, конная паштовая станцыя, малітоўны дом, народнае вучылішча, бровар, 14 крамаў. У 1901 годзе адкрылася царкоўнапрыходская школа.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лужкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства.
У 1939 годзе Лужкі ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. сталі цэнтрам сельсавета. Статус паселішча змянілі да вёскі.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1861 — 639 чал.; 1886 — 924 чал., 77 двароў.
- XX стагоддзе: 1905 — 1357 чал. у мястэчку Лужкі, 111 чал. у маёнтку Лужкі; 1921 — 1362 чал., 212 двароў; 1996 — 969 чал., 443 двары[2]; 1999 — 905 чал., 399 двароў[3].
- XXI стагоддзе: 2003 — 870 чал., 381 двор[4].
Інфраструктура
У Лужках працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, ветэрынарны пункт, амбулаторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Эканоміка
Лясніцтва, фермерскія гаспадаркі.
Памятныя мясціны
- Касцёл Святога Архангела Міхаіла (1744—1756)
- Вадзяны млын (XIX ст.)
- Могілкі: хрысціянскія; польскіх салдат
- Сінагога (XIX ст.)
- Царква Нараджэння Божай Маці (1794)
- Брацкая магіла савецкіх воінаў[3].
Вядомыя асобы
- Эліэзер Бен-Егуда (1852—1922) — «бацька сучаснага іўрыту», заснавальнік гэбраізма.
- Васіль Стома (1911—1992) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі.
- Мікола Конан (нар. 1929) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву.
- Мілецій Антонавіч Андзілеўка — беларускі настаўнік біялогіі і хіміі, дырэктар Лужкаўскай сярэдняй школы, заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР.
Галерэя
- Краявіды Лужкоў
- Касцёл Святога Архангела Міхаіла
- Царква Нараджэння Божай Маці
- Помнік на брацкай магіле
- Руіны сінагогі
- Млын
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Язэп Бунто. Лужкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 396.
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 359. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шаркаўшчынскага р-на. — Мн.: БелТА, 2004. — С. 509. — ISBN 985-6302-63-3.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 359. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
- Łużki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 837.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 18. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лужкі (Шаркаўшчынскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.