Себеж
Себеж (руск.: Себеж) — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 6,7 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў 1414 годзе.
Геаграфія
Горад размешчаны за 180 км ад Пскова, за 600 км ад Масквы, за 450 км ад Санкт-Пецярбурга на беразе Себежскага возера і возера Арано.
Рэльеф узгорысты. Непадалёк ад Себежа маецца значная гара «Уздыхалінка»[2].
Клімат пераходны ад умерана марскога да ўмерана кантынентальнага, з мяккай зімой і цёплым летам. Ападкаў найбольш выпадае ўлетку і рана ўвосень. Сярэдняя хуткасць ветру — 3,9 м/с, вільготнасць паветра — 78 %.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Себеж датуецца 1414 годам, калі яго здабыў вялікі князь Вітаўт, ідучы ў паход на Пскоў. Згодна з трактатам, паміж вялікім князем Казімірам і маскоўскім гаспадаром Васілём Васілевічам Цёмным Вялікае Княства Літоўскае страціла свой уплыў на Ноўгарад Вялікі і Пскоў, але захавала за сабою Себеж. У 1535 годзе маскоўскія войскі на чале з Васілём Шуйскім захапілі ваколіцы горада. Па загаду ваяводы на беразе Себежскага возера збудавалі замак, які атрымаў назву Новы Себеж, або Іван-горад. У 1536 годзе сам горад трапіў пад уладу Масквы.
Згодна з Дэулінскім перамір’ем (1618) Себеж вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Станам на 1619 год, паводле інвентара, тут было 9 вуліц, 6 цэркваў і манастыр[3]. 22 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі постаць Самсона, які дужаецца з ільвом»[4]. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Себеж, але ў 1661 годзе мясцовыя жыхары перадалі горад войску Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з дамовай 1676 года Себеж вярнуўся ў склад Рэчы Паспалітай[3]. У канцы ХVII стагоддзя тут было 300 будынкаў[3].
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) двойчы ў 1705 і 1707 гадах Себеж займалі расійскія войскі Пятра I. Станам на 1755 год горад налічваў 150 будынкаў.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Себеж разам з большай часткай Полацкага ваяводства апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. У пачатку XIX стагоддзz тут існавала 5 скарбавых будынкаў (з якіх адзін быў мураваны), прыватных — 202 (3 мураваныя), крамаў — 2, столькі ж цэркваў і касцёл. У маі 1885 года ў горадзе здарыўся страшэнны пажар, які знішчыў каля 600 будынкаў.
З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Себеж меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.
З 1924 года ў Пскоўскай губерні. У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Себеж у склад БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[5].
Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі (1927—1930, 1935—1938) у складзе Ленінградскай вобласці (1927—1929) і Заходняй вобласці (1929—1935), Калінінскай вобласці (1935—1944).
У Другую сусветную вайну з 9 ліпеня 1941 года да 17 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957), з 1957 года — Пскоўскай вобласці.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1780 — 418 чал., з якіх 361 хрысціян і 57 іўдзеяў[6]; 1799 — 1711 чал.[4]
- XIX стагоддзе: 1801 — 2064 чал.[4]; 1867 — 2909 чал., з іх 205 каталікоў, 19 пратэстантаў і 1189 іўдзеяў[6]; 1886 — 4051 чал., з іх 1214 праваслаўных, 393 каталікі, 7 стараабрадцаў, 1 пратэстант і 2436 іўдзеяў[6]; 1894 — 4344 чал. (2089 муж. і 2255 жан.), з іх праваслаўныя складалі каля 25 %, каталікі 11 %, іўдзеі 61 %, іншай веры да 3 %; мяшчане складалі 86 % ад усяго насельніцтва[7]
- XX стагоддзе: 1926 — 5,5 тыс. чал.; 1959 — 6994 чал.[8]; 1979 — 10,5 тыс. чал.; 1993 — 9,2 тыс. чал.[9]
- XXI стагоддзе: 2002 — 7198 чал.[10]; 2009 — 6263 чал.
Эканоміка
Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы лясной, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Славутасці
- Себежскі краязнаўчы музей
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты)
- Замчышча (1535)
- Званіца (XIX ст.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Святога Антонія (1625; цяпер царква Св. Тройцы МП)
- Могілкі старыя каталіцкія
Страчаная спадчына
- Сабор Раства Хрыстова
- Сінагога
- Царква (грэка-каталіцкая)
- Царква Успення Прасв. Багародзіцы
Вядомыя асобы
- Зіновій Герт (1916—1996) — акцёр тэатра і кіно.
- Абрам Мордухавіч Давыдаў (1899—?) — урач-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1957), прафесар (1959).
- Антон Камінскі (1862—1936) — савецкі кліматолаг.
- Вітальд Рудзінскі (1913—2004) — польскі кампазітар.
- Сямён Тамсінскі (1894—1938) — гісторык, археограф.
Зноскі
- ↑ Численность населения районов Псковской области на 1 января 2010 г. Псковстат
- ↑ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. — 307 с.
- 1 2 3 ЭнцВКЛ, 2005
- 1 2 3 Себеж // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
- 1 2 3 Siebież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 484
- ↑ Себеж // Себеж // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года Архівавана 5 лістапада 2012.
- ↑ Себеж // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Всероссийская перепись населения 2002 года Архівавана 21 красавіка 2013.
Літаратура
- Варонін В. Себеж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 561. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Siebież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 484—488.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Себеж
- г. Себеж на Radzima.org
- Азёрны Себежскі край Архівавана 15 верасня 2009. // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 студзеня 2009
- Афіцыйны сайт горада (руск.)
- Себежскі краязнаўчы музей (руск.)
Катэгорыя·Населеныя пункты Пскоўскай вобласці Катэгорыя·Населеныя пункты Себежскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта Катэгорыя·Пасёлкі гарадскога тыпу Пскоўскай вобласці Катэгорыя·Раёны Пскоўскай вобласці
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.