Касцюковічы
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Касцюковічы (значэнні).
Касцюко́вічы[2] (трансліт.: Kasciukovičy) — горад у Беларусі, на рацэ Жадунька. Адміністрацыйны цэнтр Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Месціцца за 160 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва. Чыгуначная станцыя Камунары на лініі Крычаў—Унеча (Расія), вузел аўтадарог на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж (Расія). Насельніцтва на 2018 год — 15 977 чалавек[3].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Першы пісьмовы ўспамін пра сяло Касцюкова ў Лучыцкай воласці датуецца 28 жніўня 1508 года[4]. Паселішча ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства.
У 1730-я гады ў Касцюковічах было 35 дымоў[4]. Пад 1739 годам яны ўпамінаюцца як прыватнаўласніцкае мястэчка менскага гараднічага Ю. Іваноўскага. У гэты час тут дзейнічалі 2 царквы.
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Касцюковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. Маёнтак знаходзіўся ў валоданні Цеханавецкіх. На 1784 год у Касцюковічах было 89 дымоў, дзейнічаў касцёл пры кляштары францысканцаў. На 1800 год — 88 двароў. У 1826 годзе ў мястэчку адкрылася павятовае вучылішча. У гэты час Касцюковічы набылі вядомасць коннымі кірмашамі, тут працавала 14 крамаў. На 1858 год — 224 двары.
У 1861 годзе ў Касцюковічах працавалі 9 гарбарняў, з 1865 года — пенькатрапальня, з 1875 года — сукнавальня, з 1880 года — 2 маслабойні, у 1876—1881 гадах — 3 крупадзёркі. На 1880 год у мястэчку было 327 двароў, дзейнічалі царква (мураваная) і сінагога (драўляная), працавалі 7 скураапрацоўчых майстэрняў, прыёмны пакой, паштовая станцыя, царкоўнапрыходская школа, 3 малітоўныя школы, аптэка, штогод праводзіліся 2 кірмашы (9 траўня і 6 снежня). На 1886 год працавалі броварны завод, 8 гарбарных майстэрняў, млын, 94 крамы, царкоўнапрыходская школа, бальніца і аптэка; дзейнічалі 2 цэрквы і сінагога; штогод праводзіліся 2 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у мястэчку было 411 двароў, 2 пенькатрапальныя, 6 скураапрацоўчых, 5 маслабойных, 2 абараначныя прадпрыемствы, вадзяны млын, сукнавальня, 3 крупадзёркі, 20 ганчарняў, 5 кузняў, 104 крамы, 3 заезныя двары, 3 карчмы, хлебазапасны магазін. На 1909 год — 10 мураваных і 355 драўляных будынкаў.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Касцюковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. У 1924 годзе Касцюковічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1926 годзе ў Касцюковічах пачала працаваць гантарэзня, у 1931 годзе — ільнапеньказавод і друкарня, у 1932 годзе — прамысловы камбінат і маслазавод. 27 верасня 1938 года паселішча атрымала статус горада. У Другую сусветную вайну з 14 жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Касцюковічы былі пад нямецкай акупацыяй.
3 студзеня 2005 года афіцыйна зацвердзілі герб і сцяг Касцюковічаў.
- Мястэчка на старых здымках
- Рынак. Мураваная царква, да 1918 г.
- Лякарня, 1930-я гг.
- Могілкавая царква (?), 1941—1943 гг.
- Могілкавая царква, 1941—1943 гг.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1784 год — 413 чал.; 1800 год — 412 чал.
- XIX стагоддзе: 1827 год — 1845 чал.; 1858 год — 1036 чал.; 1861 год — 1661 чал.; да 1880 год — 1869 чал., з іх 663 праваслаўных, 10 каталікоў, 1196 іўдзеяў[5]; 1880 год — 2148 чал.; 1897 год — 3240 чал.[6];
- XX стагоддзе: 1933 год — 3,1 тыс. чал.; 1939 год — 6,1 тыс. чал.; 1959 год — 7495 чал.[7]; 1991 год — 14,7 тыс.; 1995 год — 17 тыс. чал.[8]; 1997 год — 17 тыс. чал.; 1998 год — 17,4 тыс. чал.[9]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 15,3 тыс. чал.; 2007 год — 15,6 тыс. чал.[10]; 2009 год — 15 993[11] чал. (перапіс); 2015 год — 15 887 чал.[12]; 2016 год — 15 850 чал.[13]; 2017 год — 15 855 чал.[14]; 2018 год — 15 977 чал.[3]
Культура
Дзейнічаюць раённы цэнтр культуры. У 1973 годзе адкрыўся Касцюковіцкі краязнаўчы музей.
