Докшыцкі раён
Докшыцкі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Докшыцкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 г. Мяжуе з Пастаўскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Лепельскім раёнамі Віцебскай вобласці, Мядзельскім, Лагойскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.
Цэнтр раёна — горад Докшыцы, які размешчаны каля вытокаў Бярэзіны, за 195 кіламетраў ад Віцебска і за 132 кіламетры ад Мінска.
Геаграфія
Большая частка тэрыторыі раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізін. На поўначы — адгор’і Свянцянскіх град, у цэнтры — Докшыцкае ўзвышша, на поўдні — адгор’і Плешчаніцкага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Плоскія забалочаныя ўчасткі чаргуюцца з кароткімі градамі, камавымі ўзгоркамі, озамі. Найвышэйшы пункт Докшыцкага раёна знаходзіцца каля вёскі Лусцічы (264,4 метры над узроўнем мора).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 80 да 160 м. Сярод карысных выкапняў у раёне знаходзяцца торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны.
Докшыцкі раён размешчаны на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут бяруць свае пачаткі рэкі Вілія і Бярэзіна. Вілія і Сэрвач нясуць свае воды ў Нёман, а Бярэзіна (з прытокам Поня і інш.) — у Дняпро. У водную сетку раёна ўваходзіць шмат малых рэчак: Астраўлянка, Варлынка, Галядза, Гулянка, Дзяражына, Зуйка, Лонва, Прабойніца, Студзенка, Чарніца, Чорная.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца азёры Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец, Дамашкаўскае, Станіслаўскае, Чорнае, Маскавіца, Камайскае.
Пашыраны дзярновыя і дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя глебы. Паводле механічнага складу сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.
Тут знаходзіцца паўночная частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка плошчай каля 200 квадратных кіламетраў і тры гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча, Сэрвач, створаныя для захавання воднай экасістэмы. Галубіцкая пушча і Сэрвач з’яўляюцца заказнікамі міжнароднага значэння.
У 1996 годзе на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Бягомльскі лясгас» былі створаныя 7 заказнікаў мясцовага значэння. З іх 6 гідралагічных заказнікаў, якія створаны з мэтай захавання ў некранутай прыродзе месцаў росту журавін на балотных масівах:
- гідралагічны заказнік «Атрубак» знаходзіцца паміж вёскамі Атрубак і Мацееўцы ў Докшыцкім лясніцтве (урочышча «Кайданаўскае балота»), плошча — 100 га;
- гідралагічны заказнік «Віржы» знаходзіцца ў Валкалацкім лясніцтве (урочышча «Загацце»), яго плошча 695 га;
- гідралагічны заказнік «Вярэнькі» знаходзіцца паміж вёскамі Вярэнькі і Іванава ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Залатухі»), плошча — 120 га;
- гідралагічны заказнік «Забар’е» знаходзіцца ў Бярозкаўскім, Вітунічскім, Замасточскім лясніцтвах (урочышча «Людзвінава»), плошча — 910 га;
- гідралагічны заказнік «Падомхі» знаходзіцца паміж вёскамі Пасекі, Падомхі, Чырвонае Беразіно ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Бараніха»), плошча — 264 га;
- гідралагічны заказнік «Чачукі» знаходзіцца паміж вёскамі Вянюціна, Порплішча, Дзядкі, Чачукі ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Раеўка»), плошча — 334 га.
Біялагічны заказнік «Зуйка» мясцовага значэння створаны ў 2016 годзе рашэннем Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта № 60 з мэтай захавання ў некранутай прыродзе вялікай папуляцыі (каля 1 га) лунніка ажываючага, уключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Заказнік знаходзіцца паміж вёскамі Балтрамееўцы і Калягі ў Параф’янаўскім лясніцтве. Плошча яго складае 23,96 га.
Гісторыя
Докшыцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — горад Докшыцы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Бярозаўскі, Валодзькаўскі, Гняздзілаўскі, Грабучоўскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Несцераўшчынскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Старасельскі, Таргунскі, Тумілавіцкі, Юркаўшчынскі, Янкоўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Гняздзілаўскі, Несцераўшчынскі, Таргунскі сельсаветы, Бярозаўскі сельсавет перайменаваны ў Крыпульскі, Старасельскі сельсавет — у Сітцаўскі, Юркаўшчынскі сельсавет — у Вознаўшчынскі. 24 студзеня 1958 года скасаваны Грабучоўскі і Порплішчанскі сельсаветы, 24 красавіка 1959 года — Валодзькаўскі і Вознаўшчынскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці, адначасова да раёна далучаны гарадскі пасёлак Бягомль з падпарадкаванымі пассавету населенымі пунктамі, Асаўскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Вітуніцкі, Глінскі сельсаветы і вёскі Бедзіна, Слабада, Федаркі Домжарыцкага сельсавета скасаванага Бягомльскага раёна[4]. 20 мая 1960 года скасаваны Асаўскі і Глінскі сельсаветы, Вітуніцкі сельсавет перайменаваны ў Юхнаўскі. 29 снежня 1961 года ўтвораны Порплішчанскі сельсавет, скасаваны Янкоўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Глыбоцкага раёна.
