Лучай
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лучай (значэнні). Лу́чай[1] (трансліт.: Lučaj, руск.: Лучай) — вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Навасёлкаўскага сельсавета. Размешчана каля возера Лучай. Насельніцтва 280 чал. (2001). Знаходзіцца за 18 км ад горада і чыгуначнай станцыі Паставы.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Лучай у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У канцы XVI ст. атрымаў статус мястэчка.
Першымі вядомымі ўладальнікамі ў 1-й палове XVI ст. быў род Забярэзінскіх, «які хутка стаў адным з самых заможных у краі, але таксама хутка і згас» (Ч. Янкоўскі), росквіт гэтага дому прыпаў на мяжу XV-XVI cтагоддзяў. Са згасаннем роду Забярэзінскіх па мужчынскай лініі і звязаная першая згадка Лучая. Пасля смерці Барбары Забярэзінскай Лучай разам з возерам Нарач пераходзяць ва ўладанне яе брата, жамойцкага старосты Станіслава Станіслававіча Забярэзінскага. Станіслаў Забярэзінскі, які меў толькі адну дачку Ганну, аддаў Лучай у 1542 годзе як залог Войцеху Юндзілу, віленскаму цівуну і гараднічаму. Пасля смерці Станіслава Забярэзінскага кароль Жыгімонт Аўгуст апекуном асірацелай Ганны прызначыў Станіслава Кязгайлу, які ў сваю чаргу апякунства над ёю аддаў віленскаму ваяводзе Яну Глябовічу. Той выкупіў у Юндзіла закладзены Лучай і па сваёй жонцы, крэўнай Забярэзінскім, стаў яго гаспадаром. У 1550 годзе дачка Яна, Альжбета Глябовіч, узяўшы шлюб з біржайскім цівуном Мельхіёрам Шэметам, прынесла яму Лучай як пасаг. Пасля смерці бацькі Лучай успадкаваў смаленскі кашталян Вацлаў Шэмет. Яго сын Юры Шэмет 18 жніўня 1617 года прадаў уладанні ксяндзу-іезуіту Андрэю Рудаміне-Дусяцкаму, які праз год перапрадаў іх свайму стрыечнаму брату Пятру Рудаміне-Дусяцкаму, пазнейшаму смаленскаму кашталяну. Пасля яго смерці Лучай атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай, браслаўскі маршалак. Пасля яго бяздзетнай смерці Лучай быў падзелены паміж шасцю стрыечнымі братамі з роду Рудамінаў, у 1655 годзе Лучай у сваіх братоў выкупляе Крыштаф Рудаміна. У валоданні Рудамінаў Лучай быў да 1731 года, калі ўдава радуньскага старасты Пятра Рудаміны (сына Крыштафа) Кацярына прадала маёмасць за 90 000 злотых Эльжбеце з Агінскіх Пузыне, жонцы князя Антонія Пузыны, літоўскага надворнага харунжага[2].
Эльжбета Пузына была вельмі адукаванай жанчынай, прыхільніцай навук, заснавала астранамічную лабараторыю пры Віленскай іезуіцкай акадэміі і падтрымлівала яе матэрыяльна. У яе Лучайскім маёнтку праводзіліся астранамічныя назіранні дзеля вызначэння геаграфічнага становішча.
У 1766 г. Э. Пузына заснавала пры касцёле ў Лучаі дом для місіі іезуітаў. Акрамя таго, яна адпісала іезуіцкай місіі 160 000 злотых і перадала манахам два пляцы для будаўніцтва дома і новага касцёла ў гонар Святога Тадэвуша Апостала.
У 1755 г. Э. Пузына падаравала Лучай свайму роднаму брату, троцкаму ваяводзе Тадэвушу Агінскаму. Той дабудаваў да 1776 г. касцёл святога Тадэвуша.
Тадэвуш Агінскі аддае ў заклад Лучай за 400 000 злотах Тадэвушу Ваньковічу, лоўчаму мінскага ваяводства, і яго жонцы, Ганне са Святарэцкіх. Сыны Тадэвуша Агінскага, Андрэй і Францішак Касверы, не змаглі аддаць закладзеныя грошы і таму вырашылі прадаць Лучай Ваньковічам ў 1786 г.[2]
Расійская імперыя
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лучай апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губерні.