Адукацыя
У Касцюковічах працуюць 4 сярэднія, базавая, спартыўная школы, школа мастацтваў, цэнтр дзіцячай творчасці, станцыя юных натуралістаў.
СМІ
Выдаецца раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны».
- Касцюковіцкі краязнаўчы музей
- Дом рамёстваў
- Кінатэатр «Юнацтва»
- Бібліятэка
- Рэстаран «Дуброва»
Забудова
У пасляваенных Касцюковічах цэнтральная частка забудоўвалася капітальнымі 2—5-павярховымі дамамі, у паўночнай частцы з’явіўся жылы квартал з 2—4-павярховых дамоў. У сучасным горадзе сфарміраваліся новыя 5-павярховыя раёны ў заходняй і паўднёва-заходняй частках.
Вуліцы і плошчы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Інтэрнацыянальная вуліца | Прусінская вуліца |
Ленінская вуліца | Муравільская вуліца |
Юнацкая вуліца | Крычаўская вуліца[15] |
? | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Касцюковічаў да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Палонская.
Эканоміка
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці. Працуюць ільнозавод, ВРУП «Беларускі цэментны завод», ААТ «Касцюковіцкі леспрамгас», філіял «Касцюковіцкі хлебазавод» РУПП «Магілёўхлебпрам», Касцюковіцкі спіртзавод РУП «Клімавіцкі лікёра-гарэлкавы завод», Касцюковіцкі ўчастак ААТ «Гарант». Спыніцца можна ў адной з 2 гарадскіх гасцініц[16].
Славутасці
- Крыжаўзвіжанская царква
- Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагменты)
- Могілкі іўдзейскія
Страчаная спадчына
- Касцёл[17] пры кляштары францысканцаў
-
Царква (XIX ст.)
- Старая забудова
- Старая забудова
- Дом па Савецкай вуліцы, 16
Вядомыя асобы
- Зяма Раманавіч Півавараў (1910—1937) — паэт, перакладчык, публіцыст
- Самуіл Барысавіч Кормер (1922—1982) — Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
- Марыя Генадзеўна Дабужская (нар. 1920) — беларускі архітэктар.
- Мікалай Іванавіч Гаўрычэнка (нар. 1967) — беларускі спецыяліст у галіне развядзення, селекцыі, генетыкі і ўзнаўлення сельскагаспадарчых жывёл. Доктар сельскагаспадарчых навук (2008), кандыдат біялагічных навук (1997), дацэнт (2003).
- Тамара Гаўрылаўна Слабодчыкава (нар. 1952) — беларускі дырыжор.
Зноскі
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- 1 2 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа Архівавана 5 красавіка 2018. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- 1 2 Мяцельскі А. Касцюковічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 71
- ↑ Słownik geograficzny… T. XV, cz. 2. — Warszawa, 1902. S. 134.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 641.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 645.
- ↑ Беларусь, 1995
- ↑ БелЭн, 1999
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 640.
- ↑ Перепись населения — 2009. Могилевская область Архівавана 18 верасня 2010. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа».
- ↑ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа Архівавана 6 ліпеня 2016. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа Архівавана 13 жніўня 2020. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Тапаніміка. Картаграфія. Карты раёна // Магілёўская абласная бібліятэка
- ↑ к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Ганчар А. И. Римско-католический костел в Беларуси (1864—1905 гг.). — Гродно: ГГАУ, 2008. С. 53.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 163. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. — 727 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Касцюковічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 378—379. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцюковічы
- Касцюковічы на сайце Radzima.org
- Касцюковічы на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Надвор’е ў горадзе Касцюковічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Круглянскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Мазырскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.