6 студзеня 1965 года Докшыцкі раён утвораны зноў, уключаў горад Докшыцы, гарадскі пасёлак Бягомль і 10 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна і Валкалацкі сельсавет Пастаўскага раёна. 20 кастрычніка 1995 года Докшыцкі раён і горад Докшыцы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 20 чэрвеня 2013 года Бягомльскі пассавет рэарганізаваны ў Бягомльскі сельсавет[5].
Насельніцтва
У раёне налічваецца 274 населеных пункты, у тым ліку горад Докшыцы і гарадскі пасёлак Бягомль. Гарадское насельніцтва (Докшыцы, Бягомль) складае 9,3 тыс. чал. (2010).
Колькасць насельніцтва раёна мае тэндэнцыю скарачацца:
2009 — 28,8 тыс. чал. 2006 — 30,5 тыс. чал. 1971 — 49,8 тыс. чал. Адміністрацыйны падзел ———————-
Раён падзелены на 11 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Валкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі і Тумілавіцкі.
Транспарт
Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі:
- Полацк — Маладзечна,
- Крулеўшчына — Лынтупы,
- Лагойск — Зембін — Глыбокае — граніца Латвійскай Рэспублікі (Урбаны) Р3,
- Мінск — Віцебск М3,
- Ушачы — Вілейка Р29,
- Багушэўск — Сянно — Лепель — Мядзел Р86.
Культура, СМІ
- Выходзіць газета «Родныя вытокі».
- Бягомльскі музей народнай славы.
Сацыяльная сфера
Адукацыя
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Докшыцкім раёне У сістэму адукацыі раёна ўваходзяць 37 устаноў рознага тыпу: сярэднія агульнаадукацыйныя школы — 8, базавыя — 2, сацыяльна-педагагічныя комплексы «школа-сад» — 3, дашкольныя ўстановы — 20, а таксама ўстановы спецыяльнай адукацыі і пазашкольнага навучання і выхавання: Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Ахова здароўя
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Докшыцкая раённая цэнтральная бальніца».
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
- Кастусь Акула (сапр. Аляксандр Качан; 1925, Верацеі — 2008) — беларускі пісьменнік, журналіст, выдавец, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі
- В. К. Бабіч (1935, в. Зальхоўе —), Герой Сацыялістычнай Працы
- Лявон Карась (1923, в. Дзямідзенкі — 1954) — беларускі журналіст, грамадскі дзеяч
- Міхаіл Міхайлавіч Кавалёў,
- Сяргей Карніловіч,
- Галіна Пятроўна Крываблоцкая, беларускі мастак
- Леаніла Чарняўская, беларуская пісьменніца, перакладчыца, педагог
- Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменнік
- Аляксандр Іванавіч Андарала (1950, в. Валасатка), беларускі вучоны-педагог. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
- Уладзімір Іванавіч Мальта (1932, хутар Кучына — 1983), Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі (1976).
- Зоя Пятроўна Мельнікава (1954, в. Навасёлкі), беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар.
Зноскі
- ↑ http://dokshitsy.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
- 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Решение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2013 г. № 278 О некоторых вопросах административно-территориального устройства районов Витебской области
Літаратура
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. Пашкоў і інш.; маст. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — 749 с.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Докшыцкі раён
- Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
- Спіс населенных пунктаў Докшыцкага раёна па сельсаветах
- Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць”
- Пералік аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Докшыцкага раёна
- Выдатныя мясціны на партале globustut.by (руск.)
- Фотаздымкі адметных мясцін Докшыцкага раёна на сайце Radzima.org
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Былыя населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Бягомльскага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Глыбоцкага раёна Катэгорыя·Былыя сельсаветы Докшыцкага раёна Катэгорыя·Раёны Віцебскай вобласці Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1965 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1959 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, скасаваныя ў 1960 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Беларусі, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя·Сельсаветы Докшыцкага раёна
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.