Слабодка (Акцябрскі раён)
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Слабодка.
Слабо́дка[2] (трансліт.: Slabodka, руск.: Слободка) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Пратасаўскага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 34 км на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 21 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Гідраграфія
На поўначы меліярацыйныя каналы.
Экалогія і прырода
На ўсходзе і поўдні мяжуе з лесам.
Транспартная сетка
Побач аўтадарога Парычы — Акцябрскі.
Інфармацыя
Планіроўка складаецца з прамалінейнай мерыдыянальнай вуліцы, якая на поўдні далучаецца да цэнтра ледзь скрыўленай шыротнай вуліцы. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу. У складзе сельскагаспадарчага ДП «Майсееўка» з цэнтрам у аднайменнай вёсцы. Клуб, крама.
Помнік «Беларусь партызанская». За 0,5 км на ўсход ад вёскі. Устаноўлены ў гонар баявых дзеянняў савецкіх воінаў і партызан Акцябршчыны і на ўшанаванне памяці воінаў-вызваліцеляў і народных мсціўцаў, што загінулі на тэрыторыі раёна ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1982 годзе насыпаны курган, на вяршыні якога ўстаноўлена скульптура жанчыны з вінтоўкай і хлопчыка.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя. Па каралеўскаму прывілею 1775 года ў валоданні абознага літоўскага М. С. Лапаты. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У XIX стагоддзі ў складзе маёнтка Качай-Балота, пасля — дзяржаўнае ўладанне. На 1870 год належала да Зелянковіцкай сельскай грамады Брожскай воласці Бабруйскага павета і была прыпісана да Зелянковіцкай праваслаўнай царквы. Па стану на 1897 год Слабодка (яна ж Качай-Балотная Слабодка) — у Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1921 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа. На 1925 год у Раманішчаўскім сельсавеце Парыцкага раёна Бабруйскай акругі. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў вёсцы. У красавіку 1942 года карнікі спалілі 6 двароў і забілі 34 жыхары. У 1944 годзе акупанты стварылі тут канцлагер, дзе ўтрымоўваліся 3000 чалавек, якія выкарыстоўваліся на працах па пабудове абарончых збудаванняў. 24 жыхары загінулі на фронце.
Насельніцтва
Колькасць
- 2011 год — 34 двары, 46 жыхароў.
Дынаміка
- 1795 год — 7 двароў, 69 жыхароў.
- 1844 год — 9 двароў.
- 1897 год — 27 двароў, 203 жыхары (паводле перапісу).
- 1925 год — 70 двароў.
- 1940 год — 80 двароў, 350 жыхароў.
- 1959 год — 374 жыхары (паводле перапісу).
- 1997 год — 54 двары, 105 жыхароў.
- 2004 год — 47 гаспадарак, 82 жыхары.
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Зноскі
- ↑ Дадзеныя сельсавета на 1 студзеня 2011 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Слабодка (Акцябрскі раён)
Катэгорыя·Населеныя пункты Акцябрскага раёна Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.