Касцюковіцкі раён
Касцюко́віцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Магілёўскай вобласці, мяжуе з Хоцімскім, Клімавіцкім, Краснапольскім раёнамі Магілёўскай вобласці, з Суражскім, Гардзееўскім, Краснагорскім раёнамі Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Касцюковічы.
Геаграфія
Плошча 1500 км². Тэрыторыя раёна размешчана на паўднёвым усходзе Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць вышыні 160—180 м, вышэйшы пункт 190,6 м (на поўнач ад вёскі Пралетарскай). Карысныя выкапні: цэментная сыравіна (мел і мергель; Камунарскае радовішча мергеля), цагляная сыравіна, будаўнічыя пяскі, жвір, торф.
Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў дзярнова-падзолістыя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш. Пад лясамі (сасновыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя) 43 % тэрыторыі раёна; пад балотамі — 1 %. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 45 % тэрыторыі раёна.
Асноўныя рэкі — Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунь (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алёшня, Чарняўка, Трасцянка, Зубр (з Грэбляй), Машоўка, Свінка.
Гісторыя
У 1786 годзе расійскі генерал-маёр А. К. Меер падрыхтаваў «Апісанне Крычаўскага графства, або былога староства», дзе апісаў прыроду, побыт і культуру жыхароў сучасных Крычаўскага, Клімавіцкага , Хоцімскага, Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў Беларусі. Рукапіс захоўваецца ў Казанскім універсітэце. Апублікавана са скарачэннямі Е. Р. Раманавым у «Магілёўскай даўніны», 1901, вып. 2.
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Касцюковічы. 20 жніўня 1924 года раён падзелены на 16 сельсаветаў: Беладубраўскі, Брацькавіцкі, Ветухноўскі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Касцюковіцкі, Красніцкі, Негінскі, Нізькаўскі, Прусінскі, Пячарскі, Саматэвіцкі (Самацеевіцкі), Сілічоўскі, Студзянецкі, Царковішчанскі, Хоцімскі. 24 верасня 1926 года скасаваны Касцюковіцкі сельсавет. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Магілёўскай акругі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны 10 сельсаветаў скасаванага Бялынкавіцкага раёна: Баронькаўскі (Барэйкаўскі), Батаеўскі, Бялынкавіцкі, Велікаборскі, Гаўрыленскі, Каніцкі, Машаўскі, Мокраўскі (Макранскі), Смолькаўскі, Сялецкі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны 11 сельсаветаў скасаванага Хоцімскага раёна: Баханскі (Баханоўскі), Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Васілёўскі, Вялікаліпаўскі (Ліпаўскі), Дубраўскі, Елавецкі, Ельненскі (Яльнянскі), Кацярынпольскі, Трасцінскі і Чарняўскі. 5 снежня 1931 года Дзямідавіцкі сельсавет перайменаваны ў Тупічынскі, Красніцкі — у Дзяражненскі. 12 лютага 1935 года Батаеўскі, Баханскі (Баханоўскі), Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Васілёўскі, Вялікаліпаўскі (Ліпаўскі), Дубраўскі, Елавецкі, Ельненскі (Яльнянскі), Кацярынпольскі, Трасцінскі і Чарняўскі сельсаветы перададзены ў склад зноў утворанага Хоцімскага раёна. У 1936 годзе Царковішчанскі сельсавет перайменаваны ў Пралетарскі. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 27 верасня 1938 года Касцюковічы набылі статус горада.
У 1940 годзе ў раёне працавалі 4 МТС, 21 паштова-тэлеграфная станцыя, 11 ашчадных кас, гасцініца, 117 гандлёвых кропак, у тым ліку 98 крам, 8 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, 100 агульнаадукацыйных школ, у якіх навучалася каля 15 тысяч вучняў, 57 клубных устаноў, 25 хат-чытальняў, 2 бальніцы на 106 ложкаў, 8 амбулаторый, 13 ФАПаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Касцюкоўшчына стала партызанскім краем. У лясах дыслацыравалася 4 партызанскія брыгады і 6 атрадаў. Нацыстамі было расстраляна, спалена і павешана 846 чалавек, 917 адпраўлена на катаргу, спалена 17 населеных пунктаў, разбураныя ўсе прамысловыя прадпрыемствы, калгасы, знішчаныя 58 школьных будынкаў, 12 медыцынскіх устаноў. Лёс Хатыні падзялілі вёскі Пань-Буда, Саматэвічы, Баравая.
