Друя
Друя — аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Друйкі. За 30 км на паўночны ўсход ад Браслава.
Назва
Існуе шэраг меркаванняў аб паходжанні назвы паселішча. Большасць з іх зыходзяць з таго, што яна ўтварылася ад назвы ракі. Паводле фіна-ўгорскай версіі чаргаванне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе «вада». Паходжанне тапоніма звязваюць таксама з балцкім druіaз — вялікі, шырокі. У літаратуры пачатка XX ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам драць (нібыта дзякуючы стромкаму цячэнню ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Цікавым з’яўляецца меркаванне, выказанае ў часопісе «Крывіч» (1923), што слова друя ў беларускай мове азначае другая. Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Друю змяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага і датуецца 1386 г.[1]. Верагодна, што паселішча існавала ўжо ў перыяд Полацкага княства. У карысць гэтага меркавання тое, што ў вусці Друйкі знаходзіцца камень з надпісам XII ст. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартберга» знаходзіўся ў 11 мілях ад Дынабурга. У скарзе на дзеянні крыжаносцаў, складзенай у 1413 г., згадваецца «de Drucha villa».
Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
У XIV—XV ст. Друя — умацаваны пункт Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаўніцтва замкавых умацаванняў у Полацку. У 1490 Друя знаходзілася ва ўладанні князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на месца, замак і Друйскія воласці. 22 сакавіка 1506 г. Аляксандр надае прывілей на Друйскае «имение…, лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залессе, Чурылавічы Г. Масальскай. Масальскія атрымалі права на вольны гандаль па Зах. Дзвіне. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) у 1515 г. маскавіты спалілі Друю. Паводле Полацкай рэвізіі 1552 г. Друя знаходзілася ва ўладанні братоў Юрыя і Івана Масальскіх. Івану належала 56 дымоў мяшчан і слуг, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных». Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчан. Замак знаходзіўся ў агульным карыстанні.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павета. 17 верасня 1579 г. у Друі пабываў С. Баторый, які з войскам вяртаўся з-пад Пскова. У 1600 г. канцлер літоўскі Л. І. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залессе, а ў 1611 г. — частку горада. Асноўная ж частка Друі заставалася за Масальскімі. 8 жніўня 1618 г. Я. С. Сапега падпісвае прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, разлічваючы ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Сапежын атрымаў магдэбургскае права. Мясцовае кіраванне ажыццяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацвярджалі аднак самі Сапегі. Герб Сапежына змяшчаў адлюстраванне віціны з ветразем на хвалях. Паводле прывілея справаводства ў магістраце павінна было весціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. С. Сапегі неаднойчы пацвярджаўся вялікімі князямі літоўскімі ў XVII—XVIII стст.
3 пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі магдэбургскае права пашырылася на іншыя часткі горада. Паводле інвентара 1643 г. у Друі выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, у вусці Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне мелася 108 дымоў, тут знаходзіліся рынак, ратуша і большасць з культавых збудаванняў Друі. Побач размяшчалася прадмесце з замкам. Існавала таксама задзвінская частка Друі — Прыдруйск (сучасны пасёлак Піедруя ў Латвіі). Усяго ў Друі налічвалася 306 дымоў, каля 100 корчмаў, каля 2 тыс. жыхароў. Сярод рамеснікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясляр і інш. Паводле магістрацкіх актаў 18 ст. вядомы таксама шапнікі, сніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейшчык і інш.
У XVII—XVIII стст. Друя адносілася да сярэдніх гарадоў Беларусі, з’яўлялася значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамеснікаў. Гандлёвае значэнне Друі было абумоўлена Заходняй Дзвіной — важнейшай гандлёвай артэрыяй у сярэднявеччы. У XVIII ст. праз Друю праходзіў таксама сухапутны гандлёвы шлях з Тарапца ў Кёнігсберг. У гэты перыяд Друя вядомая вытворчасцю і гандлем юфці. У XVI—XVIII стст. у горадзе існавала мытная служба. Да ліку асноўных заняткаў жыхароў Друі адносілася таксама сельская гаспадарка. У XVII—XVIII стст. Друя цэнтр латыфундыі — буйнога землеўладання Сапегаў (у XVIII ст. называлася Друйскім графствам). Адметная роля Друі як культурнага асяродка. Адсюль паходзіць Друйскае Евангелле XVI ст. — адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. Сярод рамеснікаў былі музыкі, скамарохі, муляры і багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. За ўсю гісторыю Друі ў горадзе было пабудавана каля 20 храмаў. Многія з іх з’яўляліся выдатнымі помнікамі дойлідства. У горадзе дзейнічала некалькі манастыроў, у тым ліку бернардзінскі, дамініканскі, праваслаўны. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 г. знаходзіўся кароткі час на вылячэнні вядомы харвацкі асветнік і энцыклапедыст Ю. Крыжаніч.
