Саматэвічы
Саматэ́вічы[1] (трансліт.: Samatevičy, руск.: Самотевичи) — былая вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Чарняўцы. Уваходзіла ў склад Беладубраўскага сельсавета.
Саматэвічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, малая радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Знаходзілася за 30 км на паўднёвы захад ад Касцюковічаў, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж); на аўтамабільнай дарозе Касцюковічы — Красная Гара. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхароў вёскі ў 1991 годзе перасялілі ў Новыя Саматэвічы, а само паселішча было ліквідавана ў 2015 годзе[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1585 годзе як сяло Крычаўскай воласці і староства Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці. У 1668 годзе ўпершыню значыцца царква. У XVIII стагоддзі побач існавалі мястэчка Саматэвічы, дзе было 42 двары і аднайменнае сяло[3]. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1694 года, у паселішчы было 4 дымы, паводле інвентару 1709 года — 8 дымоў, 6 валок зямлі.
У складзе Расійскай імперыі
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Саматэвічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе станам на 1795 год знаходзіліся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, з’яўляліся ўласнасцю графа Р. А. Пацёмкіна. У 1842 годзе была пабудавана Свята-Троіцкая царква, у 1864 годзе адчынена народнае вучылішча, дзе ў 1889 годзе было 54 вучняў. З 1867 года двойчы на год праводзіліся кірмашы на Іллю. Уладальнік сяла меў у Саматэвічах і Кісялёўцы 107 дзесяцін зямлі.
Па звестках 1880 года, Саматэвічы (яно ж Дзімітраўск[4]) — мястэчка, уласнасць Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтр воласці. У 1885 годзе ў паселішчы налічваліся валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, бровар (у 1879 годзе працавалі 9 рабочых), 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне[5]. Вяскоўцы, апрача земляробства, займаліся бондарствам і кавальствам. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, існавалі аднаменныя мястэчка (77 двароў, багадзельня, карчма, крама, малітоўны дом, фельчарскі ўчастак) і сяло (162 двары, царква, хлебазапасны магазін)[6].
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Саматэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Саматэвічы вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня 1924 года яны сталі цэнтрам Саматэвіцкага сельсавета ў Касцюковіцкім раёне Калінінскай акругі (з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці).
Да гэтага часу ў Саматэвічах ужо дзейнічала 4-гадовая школа (заснавана ў пачатку 1920-х гадоў у былым панскім палацы), якая ў 1924 годзе была ператворана ў 7-гадовую. У тым жа годзе ў школе налічвалася 121 вучняў, у 1927 годзе — 321 вучань, у 1928 годзе былі адчынены класы са спецыялізацыяй па пчалярстве. У міжваенны перыяд у вёсцы працавалі таксама хата-чытальня, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, фельчарска-акушэрскі пункт (адчынены ў 1926 годзе), дзіцячая пляцоўка і яслі, вузел сувязі (арганізаваны ў 1933 годзе), кааператыўнае і сельскагаспадарчае таварыствы. Утвораны саўгас меў у 1930 годзе 2 тыс. га зямлі, уваходзіў у Аршанскі свінагадоўчы трэст. У 1935 годзе ў вёску была праведзена электрычнасць ад Бялынкавіцкай ГЭС[6].
Падчас Другой сусветнай вайны ў снежні 1942 года нацысты забілі 283 жыхароў Саматэвічаў і ў лютым 1943 года спалілі 16 двароў вёскі.
У пасляваенны перыяд у вёсцы дзейнічалі аптэка, бальніца, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, дом культуры, лесапільня, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 сталовыя, 5 спартыўных пляцовак і 6 крамаў. У 1977 годзе да Саматэвічаў, якія былі цэнтрам аднайменнага саўгаса, былі далучаны вёскі Зелянковічы 1 і Зелянковічы 2. У 1984 годзе быў заснаваны літаратурны музей ураджэнца Саматэвічаў Аркадзя Куляшова (у 1986 годзе перамешчаны ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей).
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары паселішча ў 1991 годзе былі пераселены ў пасёлак Новыя Саматэвічы за 20 км ад вёскі. 30 чэрвеня 2015 года паселішча было ліквідавана, зруйнаваны больш за 1.5 тыс. пабудоваў, акрамя царквы.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1747 год — 23 двары; 1772 год — 197 чал., 42 двары; 1779 год — 220 чал., 46 двароў; 1795 год — 220 чал.; 46 двароў[5].
- XIX стагоддзе: 1816 год — 289 чал.; 1834 год — 349 чал.; 1848 год — 60 двароў; 1858 год — 408 чал.; 1880 год — 473 чал., 83 двары у мястэчку Саматэвічах; у 1886 год — 523 чал. у сяле Саматэвічах, 94 двары[7]; 1888 год — 744 чал. у сяле Саматэвічах, 97 двароў[7]; 1897 год — 494 чал., 97 двароў у мястэчку Саматэвічах і 953 чал., 162 двары ў сяле Саматэвічах[6].
- XX стагоддзе: 1909 год — 744 чал., 97 двароў у мястэчку Саматэвічах і 1006 чал., 144 двары ў сяле Саматэвічах[7]; 1959 год — 1048 чал.; 1970 год — 9711 чал.; 1986 год — 1098 чал., 424 двары[6].
- XXI стагоддзе: 2007 год — 1 чал., 1 двор[6]; 2015 год — 0 чал.
Славутасці
- Свята-Троіцкая царква (1835—1842 г., мураваная).
- Мемарыяльны камень Аркадзю Куляшову.
- Помнік загінулым у Другой сусветнай вайне.
Вядомыя ўраджэнцы
- Аркадзь Куляшоў (1914—1978) — беларускі пісьменнік, народны паэт БССР.
- Павел Яўменавіч Астапенка (1918—2010) — беларускі дыпламат, намеснік мінстра замежных спраў БССР.
- Іван Дзмітрыевіч Ветраў (1905—1986) — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Дзмітрый Дзмітрыевіч Гобараў (нар. 1962) — беларускі дзяржаўны дзеяч і палітык.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Самаце́вічы, Самацэ́вічы
- ↑ Решение Костюковичского районного Совета депутатов от 30.06.2015 N 11-5 “Об упразднении сельских населенных пунктов Костюковичского района”
- ↑ Саматэвічы, Новыя падарожжы дылетанта
- ↑ Вёска Саматэвічы — Радзіма Аркадзя Куляшова
- 1 2 БелЭн, т.14, с.137
- 1 2 3 4 5 ГВБ, т.5, кн.1, с. 705
- 1 2 3 ЭГБ, т.6-1, с.217
Літаратура
- Саматэвічы, Самацеевічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 137. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. — 727 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Касцюковіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.