Каля 1820 года дачка мінскага маршалка Антонія Ваньковіча і Ганны з Солтанаў Клемянціна выходзіць замуж за Эдварда Мастоўскага, уласніка Цэрклішак, і як пасаг Лучай пераходзіць да сям’і Мастоўскіх. У Лучайскім маёнтку графа Мастоўскага наліваўся 91 двор, 495 рэвізскіх душ. У 1861 г. супраціўленне жыхароў Лучая прыгонніцкім парадкам і намерам расійскіх уладаў скасаваць мястэчка прывяло да Лучайскага бунту. Пасля другога бунту ў 1863 г. маёмаць яго ўдзельнікаў была канфіскавана ў казну.
Старэйшы сын Багдан, жанаты на Соф’і Хамінскай, атрымаў у спадчыну Лучай. Яго сын Эдвард у 1893 г. прадаў Лучай расіяніну Юліяну Юліянавічу Зэндраву за 366 000 рублёў срэбрам, той, аднак, праз некалькі месяцаў прадаў Лучай княгіні Кантакузен-Сперанскай[3]. Пазней Лучай належаў барону Клейгельсу, які на касцёльных землях пабудаваў лютэранскую кірху. Рэлігійныя пачуцці жыхароў былі зняважаны, і ў 1905 г. яны разбурылі кірху, удзельнікі акцыі былі арыштаваны. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў народнай паэме невядомага аўтара “Кірха” (напісана на мясцовым дыялекце ў 1906-07 гадах). Пасля гэтага бунту вялікую частку зямель Лучая (у т.л. палац, пабудовы для службы і гаспадаркі, 2 рыбныя сажалкі, парк) купіла група старавераў. Стараверы ўзвялі новы культавы драўляны будынак з франтальнай вежай[4].
Станам на 1886 год у мястэчку была валасная ўправа, багадзельня, заезны дом. На 1905 год працавала народнае вучылішча і крама.
Міжваенная польская дзяржава
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лучай апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. За польскім часам у мястэчку ў будынку палаца дзейнічала дзяржаўная сельскагаспадарчая школа[5]. У 1933 г. школу наведаў міністр сельскай гаспадаркі Польшчы.
БССР і Рэспубліка Беларусь
У 1939 годзе Лучай увайшоў у БССР, дзе ў 1941 годзе стаў цэнтрам Лучайкаўскага сельсавета Пастаўскага, потым Дунілавіцкага раёнаў. Станам на 1947 год у вёсцы было 47 гаспадарак. 27 сакавіка 1959 года Лучайкаўскі сельсавет расфарміравалі, само паселішча ўвайшло ў склад Дунілавіцкага сельсавета. 20 мая 1960 года Лучай перададзены ў Варапаеўскі пассавет[6]. На 1972 год у Лучаі працавалі 8-гадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, пошта, крама. Да 27 снежня 1985 года вёска знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні Варапаеўскага пассавета[7], да 27 верасня 1991 года ўваходзіла ў склад Юнкаўскага сельсавета.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1866 — 58 чал., усе каталікі[8].
- XX стагоддзе: 1905 — 81 чал.; 1972 — 158 чал., 51 двор; 1997 — 248 чал., 90 двароў[9].
- XXI стагоддзе: 2001 — 280 чал., 93 двары[10].
Інфраструктура
У Лучаі працуюць базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Касцёл Святога Тадэвуша (1766—1776)
- Плябанія (XIX ст.)
Страчаная спадчына
- Палацава-паркавы комплекс Мастоўскіх (XIX ст.)
Галерэя
- Краявіды Лучая
- Касцёл Святога Тадэвуша
- Брама касцёла
- Касцёл з боку апсіды
- Малая брамка з боку плябані
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 Jankowski, Czesław. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2. Petersburg, 1897. S. 11-12.
- ↑ Aftanazy Roman, Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, Wrocław 1993, t. 4: Województwo wileńskie. S. 192-194.
- ↑ Лучай // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Т. 10. Віцебская вобласць. Кніга IV. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 2020. - С. 138-140.
- ↑ http://www.magwil.lt/archiwum/archiwum/2002/mmw1/stt6.htm
- ↑ Рашэнне выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 мая 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 16.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 27 снежня 1985 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1986, № 4 (1846).
- ↑ Łuczaj // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 793.
- ↑ Іосіф Зямчонак. Лучай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 404.
- ↑ Памяць: гіст.-дакум. хроніка Пастаўскага р-на / Рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2001.
Літаратура
- Памяць: гіст.-дакум. хроніка Пастаўскага р-на / Рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2001.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Łuczaj // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 793.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лучай
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Пастаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Шаркаўшчынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Дунілавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Пастаўскага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.