Паўночнае Гняздзілава
Паўно́чнае Гняздзі́лава[2] (трансліт.: Paŭnočnaje Hniazdzilava, руск.: Северное Гнездилово) — вёска ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, за 6 км на поўдзень ад Докшыц. Уваходзіць у склад Крыпульскага сельсавета.
Праз паселішча ў кірунку Докшыц праходзіць старажытны брукаваны шлях. Паселішча звязана дарогамі з вёскамі Паўднёвае Гняздзілава, Восава, Касцюкі.
Гісторыя
У 1407 г. Вітаўт падараваў Гняздзілава разам з вялізнымі прасторамі зямель Харэцкай воласці Войцеху Манівіду. Пасля смерці Войцеха частка Гняздзілава (Паўднёвая) праз шлюб яго дачкі Соф’і з Мікалаем Радзівілам перайшла да Радзівілаў, другая ж (Паўночная) частка праз шлюб Ядвігі Манівідаўны перайшла да Алехны Судзімонтавіча, потым да Станіслава Мантоўта, якому ў Гняздзілаве ў 1555 г. належалі 49 дымоў, якія валодалі 43 сохамі (запрэжкамі валоў). Такім чынам, гістарычна ўтварыліся два паселішчы — Паўночнае і Паўднёвае Гняздзілава, якія належалі да розных адміністрацыйных адзінак. Пазней праз шлюб дачкі Мантоўта Паўночнае Гняздзілава трапіла да Глябовіча, потым да Станіслава Нарушэвіча (Наружэвіча).
У 1613 г. сын Станіслава Войцех Нарушэвіч прадаў Гняздзілава Рудаміну-Дусяцкаму, які ў сваю чаргу прадаў маёнтак уладальніку Глыбокага Іосіфу Корсаку, які падараваў Паўночнае Гняздзілава і Вольберавічы заснаванаму ім глыбоцкаму кляштару кармелітаў босых. Тады ж Корсак абавязаў кармелітаў збудаваць капліцы ці касцёлы ў сваіх уладаннях. Таму ў XVII ст. ў Паўночным Гняздзілаве быў узведзены касцёл, які, напэўна, быў страчаны ў часе вайны з Масквой 1654-67 гг. і больш не аднаўляўся. Пазней тут узведзена ўніяцкая царква, фундатарам якой выступіў Кішка. У 1842 г. маёнткі ў кармелітаў канфіскаваны ў расійскі дзяржаўны скарб, а кляштар зачынены.
У 1795 г. Паўночнае Гняздзілава, як і Паўднёвае, было цэнтрам уніяцкага прыходу. У адным з гэтых паселішчаў уніяцкай плябаніі належалі 8 душ, у другім — 4. Пасля ліквідавання ўніяцтва царкву пераасвяцілі на праваслаўную. Храм існаваў да 1943 г. Згадваюцца таксама млын і карчма, аднак немагчыма дакладна сказаць, у якім з паселішчаў яны былі.
У XIX стагоддзі сяло Паўночнае Гняздзілава знаходзілася ў Докшыцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, у адрозненні ад Паўднёвага, якое ляжала ў Віленскай губерні. Гняздзілава з’яўлялася цэнтрам дзяржаўнага маёнтка, у склад якога ўваходзілі 10 вёсак, у самім Паўночным Гняздзілаве да яго належалі 22 душы (1870). У 1854 г. тут адчынена школа, дзе настаўнікам працаваў мясцовы святар Вікенцій Урбановіч, а ў 1875 г. створана народнае вучылішча. У 1890 г. ў Паўночным Гняздзілаве згадваецца царкоўнапрыходская школа граматы, дзе настаўнічаў М. Парфяновіч і налічвалася 24 навучэнцы.
У 1886 г. тут было 32 двары, 324 жыхары, у 1921 г. — 76 двароў, 388 жыхароў.
У 1930 г. ў Паўночным Гняздзілаве жыло 399 чалавек, налічвалася 89 двароў з 460 дзесяцінамі зямлі. Дзейнічала праваслаўная царква.
30 верасня 1943 г. вёска была спалена немцамі. Падчас пажару згарэла і царква. У 1949 годзе прымусова створаны калгас “Чырвоная зорка”. Царква так і не была адноўлена.
Да 29 снежня 1961 года вёска ўваходзіла ў склад Янкоўскага сельсавета[3].
Насельніцтва
У 2004 годзе ў Паўночным Гняздзілаве налічвалася 103 двары, 277 жыхароў.
Зноскі
- ↑ Белпошта
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 29 снежня 1961 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 12 (971).
Спасылкі
Тэмы гэтай старонкі:Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.