Опса (аграгарадок)
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Опса.
Опса — аграгарадок (былая вёска) у складзе Опсаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі — цэнтр сельсавета, на беразе возера Опса. За 18 км на поўдзень ад Браслава на шашы Браслаў—Паставы.
Гісторыя
Упершыню згадваецца 7 жніўня 1500 г., калі вялікі князь Аляксандр Ягелончык перадаў двор Опсу з «волосткою Опскою» у часовае карыстанне Глазыне, аднаму са смаленскіх князёў. Опса з’яўлялася вялікакняскім уладаннем, цэнтрам воласці, падпарадкаванай браслаўскаму дзяржаўцы. Назва мае балцкае паходжанне ў сэнсавым значэнні — ўзбярэжжа. Паводле позняга падання назва звязана з магілай любімага пса мясцовага пана.
У канцы 16 ст. Опса — цэнтр неградовага староства. Старостамі-дзяржаўцамі былі А. Марштын, Ю. Остык, Я. Розен, Т. Дусяцкі-Рудаміна, Зяновіч, Цеханавецкія. У 1676 будуецца драўляны касцёл (філіяльны браслаўскай парафіі). Адзін з опсаўскіх старостаў — Ян Цеханавецкі, які жыў у 18 ст., ажаніўся з мясцовай прыгажуняй Ядвігай, дачкой Юзафа Струцінскага. Неўзабаве паміж Цеханавецкімі і Струцінскімі адбыўся канфлікт, які стаў шырока вядомы ў Рэчы Паспалітай. У 1764 Я. Цеханавецкі быў забіты ў Опсе. Яго жонка пэўны час была каханкай караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па просьбе караля з ёй ажаніўся граф М. Мануццы, які стаў уладальнікам Опсаўскага староства. Паводле інвентару 1779 у склад староства ўваходзілі Угорскае, Купчэльскае, Петкунішскае, Далёкаўскае і Заборніцкае войтаўствы. Налічваліся 357 дымоў, 62 валокі аседлых, 775 коней, 131 вол. Гадавы даход складаў 43641 злоты. «Мястэчка Опса на Слабадзе» мела 9 дымоў, 1,7 валокі зямлі, 2 валы, 18 коней. Названы прозвішчы гаспадароў: Мілінта, Ясюлевіч, Белюн, Кульпа і інш. Побач з мястэчкам знаходзіліся панскі двор, касцёл, карчма, вадзяны млын. У 1790 у мястэчку 19 дымоў, 120—130 жыхароў.
У маі 1794 г. каля мястэчка адбылася сутычка паміж паўстанцамі і расійскімі часцямі. З боку паўстанцаў у баі ўдзельнічала каля 300 чалавек, яны пацярпелі паражэнне, 57 чалавек былі забіты, 60 трапілі ў палон. З канца XVIII ст. існавала самастойная каталіцкая парафія (62 паселішчы), мелася парафіяльная школа (1781 — 21 вучань, у тым ліку 6 шляхціцаў, 10 мяшчан, 5 сялян, 1782 — 22 вучні, у тым ліку 2 шляхціцы, 4 мяшчан, 16 сялян). У вайну 1812, 6 ліпеня ў Опсе знаходзілася галоўная кватэра Барклая дэ Толі, 11 ліпеня — галоўная кватэра I. Мюрата. 3 1829 Опса — уладанне Плятэраў. У 1829 адбыўся вялікі пажар, які знішчыў палову мястэчка. У сярэдзіне 19 ст. Опса — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага павета, 11 дамоў, 163 жыхары (1859), касцёл, млын-вятрак. У склад воласці ўваходзіла 71 вёска, налічвалася 2378 сялян. У 1866 заснавана сельскае вучылішча, якое валодала 1205 сажнямі зямлі. У пачатку 20 ст. 415 жыхароў, у маёнтку — 55 жыхароў, народнае вучылішча, касцёл, пазыкова-ашчаднае таварыства. У 1909—467 жыхароў. У 1903 пабудаваны мураваны палац Плятэраў.
У 1-ю сусветную вайну ў мястэчку размяшчаліся шматлікія тылавыя ўстановы, штабы расійскай арміі, у маёнтку — шпіталь. Праз мястэчка прайшла ваенная вузкакалейка Друя—Браслаў—Опса—лінія фронту. У 1918—1919 дзейнічаў валасны рэўкам. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны, 153 дамы, 907 жыхароў, касцёл, сінагога, школа агульнаадукацыйная, школа сельскагаспадарчая, пошта, крамы, чыгуначная станцыя. У 1929 адбыўся моцны пажар, пацярпела значная частка мястэчка. У Вялікую Айчынную вайну ў Опсе размяшчаліся паліцэйскі і нямецкі гарнізоны. 22.4.1944 гарнізоны разгромлены партызанамі брыгады «Спартак». 2.7.1944 Опса вызвалена партызанамі брыгады імя Жукава. У гады акупацыі яўрэйскае насельніцтва мястэчка знішчана ў Браслаўскім гета.
У 1995—246 дамоў, 605 жыхароў. Цэнтр сельсавета, сядзіба калгаса імя Заслонава.
Існуе шэраг легенд і паданняў, звязаных з маёнткам і паркам, касцёлам.
Гаспадарка
Маюцца школа, школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, сталовая, магазіны, бальніца, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання.
Славутасці
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (пачатак XX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000207шыфр 213Г000207
- Сядзібна-паркавы комплекс Плятэраў (1904 год) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000206шыфр 212Г000206
- Курганны могільнік (IX—XI стагоддзі) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000208шыфр 213В000208
-
Забудова цэнтральнай плошчы мястэчка (пач. 20 ст.)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
- Шэраговая забудова
- Сядзіба Плятэраў
- Млын
Страчаная спадчына
- самы стары дуб Браслаўшчыны
Літаратура
- Опса // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 683—684.
- Бальшакоў І. Опса : мінулае і сучаснае / І. Бальшакоў // Браслаўская звязда. — 1973. — 27 снежн.
- Мушыкля Т. Вёсцы Опса — 500 гадоў / Т. Мушыкля // Браслаўская звязда. — 2000. — 7 кастр.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Опса (аграгарадок)
- Опса (аграгарадок) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Браслаўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.