wd wp Пошук:

Савічы (Брагінскі раён)

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Савічы.

Са́вічы[1] (трансліт.: Savičy, руск.: Савичи) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Чамярыскага сельсавета.

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета[2].

Геаграфія

Размяшчэнне

У 22 км на поўдзень ад Брагіна, 22 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі Оўруч — Палтава), 152 км ад Гомеля, на захадзе мяжуе з Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам.

Транспартная сетка

На аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.

Планоўка складаецца з 2 частак, падзеленых дарогай: заходняй (ледзь скрыўленая вуліца, арыентаваная з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з захаду далучаецца прасталінейная вуліца і на поўнач ад яе, паралельна да асноўнай, праходзіць кароткая прасталінейная вуліца) і ўсходняй (выгнутая вуліца мерыдыянальнай арыентацыі). Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

Выяўленае археолагамі гарадзішча ранняга жалезнага веку за 1 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Саловіца) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў са старажытных часоў.

Упершыню Савічы згаданыя ў падатковым рэестры ад 6 студзеня 1571 года як сяло воласці Любецкага замку ў Кіеўскім ваяводстве Каралеўства Польскага. Тады ў ім налічвалася 6 дымоў[3].

Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе згадана як вёска ў Рэчыцкім павеце, абшарніцкая ўласнасць. У 1885 годзе побач з вёскай знаходзілася сядзіба з броварам. Цэнтр Савіцкай воласці, у якую ў 1885 годзе ўваходзілі 18 населеных пунктаў з 824 дварамі. Тысячы дзесяцін зямельных угоддзяў у наваколлях вёскі прыналежалі двараніну Канстанціну Прозару. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы размяшчаліся капліца, народная вучэльня, хлебазапасны магазін, яўрэйская малітоўная хата, 2 крамы, карчма.

У 1926—1987 гадах цэнтр Савіцкага сельсавета. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Савічы», працавалі 2 вятракі (1905, 1909 гг.), крупадрабілка, стальмашня, паравы млын (1918 год), гамарня, воўначасальня.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала падпольная група, якую ўзначальвалі С. І. і Ф. І. Філіпенка. Увесну 1942 года падпольшчыкі разам з партызанамі разграмілі варожы гарнізон, маслазавод і знішчылі будынак валасной управы. Карнікі расстралялі і спалілі 33 жыхара (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі). Побач з брацкай магілай пахаваны 11 салдат і 8 партызан атрада імя Г. І. Катоўскага, якія загінулі ў бою за вызваленне вёскі[4].

У 1959 годзе — цэнтр саўгаса «Савічы». Працавалі камбінат побытавага абслугоўвання, ляснікоўства, пільня, млын, сярэдняя школа, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 крамы.

Насельніцтва

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання частка жыхароў (373 сем’і) пераселены ў чыстыя месцы.

Колькасць

  • 2004 год — 50 гаспадарак, 86 жыхароў.

Дынаміка

  • 1850 год — 66 двароў.
  • 1885 год — 94 двары, 580 жыхароў.
  • 1897 год — 127 двароў, 812 жыхароў (паводле перапісу). У сядзібе 3 двары, 41 жыхар
  • 1908 год — 175 двароў, 874 жыхара.
  • 1959 год — 1305 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 50 гаспадарак, 86 жыхароў.

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. «Об изменении административно-территориального устройства Брагинского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 276 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  3. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 30
  4. Брагінскае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 63.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі:
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты Брагінскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Месцы беларускія» miescy.viedy.be