Значныя разбурэнні нанеслі Друі войны XVI—XVII стст., у вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) у 1632 г. Друю зруйнаваналі войскі цара маскоўскага Міхаіла Фёдаравіча. У 1700 Аляксандр Сапега перадаў друйскія ўладанні ў дзяржанне барону Э. К. фон Мантэўфелю(польск.) бел., у 1705 імі кароткі час валодалі Агінскія. У 1701 праездам з Біржаў у Друі пабываў Пётр I, ён жа ў 1720 зрабіў грашовы ўклад у праваслаўны манастыр. Пацярпеў горад і ў час Паўночнай вайны (1700—1721). У 1725 г. у Друі налічвалася ўсяго 116 дамоў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі адышоў Прыдруйск. У Друі размяшчаліся пагранічныя часці Рэчы Паспалітай. 16 мая 1776 у горадзе адбыўся вялікі пажар, падчас якога згарэла 125 дамоў. У 1790 г. налічвалася 488 драўляных дамоў, 13 камяніц, 6 заезжых дамоў, 3,4 тыс. жыхароў. 3 канца XVIII ст. ёсць звесткі аб парафіяльнай школе (1774 г. — 9 вучняў, 1781 г. — 19, 1782 — 16).
У складзе Расійскай імперыі
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Друя ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, была мястэчкам, пазней заштатным горадам Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. — Віленскай губерні.
У канцы XVIII ст. праз Друю праходзіў паштовы тракт Санкт-Пецярбург—Вена. 27 лютага 1800 г. указам Сената Друі было пацверджана права на самакіраванне. Праект герба ад 1860 г. змяшчаў адлюстраванне яліны, трох шасціканцовых крыжоў і Пагоні. У XIX ст. уладальнікамі Друі былі Ігельстромы, Мілашы. У час вайны 1812 г. ў наваколлі Друі адбылося некалькі сутычак часцей корпуса П. Вітгенштэйна пад камандаваннем Я. Кульнёва з французскай кавалерыяй. У 1825 г. у Друі налічваліся 2447 жыхароў, 426 драўляных дамоў, 15 камяніц, 54 лаўкі, 31 піцейны дом, дзейнічалі 3 манастыры. У 1864 г. 16 малюнкаў з выглядам архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі зрабіў мастак Дз. Струкаў. У 1875 г. замалёўку бернардзінскага касцёла зрабіў Н. Орда. У 1904 г. насельніцтва Друі складала 5472 чалавекі. Меліся 359 дамоў, 52 лаўкі, 13 культавых пабудоў, 3 гарбарныя заводы (10 рабочых), 275 рамеснікаў. Штогод праводзілася 8 кірмашоў. У пачатку XX ст. ствараюцца першыя рабочыя арганізацыі.
Першая сусветная і грамадзянская войны
У час 1-й сусветнай вайны Друя — прыфрантавы горад з 5-тысячным гарнізонам расійскіх войск, вялізнай колькасцю тылавых устаноў. Для патрэб фронту была пабудавана вузкакалейка Бальбінава—Друя—Браслаў—Опса. 10 сакавіка 1917 г. арганізаваны Савет афіцэрскіх і салдацкіх дэпутатаў, пазней Савет рабочых дэпутатаў. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. У лютым—снежні 1917 г. Друя акупіравана германскімі войскамі. Пасля вызвалення ў складзе Браслаўскага павета. 3 сакавіка 1919 г. цэнтр павета. 22 жніўня 1919 г. у Друі адбыўся з’езд батракоў Браслаўшчыны. 30 жніўня 1919 г. горад заняты польскімі часцямі. 5 ліпеня 1920 г. — войскамі Чырвонай Арміі.
