wd wp Пошук:

Шаркаўшчынскі раён

Шаркаўшчынскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Браслаўскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Пастаўскім раёнамі.

Утвораны 15 студзеня 1940 года. У 1962 годзе быў скасаваны, у 1966 — адноўлены. Раённы цэнтр — гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, размешчаны за 210 км ад Віцебска і 195 км ад Мінска. Працягласць тэрыторыі з захаду на ўсход 60 км, з поўдня на поўнач — 30 км.

У раёне 7 сельсаветаў: Більдзюжскі, Валожынскі, Германавіцкі, Ёдскі, Лужкоўскі, Радзюкоўскі, Станіславоўскі.

Геаграфія

Паверхня раёна плоскаўвагнутая, знаходзіцца ў межах Дзісненскай нізіны, якая ўтварылася на месцы былога Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма. З поўначы і паўночнага захаду ўкліньваецца Браслаўская града. Рэльеф тэрыторыі пераважна раўнінны, што ўскладняе адток атмасферных ападкаў і стварае вялікія плошчы пераўвільготненых зямель. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы.

Сярэдняя тэмпература ў студзені −7, ліпені +17,8 °C. Ападкаў 564 мм за год. Вегетатыўны перыяд 185 сутак.

Найбольшая рака Дзісна з прытокамі Янка, Маціца, Бярэжа (злева) і Бярозаўка, Паловіца, Мнюта, Ілаўка (справа). На тэрыторыі раёна размешчана 11 азёр: Алашскае, Асвята, Барысаўка, Валозева, Вярхі, Даўбенішкі, Ілава, Карцэя, Княж, Рапсінак, Скно.

На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна знаходзяцца:

  • біялагічны заказнік Забалацце;
  • гідралагічны заказнік абласнога значэння Стрэчна;
  • гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Ельня.

Таксама ў раёне маюцца 18 тарфяных заказнікаў мясцовага значэння.

Гісторыя

Шаркаўшчынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска (з 12 кастрычніка 1940 г. гарадскі пасёлак) Шаркаўшчына. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Беладворскі, Більдзюгскі, Варонкаўскі, Германавіцкі, Ёдскі, Каўшэлеўскі, Куштальскі, Навасёлкаўскі, Полаўскі, Пяліцкі, Ручайскі, Слабадскі, Шкунціцкі, Юзафоўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Беладворскі, Варонкаўскі, Каўшэлеўскі, Куштальскі, Слабадскі і Юзафоўскі сельсаветы, Навасёлкаўскі сельсавет перайменаваны ў Буйкаўскі, Полаўскі сельсавет — у Жукоўшчынскі, утвораны Дулінаўскі і Корніцкі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 15 кастрычніка 1960 года скасаваны Ёдскі сельсавет. 17 красавіка 1962 года раён скасаваны: Більдзюгскі і Корніцкі сельсаветы перададзены Браслаўскаму раёну, гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, Буйкаўскі, Германавіцкі, Дулінаўскі, Жукоўшчынскі, Пяліцкі, Ручайскі, Шкунціцкі сельсаветы — Мёрскаму раёну.

30 ліпеня 1966 года Шаркаўшчынскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, Буйкоўскі, Германавіцкі, Лужкоўскі, Пяліцкі, Ручайскі сельсаветы Мёрскага раёна, Більдзюгскі і Ёдскі сельсаветы Браслаўскага раёна, Дулінаўскі і Шкунціцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна. 23 кастрычніка 1970 года Пяліцкі сельсавет перайменаваны ў Станіславоўскі. 31 студзеня 1983 года ўсе населеныя пункты, якія ўваходзілі ў склад Шаркаўшчынскага пассавета, за выключэннем Шаркаўшчыны, перададзены ў склад Дулінаўскага сельсавета. 9 снежня 1987 года Дулінаўскі сельсавет перайменаваны ў Радзюкоўскі, скасаваны Шкунціцкі сельсавет. 16 кастрычніка 1989 года Буйкаўскі сельсавет перайменаваны ў Валожынскі. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Шаркаўшчына і Шаркаўшчынскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Ручайскі сельсавет[5], 10 кастрычніка 2013 года — Валожынскі сельсавет[6].

Насельніцтва

  • 2001 — 23,2 тыс.
  • 2005 — 21,4 тыс.
  • 2014 — 16 316 чалавек

Буйнейшае паселішча — Шаркаўшчына (6,9 тыс. чал., 2009). Буйнымі сельскімі населенымі пунктамі з’яўляюцца Більдзюгі, Германавічы, Ёды, Гарадзец, Лужкі, Радзюкі, Станіславова.

Паводле нацыянальнага складу (перапіс насельніцтва 1999) пераважаюць беларусы — 89 %, рускіх — 6,9, палякаў — 2,7 %, украінцаў — 0,7 %.

Гаспадарка

Буйныя прадпрыемствы:

  • Шаркаўшчынскі кансервава-агароднінасушыльны завод
  • Шаркаўшчынскі камбінат кааператыўнай прамысловасці

Раён па статыстыцы мае самыя нізкія зарплаты ў Беларусі.

Вядомыя асобы

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Шаркаўшчынскага раёна Зноскі ——

  1. http://sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom-ru/
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Решение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области Архівавана 5 кастрычніка 2021.
  6. Решение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области Архівавана 11 мая 2021.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17), ISBN 985-11-0035-8.
  • Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Л. М. Лабачэўская; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004
  • Шаркоўшчынскі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн., 1986. — Т. 5. — С. 370—371.
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Мёрскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Пліскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 2013 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Шаркаўшчынскага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be