wd wp Пошук:

Докшыцы

До́кшыцы[2] (трансліт.: Dokšycy) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Докшыцкага раёна, у вярхоўях р. Бярэзіна. Размешчаны за 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк, аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Вілейкай, Ушачамі, Глыбокім, Лепелем і Бягомлем. Насельніцтва 6 827 чал. (2017)[3].

Назва

Існуе некалькі тлумачэнняў паходжання тапоніма «Докшыцы». Паводле беларускага географа В. Жучкевіча, ён мае балцкае паходжанне[4] і, на думку Т. Кашкурэвіча, звязана з богам Перуном[5]. Таксама існуе меркаванне, што назва паселішча ўтварылася ад кельцкага «док» — месца малацьбы[6].

У прывілеях вялікіх князёў (на лаціне) згадваюцца як Doxiczane[7]

Гісторыя

Перыяд Вялікана Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

Докшыцы ўзніклі не пазней за XIV ст., як сяло ў складзе Харэцкай воласці, частка якой належыла віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду, удзельніку Грунвальдскай бітвы. Упершыню Докшыцы ўзгадваюцца ў грамаце вялікага князя ВКЛ Вітаўта, выдадзенай 13.1.1407 у Вільні. У ёй Манівід атрымаў пацверджанне на сёлы і сялян-даннікаў у Харэцкай воласці, сярод якіх названы даннікі «доксычане» (doxyczane). Пасля смерці Манівіда (1423) Докшыцы перайшлі да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, у 1485 г. — да Войцеха, сына Яна (Івашкі). Пасля яго смерці (1475) спадкаемцамі манівідавай спадчыны сталі дзве сястры — Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівілавіча). Пры падзеле спадчынай уласнасці частка двароў у Докшыцах дасталася Ядвізе, частка — Соф’і.

У далейшым Докшыцы зведалі яшчэ большае драбленне паміж уласнікамі. Доля Ядвігі адышла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы XV ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, а пасля смерці (1517) была падзелена паміж чатырмя яе дочкамі і сынам Паўлам, віленскім біскупам. З іх доля ў Докшыцах дасталася Ганне Гальшанскай (жонка Мікалая Юр’евіча Паца), потым яе сынам. Доля ж Соф’і Радзівілавай перайшла да яе чатырох сыноў — Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха. Пасля смерці апошняга з іх (1519) адбыўся чарговы падзел уладанняў. Частка даннікаў з Докшыц адышла да старэйшага з братоў — Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, пазней віленскага ваяводы (памёр у 1521 г.). Яго спадкаемцамі сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні.

У 1536 г. сярод спадчыны Мікалая Мікалаевіча Радзівіла ўспамінаюцца «докшыцкія людзі», памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 г., пасля чаго гэтага частка Докшыц перайшла ва ўласнасць трох яго дачок. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі. Бацькоўская спадчына адышла да трэцяй сястры — Ганны, якая была жонкай (з 1554 г. удавой) Станіслава Пятровіча Кішкі. У 1560 г. ёй належылі 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.

Род князёў Гальшанскіх, уладальнікаў судзімонтаўскай часткі Докшыц, згас са смерцю біскупа Паўла ў 1555 г. Спадчына адышла да нашчадкаў па жаночай лініі. Імі сталі дзве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу з Янам Літаворам Храбтовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўская спадчына была падзелена паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 г. прадаў частку даннікаў «на Руси в Довкишчах» Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішчынай. Апошняя ў красавіку 1560 г. купіла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсць месяцаў падаравала докшыцкіх даннікаў («отчизных» і купленных «на вечность») служэбніку Пятру Скалдзіцкаму. У 1561 г. Ганна набыла ў Станіслава Мікалаевіча Паца са згоды яго братоў Мікалая, Дамініка і Паўла («маючи от всее братии моц») іх долю ў Докшыцах, якая налічвала «полтори службы» людзей. Заставалася яшчэ адна частка Докшыц, што належыла сястры Ганны Гальшанскай Ядвізе, потым дачцэ апошняй Ганне і яе мужу Юрыю Осціку. У 1569 г. іх сын Мікалай Юр’евіч Осцік падараваў гэту частку Докшыц свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Далейшы след яе не прасочваецца.

Паводле адміністрацыйнай рэформы, якая была праведзена ў ВКЛ (15651566), Докшыцы ўваходзілі ў склад Менскага павета. У час Інфлянцкай вайны (1558-82) ваколіцы Докшыц з’яўляліся адной з апорных баз войск Рэчы Паспалітай. Пасля смерці (1600) Ганны Кішчынай Докшыцы належалі яе сыну Станіславу Кішку (памёр у 1617 г.), а фактычна сынам апошняга. З іх Станіслаў Станіслававіч Кішка (каля 1577 — 1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і пазней стаў жамойцкім біскупам, у 1608 г. ён заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл і падараваў яму фальварак Туркі.

