Новасаматэвіцкі сельсавет
Новасаматэ́віцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок Новыя Саматэвічы.
Старшыня сельсавета — Віталь Уладзіміравіч Стральцоў, намеснік старшыні — Дзмітрый Аляксеевіч Цярэшанкаў.
Геаграфія
Новасаматэвіцкі сельсавет знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Касцюковіцкага раёна. На тэрыторыі сельсавета працякаюць рэкі Беседзь, Грэбля, Зубр, Сураў, праходзіць аўтамабільная дарога Клімавічы — Касцюковічы — мяжа з Расійскай Федэрацыяй, а таксама чыгунка Крычаў — Унеча.
Гісторыя
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Бялынкавіцкі сельсавет у складзе Бялынкавіцкага раёна Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Бялынкавічы. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Магілёўскай акругі. З 4 жніўня 1927 года ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Касцюковіцкім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. 8 снежня 1959 года да сельсавета далучана частка скасаванага Каніцкага сельсавета (5 населеных пунктаў: Вішэнскі, Гарбачоўка, Зарэчча, Канічы і Фёдараўка), таксама ў склад сельсавета з адміністрацыйнага падпарадкавання Касцюковіцкага гарсавета перададзены вёскі Ліпаўка і пасёлак Мельякоўка[1]. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 25 населеных пунктаў[2]. У 1993 годзе на тэрыторыі сельсавета ўтворана вёска Новыя Саматэвічы, куды былі пераселены жыхары вёскі Саматэвічы, якая моцна пацярпела ад забруджвання радыёнуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 19 красавіка 2017 года Бялынкавіцкі сельсавет быў перайменаваны ў Новасаматэвіцкі з пераносам адміністрацыйнага цэнтра з Бялынкавічаў у аграгарадок Новыя Саматэвічы[3].
Насельніцтва
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 2357 чалавек[4], з іх 91,8 % — беларусы, 5,9 % — рускія, 1,6 % — украінцы[5].
Інфраструктура
На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць 3 сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 2 лясгасы, чыгуначная станцыя Бялынкавічы.
Адукацыю забяспечваюць 2 сярэднія школы, у адной з якіх размяшчаецца музей Аркадзя Куляшова (вёска Новыя Саматэвічы)[6].
Зноскі
- ↑ Рашэнне выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 снежня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 18.
- ↑ Белорусская ССР. Аминистративно-территориальное делениние. На 1 января 1974 года. (руск.) . — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 178. — 248 с. — 10 000 экз.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 апреля 2017 г. № 27-2 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Могилевской области
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Магілёўскай вобласці Беларусі паводле перапісу 2009 года
- ↑ Этнічны склад насельніцтва сельсаветаў Беларусі паводле перапісу 2009 года
- ↑ Новосамотевичский сельский Совет (руск.) . Касцюковіцкі раённы выканаўчы камітэт (2018). Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2019. Праверана 25 чэрвеня 2019.
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бялынкавіцкага раёна Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Касцюковіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.