Параф’янава (Параф’янаўскі сельсавет)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Параф’янава.
Параф’я́нава[1] (трансліт.: Parafjanava, руск.: Парафьяново) — аграгарадок у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр Параф’янаўскага сельсавета. Чыгуначная станцыя на лініі Полацк — Маладзечна.
Назва
Назва паходзіць ад старой вёскі Параф’янава, паблізу якой у 1902—1906 гадах пабудавана аднайменная чыгуначная станцыя Параф’янава на лініі Полацк — Маладзечна, пры ёй і ўзнікла паселішча, з 2007 года аграгарадок. Наконт паходжання назвы вёскі Параф’янава ёсць некалькі версій, адна з іх — ад імя Параф’ян або прозвішча Параф’янаў.
Гісторыя
У 1902—1906 гадах за 2 км ад вёскі Парфенава прайшла Балагое-Сядлецкая чыгунка, на ёй пабудавалі аднайменную чыгуначную станцыю Параф’янава, для таго часу буйную — з цягніковым дэпо, воданапорнай вежай для запраўкі паравозаў, вакзалам. Насосная станцыя і водаправод, жылыя дамы і некаторыя іншыя пабудовы захаваліся да цяперашняга часу.
У 1920-1939 гадах — цэнтр Параф’янаўскай гміны Віленскага ваяводства.
У час Вялікай Айчыннай вайны на станцыі Параф’янава немцы стварылі базу са складамі харчавання, вопраткі, будаўнічых матэрыялаў, паліва, боепрыпасаў. 31 мая 1942 года акупанты загубілі 270 жыхароў паселішча пры станцыі. Вызвалена 2 ліпеня 1944 года.
Пасля вайны паселішча пры станцыі стала значным, з 1959 года — цэнтр Параф’янаўскага сельсавета. Тым часам у старой вёсцы Парфенава пасля вайны жыло 250 чалавек, з 1959 года яна перададзена ў склад Сітцаўскага сельсавета[2] і адміністрацыйным цэнтрам не з’яўляецца. Такім чынам, з 1959 года паселішча пры станцыі (мела статус вёскі) Параф’янава і старая вёска Параф’янава знаходзяцца ў розных сельсаветах.
У 2007 годзе атрымала статус аграгарадка.
Адукацыя
ДУА «Параф’янаўская сярэдняя школа Докшыцкага раёна». Вядзе гісторыю з 1908 года, калі ў паселішчы пры станцыі адкрылі аднакласную школу для дзяцей чыгуначнікаў. З 1913 года школа стала двухкласнай. У 1921 годзе адкрылі польскую пачатковую школу, якую наведвала 25-30 вучняў. У 1939 годзе адкрыта савецкая пачатковая школа, яе планавалі рэарганізаваць у сярэднюю, але перашкодзіла вайна. Пасля вызвалення, у жніўні 1944 года, адкрыта сямігодка, якая з верасня 1947 года стала дзесяцігодкай.
Насельніцтва
- 1886 год — 45 чал.
- 1921 год — 453 чал.
- 1999 год — 1181 чал.
- 2000 год — 1236 жыхароў, 486 двароў[3].
- 2010 год — 1040 чал.
Славутасці
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан[3] у скверы паблізу чыгуначнага вакзала. Пахавана 55 савецкіх воінаў і партызан, загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. У 1961 годзе ўсталяваны помнік — скульптура воіна.
Вядомыя асобы
- Лявон Гмырак (Мечыслаў Бабровіч; 1891—1915) — беларускі крытык, публіцыст і празаік.
- Уладзімір Аляксандравіч Дукельскі (1903—1969) — кампазітар, піяніст, паэт і перакладчык.
- Ян Станіслававіч Бабровіч (1902—1943) — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Пархве́нава, н.. Параф’я́наў, м.
- ↑ radzima.org
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт Докшыцкага райвыканкама
- Партал нашага краю:Докшыцы (навінкі, фотаздымкі, блогі) Архівавана 3 мая 2009.
- Параф’янава — фота і помнікі на radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.