Новы Двор (Шчучынскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Новы Двор.
Новы Двор — аграгарадок у Беларусі, у складзе Астрынскага сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Насельніцтва 611 чал. (2001). Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Шчучына, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка; на аўтамабільнай дарозе Астрына — Радунь.
Новы Двор — былое магдэбургскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны).
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Новы Двор датуецца 1480, калі тут збудавалі касцёл. У дакументах 1499 згадваецца намеснік навадворскі. Пазней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў паселішча ў трыманне біскупу віленскаму. У XVI ст. існавалі аднайменныя каралеўскае мястэчка і двор, якія ўваходзілі ў склад Гродзенскай эканоміі. У 1561 пры правядзенні «валочнай памеры» Новы Двор перапланавалі. У гэты час тут існавалі касцёл, плябанія, Рынак (меў форму квадрата) і 8 вуліц: Васілішкаўская, Астрынская, Дубіцкая, Берштанская (Берштаўская), Касцёльная, Забалотная, Дворная, вуліца «з канца пляцаў рынкавых». Жыхары мястэчка карысталіся Магдэбургскім правам; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы, 2 разы на тыдзень — таржкі. У адпаведнасці з каралеўскай уставай жыхары з кожнага дома плацілі 2 грошы, а тыя, хто меў валокі зямлі — 3 грошы і г. д. Сярод рамеснікаў былі краўцы, шаўцы, кушнеры, кавалі, сталяры, слесары, ганчары, пекары і іншыя. Двор (сядзіба) налічваў 2 вуліцы, агароды і іншыя землі.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Новы Двор увайшоў у склад Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1749 тут збудавалі новы драўляны касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новы Двор апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Лідскім павеце Віленскай губерні. Станам на 1829 у мястэчку было 40 будынкаў (18 хрысціянскіх і 22 іўдзейскія). Жыхары Новага Двора бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864). У сакавіку 1863 каля мястэчка карныя расійскія войскі разбілі паўстанцкі аддзел Лідскага павета на чале з Людвікам Нарбутам. Станам на 1863 — 62 жылыя дамы, на 1886 — 63 двары. Паводле вынікаў перапісу (1897) існавалі касцёл, 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Новы Двор апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Шчучынскага павета Навагрудскага ваяводства. Станам на 1921 у мястэчку было 126 будынкаў, на 1937 дзейнічалі касцёл і царква, працавала пошта, праводзіліся таргі.
У 1939 Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 стаў цэнтрам сельсавета Васілішкаўскага раёна (з 20 студзеня 1960 у Шчучынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1940 тут было 160 двароў, на 1998 — 275, на 1 студзеня 2001 — 258. У 1940—2013 гадах цэнтр Навадворскага сельсавета.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1829 — 404 чал., у тым ліку 105 хрысціян і 299 іўдзеяў[1]; 1860 — 501 чал.; 1863 — 348 чал.; 1869 — 509 чал.[2]; 1886 — 708 чал.; 1897 — 822 чал., у тым ліку 664 іўдзеі
- XX стагоддзе: 1905 — 977 чал.; 1919 — 691 чал.; 1921 — 655 чал.; 1937 — 655 чал.; 1940 — 821 чал.; 1998 — 695 чал.[3]; 2000 — 659 жыхароў, 381 двор[4].
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2001 — 611 чал.[5]
Інфраструктура
У Новым Двары працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Славутасці
- Капліца (1882)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1749)
- Сінагога
Галерэя
Зноскі
- ↑ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — С. 380.
- ↑ Мальцаў У. В. Новы Двор // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 333.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.— 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Мальцаў У. В. Новы Двор // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8. — С. 372.
- Nowydwór (4) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. — S. 294
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Новы Двор (Шчучынскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Шчучынскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.