У 1621 г. Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 г. Станіслаў Кішка падараваў асноўную яго частку (на правым беразе р. Бярэзіна) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу жамойцкага біскупства. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне XVIII ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў менскі кашталян Юдзінскі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.

У час вайны (1654—1667) Докшыцы моцна пацярпелі. У 1655 г. праз беларускія землі па лініі Слуцк-Мінск-Докшыцы-Дзісна планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй, але маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну (1700—1721) Докшыцы ў 1708 г. апынуліся на шляху руху шведскага корпуса генерала А. Левенгаўпта. Шведы спалілі мястэчка і касцёл. У 1745 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла (асвячоны у 1753 г.), пры якім у 1781 г. са згоды Папы Рымскага Пія VI пачало працаваць брацтва св. Тройцы.

У складзе Расійскай імперыі

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Докшыцы былі далучаны да Расійскай імперыі, сталі цэнтрам Докшыцкага павета. У 1795 г. яны атрымалі статус горада, 22 студзеня 1796 — герб: у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іхніх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы, якія адзначаюць рэкі Вілію і Бярэзіну. З 1797 Докшыцы ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, заштатны горад, які хутка зноў стаў называцца мястэчкам. Уладанні жамойцкага біскупства, канфіскаваныя расійскім урадам, былі перададзены генерал-маёру расійскіх войск В. Мілашэвічу.

У 1800 г. мястэчка налічвала 152 двары, з якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысціянскіх і 71 яўрэйскіх), 42 двары (у тым ліку 12 яўрэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровічавай і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары былі заселены чыншавай шляхтай і належалі плябаніі мясцовага касцёла. Усяго насельніцтва складала 1118 чал. (507 мужчын і 611 жанчын). У мястэчку існавалі яўрэйская школа і 2 уніяцкія царквы (па адной у частках Мілашэвіча і Гутаровічавай), якія ў 1843 г. былі ператвораны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узвіжання Святога Крыжа.

Сядзіба. А. Адам, 1812

Маёнтак Мілашэвіча ахопліваў шэраг навакольных вёсак (Валасатку, Вецяры, Плітніцу, Таргуны і інш.). Пазней ён быў вернуты ў скарб. У 1812 г. скарбавая частка мястэчка налічвала 99 двароў. Докшыцкая Слабада (Лісоўшчына) была ў той час уласнасцю Ігнацыя і Бенядзікта Пяткевічаў. У час вайны 1812 года праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ, а ў кастрычніку — адступаючыя часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка. У час паўстання 1830-31 у красавіку — маі 1831 г. каля Докшыц адбыліся баі вілейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з царскімі войскамі.

У 1824 г. у мястэчку дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д.Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. Пасля скасавання прыгоннага права ў 1861 г. Докшыцы сталі цэнтрам аднайменнай воласці. У 1863 г. тут была пабудавана новая праваслаўная царква на сродкі, адпушчаныя ўрадам. У склад прыхода акрамя праваслаўных вернікаў Докшыц уваходзілі жыхары навакольных вёсак Альхоўка, Валасатка, Дамашы, Загарані, Кожына, Козікі, Крыкуны, Лапуты, Лаці, Плітніца, Свіное, Таргуны, Туркі і Янкі.

У 1868 г. у Докшыцах пражывала 1613 жыхароў (801 мужчына і 812 жанчын), у тым ліку 310 праваслаўных, 241 католік, 12 магаметан, 1050 яўрэяў, сярод месцічаў — 62 рамеснікі; меліся 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касцёл, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, 22 лаўкі, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У Докшыцах штотыднёва праходзілі кірмашы (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 15 жніўня), на якіх пераважна прадаваліся азімае і яравое збожжа, лён, буйная рагатая жывёла, коні розныя тавары і інш.

Да 1870-х гг. у Докшыцах дзейнічалі магістрат (Ратуша) і Дума (потым — гарадское спрошчанае кіраванне), у 2-й палове 19 ст. размяшчаліся валасное праўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя, працавала народнае вучылішча. На працягу 19 ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыц (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы 19 ст. ў Докшыцах пачалі дзейнасць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

Паводле перапісу (1897) у Докшыцах пражывала 3642 жыхары (у 1904 г. — 4103), сярод якіх 119 дваран, 6 святароў, 30 купцоў, 3124 мешчаніны, 337 сялян, 14 іншаземцаў. Па веравызнанні — 439 праваслаўных, 1 старавер, 361 католік, 4 пратэстанты, 75 магаметан, 2762 іўдзеі. Агульная пісьменнасць жыхароў складала 40,6 % (усяго па губерні — 17,8 %). У 1904 г. ў Докшыцах налічвалася 435 драўляных і 1 мураваны дамоў, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. З 1902 у Докшыцах працавала 2-класнае пачатковае вучылішча (з 1907 — 4-класнае, з 1913 — вышэйшае пачатковае).

У пачатку XX ст. ў Докшыцах і наваколлі была вядома батлейка Патупчыка (асабліва папулярнымі з’яўляліся пастаноўкі «Мікіта» і «Земскі Арскі»).