У складзе Польскай Рэспублікі
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Друя з 1921—1939 г. у складзе Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства, цэнтр гміны, 514 дамоў, 3375 жыхароў (1931). У гэты перыяд пракладзена чыгуначная ветка Друя — Варапаева, вузкакалейка Друя — Дукшты. У Друі размяшчаліся польскія пагранічныя часці (у тым ліку эскадрон Корпуса аховы памежжа), мытня. У 1923—1939 г. дзейнічаў Друйскі кляштар айцоў марыянаў, пры якім працавала гімназія.
Перыяд Беларускай ССР
3 верасня 1939 у складзе БССР, з 15 кастрычніка 1940 г. гарадскі пасёлак Мёрскага (з 1963 г. — Браслаўскага) раёнаў.
Другая сусветная вайна
У гады вайны нямецкімі акупантамі было створана яўрэйскае гета, жыхары якога (1318 чал.) расстраляны ў чэрвені 1942 г.[2] Вызвалена 6 ліпеня 1944 г. часцямі 29-й стралковай дывізіі.
Пасляваенны перыяд
У 1971 г. — 2,5 тыс. жыхароў.
Рэспубліка Беларусь
У 1995 г. — 702 двары, 1614 жыхароў.
Культура
Маюцца прафтэхвучылішча меліярацыйных работ, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, магазіны, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, чыгуначная станцыя.
Шэраг паданняў звязаны з былым бернардзінскім кляштарам, з востравам на р. Заходняя Дзвіна.
Выдатныя мясціны
- Барысаў камень з надпісам (12 ст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр шыфр
- кляштар бернардзінцаў з касцёлам Св. Троіцы (1643—1646, архітэктар Людвік Грынцэвіч) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000185шыфр 212Г000185
- царква Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы (1687)
- Руіны званіцы Петрапаўлаўскай царквы (XVIII ст.)
- Успенская стараверская царква
- драўляная царква на могілках (ХІХ ст.)
- рэшткі парка (ХVIII стагоддзе) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000185шыфр 212Г000185
- фрагменты забудовы (пач. 20 ст.)
- мост цераз Друйку
- мемарыяльны знак у памяць пра бой 1812 г.
- магіла палкоўніка П. А. Шчытаміра-Сухазанета
- брацкая магіла (1941—1944), у цэнтры пасёлка, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000187шыфр 213Д000187
- яўрэйскія могілкі
Страчаная спадчына
Вядомыя асобы
- Уладзімір Мікалаевіч Беняшэвіч (1873—1938) — гісторык-візантыніст.
- Ізраіль Якаўлевіч Вейцэр (1889—1938) — савецкі палітычны дзеяч.
- Ісай Рыгоравіч Дварышчын (1876—1942) — артыст оперы (тэнар).
- Алтэр Друянаў (1870—1938) — ізраільскі літаратар.
- Злата Іонаўна Ліліна (1882—1929) — савецкая рэвалюцыянерка, літаратар, аўтар першых дзіцячых кніг пра Леніна.
- Яўген Ільвовіч Шкляр (1894—1942) — рускі і літоўскі паэт і журналіст.
- Аляксандр Якаўлевіч Шнэер[ru] (1892—1994, Масква) — савецкі тэатразнавец, гісторык цырку.
Літаратура
- Друя // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 90-91.
- Друя // Памяць: Браслаўскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 674—676.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Дучыц Л. У. З гісторыі гарадоў і пасёлкаў / Л. У. Дучыц // Край блакітных азёр. — Мн., 1988. — С. 15-18.
- Шпакоўская Г. Друя / Г. Шпакоўская // Народная слова. — 2006. — 15.7.
- Ярашэвіч А. З гісторыі Друі / А. Ярашэвіч // Браслаўская звязда. — 1989. — 18.3.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Друя
- Прыдзвінскі край — Друя
- ↑ Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии / Изд. А. Сапунова и кн. В. Друцкого-Любецкого. — Витебск: Губернская типо-литография, 1896. — [2], 264, 144 с., 33 л. ил., карт.: ил. — С. 115.
- ↑ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.