16 ліпеня 1954 года скасаваны Беладубраўскі, Гаўрыленскі, Забычанскі, Мокраўскі, Смолькаўскі, Тупічанскі і Хоцімскі сельсаветы. 8 снежня 1959 года скасаваны Брацькавіцкі, Велікаборскі, Ветухноўскі, Каніцкі, Машаўскі, Негінскі, Нізькаўскі, Пячарскі, Сілічоўскі сельсаветы, утвораны Забычанскі і Мокраўскі сельсаветы, Студзянецкі сельсавет перайменаваны ў Беладубраўскі, Брусінскі сельсавет — у Дзямідавіцкі. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Хоцімск, Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Вялікаліпаўскі, Чарняўскі сельсаветы скасаванага Хоцімскага раёна. 4 чэрвеня 1965 года ўтвораны Брацькавіцкі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Вялікаліпаўскі, Чарняўскі сельсавет і гарадскі пасёлак Хоцімск перададзены ў склад адноўленага Хоцімскага раёна. 26 лютага 1992 года скасаваны Брацькавіцкі, Дзяражненскі, Мокраўскі і Саматэвіцкі сельсаветы. 20 кастрычніка 1995 года Касцюковіцкі раён і горад Касцюковічы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 19 красавіка 2017 года Бялынкавіцкі сельсавет перайменаваны ў Новасаматэвіцкі[5].
Насельніцтва
Насельніцтва (на 01.01.2007 г.) складае 26,8 тыс.чалавек; гарадскога — 15,3 тыс. чалавек, сельскага — 11,5 тыс.чалавек. Асноўнае насельніцтва — беларусы (89,4 %), жывуць таксама рускія (8,3 %), украінцы (1,6 %) і іншыя (0,7 %). Усяго акрамя Касцюковічаў налічваецца 116 сельскіх населеных пунктаў. У раёне знаходзяцца наступныя сельсаветы: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі.
Транспарт
Праз раён праходзяць чыгунка Орша — Унеча, аўтамабільныя дарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж, а таксама нафтаправод Унеча — Полацк (частка нафтаправода «Дружба»).
Памятныя мясціны
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Касцюковіцкага раёна
- Царква Свята-Пакроўская (1863) у вёсцы Гаўрыленка,
- Свята-Ушэсцеўская царква (канец XIX стагоддзя) у вёсцы Забычанне,
- Царква (канец XIX стагоддзя) у вёсцы Канічы,
- Касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў (1900—1910) у вёсцы Канічы,
- Свята-Троіцкая царква (1842) у вёсцы Саматэвічы.
Старшыні райвыканкама
Вядомыя асобы
- Ф. М. Аўхачоў (1909, Машавое — 1993), Герой Савецкага Саюза
- Міхаіл Мікалаевіч Бадзяка, беларускі вучоны ў галіне металазнаўства
- Антон Стафанавіч Бархаткоў, мастак
- Аляксандр Нічыпаравіч Варанцоў, Герой Савецкага Саюза
- Аляксандр Кузьміч Галавінскі, прадстаўнік урада БНР ва Украіне
- Рыгор Канстанцінавіч Ігнаценка, беларускі пісьменнік.
- Аркадзь Куляшоў (нарадзіўся ў в. Саматэвічы), народны паэт БССР
- Алесь (Аляксандр Уладзіміравіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957, в. Бялынкавічы, паводле іншых звестак в. Іванаўка, беларускі паэт, эсэіст.
- Уладзімір Антонавіч Скугар (1914, вёска Жабыкі — 2006), ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза
- Масей Сяднёў (1913, в. Мокрае — 2001) — беларускі паэт, празаік
- Іван Іванавіч Ціцянкоў, беларускі палітычны і дзяржаўны дзеяч
- Іван Чыгрынаў, народны пісьменнік Беларусі (нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор)
- Канстанцін Палікарповіч, беларускі археолаг
- Пётр Гаўрылавіч Чыгрынаў (нар. 1938) — беларускі вучоны. Доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1988), заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ http://kostukovichi.gov.by/vlast/raiispolkom
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 апреля 2017 г. № 27-2 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Могилевской области
- ↑ Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
Літаратура
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Касцюковіцкі раён на сайце Магілёўскага аблвыканкама(недаступная спасылка)
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online
- Славутыя мясціны на партале globustut.by
- Форум горада Касцюковічы Архівавана 18 лістапада 2010.
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бялынкавіцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Касцюковіцкага раёна Катэгорыя·Раёны Магілёўскай вобласці Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1931 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1954 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1992 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Касцюковіцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.