Радзеева (вёска)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Радзеева.
Радзе́ева[1] (трансліт.: Radziejeva, руск.: Радеево) — вёска і чыгуначны раз’езд у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Уваравіцкага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 16 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 30 км ад Гомеля.
Гідраграфія
Праз вёску праходзіць меліярацыйны канал.
Транспартная сетка
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Буда-Кашалёва — Уваравічы. Планоўка складаецца з двух падзеленых меліярацыйным каналам вуліц — заходняя арыентавана з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, усходняя — з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Рудзянецкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні. У 1862 годзе памешчык меў тут 800 дзесяцін зямлі. Пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Бабруйск — Гомель у лістападзе 1873 года пачаў дзейнічаць чыгуначны раз’езд. У 1883 годзе працаваў хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, 2 вятракі, кузня, карчма. У вясковай школе ў 1905 годзе навучаліся 77 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. У 1909 годзе ў вёсцы 2086 дзесяцін, у маёнтак 170 дзесяцін зямлі. У 1926 годзе меліся паштовае аддзяленне і пачатковая школа.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Радзееўскага сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі.
У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Ф. Энгельса, працавалі кузня, 3 вятракі, сталярная майстэрня, конная крупарушка. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вызвалена ад акупантаў 27 лістапада 1943 года, 69 жыхароў вёскі загінулі на франтах. У 1959 годзе ў складзе эксперыментальнай базы «Уваравічы» (цэнтр — гарадскі пасёлак Уваравічы). Аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 162 гаспадаркі, 381 жыхар.
Дынаміка
- 1883 год — 75 двароў, 398 жыхароў.
- 1897 год — 135 двароў 1002 жыхара; фальварак — 3 двары, 18 жыхароў (паводле перапісу).
- 1909 год — 165 двароў.
- 1959 год — 691 жыхар, на раз’ездзе — 15 жыхароў (паводле перапісу).
- 2004 год — 162 гаспадаркі, 381 жыхар.
Вядомыя выхадцы
- В. К. Цвірка — народны мастак БССР (1963), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. З 1958 па 1962 год быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
- А. Я. Андрыенка — поўны кавалер ордэна Славы
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.