Першая сусветная і Грамадзянская вайна

У час 1-й сусветнай вайны Докшыцы былі прыфрантавым горадам (а ў верасні 1915 г. ненадоўга займаліся германскімі войскамі). У снежні 1917 г. у Докшыцах была ўсталявана савецкая ўлада. У лютым — лістападзе 1918 г. горад акупаваны германскім войскамі. У сакавіку 1918 г. Докшыцы ўваходзяць у склад абвешчанай БНР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 гг. Докшыцы былі заняты польскімі войскамі. Докшыцы з ваколіцамі былі зонай баявых дзеянняў пад час Бітвы на рацэ Бярэзіна (1920).

У складзе Польскай Рэспублікі (1921—1939 гг.)

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921 да 17 верасня 1939 г. Докшыцы знаходзіліся ў складзе Польшчы, з’яўляліся цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. З 1924—1939 г. на тэрыторыі Докшыцкай гміны дыслакавалася 4-я памежная рота «Докшыцы».

Перыяд Беларускай ССР

З 1939 г. Докшыцы ў складзе БССР, у Вілейскай вобласці, 3,6 тыс. жыхароў. 15 студзеня 1940 г. Докшыцы афіцыйна атрымалі статус горада, сталі цэнтрам раёна.

Другая сусветная вайна

У 2-ю сусветную вайну Докшыцы з 9 ліпеня 1941 г. былі акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 4931 чал. У Докшыцах стаяў вайсковы гарнізон, які неаднаразова падвяргаўся нападу партызан. 29 мая 1942 г. было ліквідавана гета з 2653 чал. яўрэйскай нацыянальнасці[8]. Горад вызвалены 2 ліпеня 1944 г.

Пасляваенны перыяд

У снежні 1962 — студзені 1965 гг. Докшыцы ўваходзілі ў склад Глыбоцкага раёна. У 1959 г. тут пражывала 2,1 тыс. жыхароў, у 1971 г. — 3,9 тыс.

  • Места на старых фатаздымках
  • Касцёл Найсв. Тройцы. Здымак Юзафа Барэці, 1894Касцёл Найсв. Тройцы. Здымак Юзафа Барэці, 1894
  • Касцёл Найсв. Тройцы, пач. XX ст.Касцёл Найсв. Тройцы, пач. XX ст.
  • Царква Яна БагасловаЦарква Яна Багаслова
  • СінагогаСінагога

Насельніцтва

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

  • КУВП «Докшыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў»
  • Докшыцкі філіял ААТ «Лепельскі МКК»
  • Філіял «Докшыцкі хлебазавод» РУВП «Віцебскхлебпрам»

Транспарт

Праз Докшыцы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — граніца Латвіі), Р29 (Вушачы — Вілейка) і Р86 (Багушэўск (ад М8) — Лепель — Мядзел).

Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне з Мінскам, Віцебскам і інш.

Культура

Дзейнічаюць гарадскі цэнтр культуры, дом рамёстваў, 2 бібліятэкі.

Адукацыя

У Докшыцах працуюць:

  • сярэдняя школа № 1 г. Докшыцы;
  • сярэдняя школа № 2 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 1 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 2 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 3 г. Докшыцы;
  • яслі-сад № 4 г. Докшыцы;
  • ДУДА «Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі».

Мас-медыя

У месце выдаецца раённая газета «Родныя вытокі».

Забудова

Гл. таксама: Спіс вуліц Докшыцаў Генеральны план Докшыц (1977) улічвае захаванне гістарычнага планавання. Асноўная тэрыторыя горада знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны. Тут размяшчаецца адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Забудова пераважна 1-павярховая, ёсць групы 2—3-павярховых секцыйных будынкаў.

Турыстычная інфармацыя

У Докшыцах дзейнічае дом рамёстваў (у колішняй драўлянай царкве Св. ап. Іаана Багаслова). Спыніцца можна ў гасцініцы «Докшыцы».

Славутасці

Страчаная спадчына

Галерэя

  • Краявіды Докшыц
  • У цэнтры горадаУ цэнтры горада
  • Дзіцячая школа мастацтваўДзіцячая школа мастацтваў
  • ЦаркваЦарква

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаНациональный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 104.
  5. Версія: чаму Глыбокае і Беразвечча маюць такія назовы? (нявызн.). Westki.info (28 лістапада 2010).(недаступная спасылка)
  6. Докшыцкі раён(руск.)  (недаступная спасылка). Витебский областной исполнительный комитет (28 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2012. Праверана 6 кастрычніка 2015.
  7. В. Насевіч. У складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал. Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004.
  8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
  9. Докшицы // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  10. Вячаслаў Насевіч. Докшыцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 267.
  11. Докшицы // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  12. Перепись населения — 2009. Витебская область Архівавана 18 верасня 2010. (руск.)  Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  14. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 239.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі без сельсавета Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Докшыцкага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be